Не толькі арыфметычныя, але і гістарычныя карані цікавяць матэматыка з Нясяцкай школы Уладзіміра Каплярчука

- 16:06Образование

Не толькі арыфметычныя, але і гістарычныя карані вельмі цікавяць настаўніка матэматыкі Нясяцкай школы Клічаўскага раёна Уладзіміра Каплярчука. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Шмат гадоў ён прысвяціў вывучэнню этнаграфіі Клічаўшчыны і прыцягвае да гэтай дзейнасці вучняў: праводзіць з імі тэматычныя заняткі, вывучае старажытныя карты, піша даследчыя работы. Лічыць, каб выхаваць гарманічную асобу, адукацыя павінна быць рознабаковай: трэба і навуковымі ведамі валодаць, і памятаць пра родныя карані.

— Сам я не з гэтых мясцін, але ўжо шмат гадоў жыву тут, у гэтай школе працую больш за 30 гадоў, з іх 20 быў дырэктарам, — адзначае Уладзімір Міхайлавіч. — За гэты час усё тут стала родным, і захацелася больш даведацца пра гістарычныя таямніцы Клічаўшчыны, якіх нямала. Памятаю, гадоў 20 назад на кургане ў лясочку, што тут непадалёк, ля вёскі Буднева, нашы навучэнцы праводзілі вучэбныя раскопкі. І знайшлі шкляныя пацеркі старажытных часоў, яшчэ нейкія ўпрыгажэнні. З таго, можна сказаць, усё і пачалося — рэгулярна праводзім з вучнямі заняткі па этнаграфіі раёна. Так, некалькі гадоў назад аформілі даследчую работу пра назву нашага аграгарадка Нясята, дзе прывялі некалькі тлумачэнняў, адкуль яна пайшла. Галоўная версія — гідралагічная, ад назвы ракі Нясята. Але і яна ж ад чагосьці пайшла. Старыя людзі ўспамінаюць, што праз гэтую раку некалі быў драўляны мост, які ўвесь час разбурала вада, і месца забалочвалася. Таму людзям прыходзілася ў руках пераносіць праз раку свае рэчы. Магчыма, назва ідзе ад слова “пераносіць”. Яшчэ адна версія — паходжанне ад балцкага слова, якое азначае “нябедны”: напэўна, тут жылі заможныя людзі. Дарэчы, яна падыходзіць і да назвы нашага знакамітага Нясвіжа. Існуе і яшчэ некалькі версій.

Уладзімір Каплярчук пад­крэс­лівае, што перш за ўсё ён матэматык і фізік, праводзіць з вучнямі сур’ёзную навуковую работу, вядзе факультатывы, рыхтуе пераможцаў прадметных алімпіяд абласнога ўзроўню. А захапленне гісторыяй і этнаграфіяй ідзе паралельна.

— Гэтая зямля мне блізкая, — заўважае настаўнік. — Яна нечым падобная на мясціны майго дзяцінства пад Клецкам, дзе я вырас. Тут мне ўсё цікава. Напрыклад, нядаўна знайшоў непадалёк каменьчык незвычайнай формы, зацікавіўся — чым не падстава для даследавання? Ёсць прыказка: “Няма дрэва без каранёў”. Вось і я лічу, што на Радзіме не бывае дробязей, кожная дэталь важная і вартая нашай увагі.

Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота прадастаўлена суразмоўнікам
Фота на прэўю pixabay.com, носіць ілюстрацыйны характар