Не толькі калегі, але і сябры

- 12:06Актуально, Апошнія запісы, Рознае

У рамках ІІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў БДУ адбылося пасяджэнне адной з яго секцый, прысвечанай расійска-беларускаму супрацоўніцтву ў адукацыйнай сферы, стану спраў і перспектывам яго развіцця на найбліжэйшы час. Размова вялося не толькі сярод прадстаўнікоў сферы адукацыі абедзвюх краін, непасрэдна кіраўнікоў навучальных устаноў, але і сярод сенатараў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі. Галіновыя міністэрствы прадстаўлялі: з беларускага боку — першы намеснік міністра адукацыі В.А.Богуш, а з расійскага — намеснік міністра адукацыі і навукі В.Ш.Каганаў.

Сёння не трэба прыводзіць дадатковыя доказы таго, наколькі важную ролю адыгрывае супрацоўніцтва паміж краінамі-суседзямі — Расіяй і Беларуссю. У рамках рэалізацыі Канцэпцыі развіцця Саюзнай дзяржавы адбылося настолькі моцнае збліжэнне Расіі і Беларусі, што можна па праве канстатаваць, наколькі яно сталае і доўгатэрміновае. Напэўна, сёння важней выпрацоўваць новыя формы гэтага ўзаемадзеяння, шукаць тыя падыходы, якія б найбольш эфектыўна ўплывалі на паспяховае развіццё дзвюх краін. Пацвярджэннем гэтага з’яўляецца міжрэгіянальнае супрацоўніцтва паміж краінамі як надзейны механізм узаемадзеяння ў розных сферах дзейнасці, асабліва ў адукацыйнай галіне. Усе 6 абласцей нашай краіны і Мінск супрацоўнічаюць з 68 суб’ектамі Расійскай Федэрацыі. Кантакты наладжаны па ўсіх узроўнях адукацыі, пачынаючы ад дашкольнай і заканчваючы вышэйшай. Апошнім часам супрацоўніцтва стала насіць больш канкрэтны характар, сувязі мацуюць непасрэдна ўстановы адукацыі.

На пасяджэнні секцыі былі прадстаўлены вынікі работы па ўсіх узроўнях адукацыі, была закранута тэма якасці навучання, павышэння статусу педагагічных работнікаў, асаблівасцей работы з адоранымі дзецьмі і шэраг іншых пытанняў.

В.А.Богуш адзначыў, што паміж краінамі выпрацавана ўзгодненая дзяржаўная палітыка ў сферы адукацыі, існуе гарманізаваная нарматыўная база, якая дазваляе краінам працаваць ва ўнісон. Як вядома, сёння ажыццёўлены пераход да шматступеньчатай сістэмы вышэйшай адукацыі, навучанне вядзецца па адукацыйных стандартах трэцяга пакалення, у тым ліку заснаваных на выкарыстанні крэдытна-модульнай сістэмы. Больш за тое, удзел Беларусі і Расіі ў Балонскім працэсе дазваляе абедзвюм краінам мець пляцоўку на еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, дзе можна рэкламаваць нацыянальную адукацыю і распаўсюджваць свой вопыт.

В.А.Богуш сказаў, што існуе неабходнасць распрацоўкі адпаведнай нарматыўнай базы, якая б рэгулявала рэалізацыю навучання ў галіне высокатэхналагічных навукаёмістых спецыяльнасцей у ВНУ Расіі і Беларусі.
“Мы таксама зацікаўлены ў падрыхтоўцы кадраў для інавацыйнай эканомікі, — зазначыў В.Ш.Каганаў. — Было б мэтазгодным весці гэтую работу сумесна і знаходзіць тыя шляхі, якія б былі найбольш эфектыўнымі і карыснымі для нашых краін”.

Моладзі Беларусі будзе прадастаўлена магчымасць вучыцца ў вядучых ВНУ Расійскай Федэрацыі па самых запатрабаваных спецыяльнасцях, у тым ліку для інавацыйнай эканомікі згодна з дзяржаўным заказам на падрыхтоўку кадраў.

Рэктар РІПА А.Х.Шкляр пацвердзіў, што сёння паміж краінамі існуе агульная эканамічная прастора і пытанне падрыхтоўкі кадраў для высокатэхналагічных навукаёмістых вытворчасцей аднолькава актуальнае для Беларусі і Расіі. У Праграме развіцця прамысловага комплексу нашай краіны да 2020 года плануецца стварэнне і мадэрнізацыя 400 тысяч высокапрадукцыйных рабочых месцаў, што патрабуе падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі каля 620 тысяч чалавек, у тым ліку спецыялістаў для высокатэхналагічных і навукаёмістых вытворчасцей. У Расійскай Федэрацыі зацверджаны спіс 50 самых запатрабаваных спецыяльнасцей, у тым ліку і для такіх вытворчасцей. Створана 25 мільёнаў новых рабочых месцаў. Адпаведныя структурныя змяненні былі праведзены і ў нашай краіне, і сёння ў сістэме прафесійнай адукацыі ўкаранёна больш за 17 новых спецыяльнасцей згодна з патрэбамі эканомікі.

— Інавацыйнае развіццё эканомікі мы можам ажыццявіць толькі пры наяўнасці якасных працоўных рэсурсаў, — адзначыў Аркадзь Ханонавіч. — Пераўтварэнні павінны насіць сістэмны характар і распаўсюджвацца на ўсе кампаненты прафесійнай адукацыі, закранаць мадэлі падрыхтоўкі спецыялістаў, адукацыйнага працэсу і адукацыйнага асяроддзя.

Як заўважыў рэктар РІПА, установы прафесійнай адукацыі павінны быць гатовы да трансфармацыі адукацыйнага працэсу на аснове распрацаваных у Беларусі і Расіі нацыянальных сістэм кваліфікацый. Расійская Федэрацыя мае каля 800 прафесійных стандартаў, тут займаюцца пытаннямі развіцця незалежнай сістэмы кваліфікацый, і гэта накладвае на нашу краіну адпаведныя патрабаванні, над якімі трэба працаваць разам з расійскімі калегамі. Прафесійная адукацыя нашай краіны ідзе па шляху стварэння эксперыментальных вучэбна-вытворчых кластараў, якія будуць удзельнічаць у распрацоўцы нацыянальнай сістэмы класіфікацый, прафесійных стандартаў на аснове вывучэння патрэб рынку працы.

— Для вырашэння задач прафесійнай школы мы прапаноўваем сумесную распрацоўку праекта па гарманізацыі падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў для высокапрадукцыйных і навукаёмістых вытворчасцей нашых краін, — паведаміў А.Х.Шкляр. — Гэтая работа патрэбна для таго, каб можна было ажыццявіць падрыхтоўку спецыялістаў для 5 і 6 тэхналагічных укладаў і такім чынам задаволіць патрэбы інавацыйнай эканомікі і забяспечыць эканамічны рост нашых краін.

Пытанне якасці адукацыі таксама было ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў пасяджэння. С.В.Уклейка, начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі нашай краіны, заўважыла, што ў Рэспубліцы Беларусь павышэнне якасці адукацыі вядзецца па двух кірунках — удасканаленне навукова-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу і павышэнне ўзроўню прафесійнай падрыхтоўкі педагогаў. Гэта падразумявае распрацоўку прынцыпова новых вучэбных планаў і праграм. Галоўнае патрабаванне да новага пакалення вучэбна-праграмнай дакументацыі — гэта гібкасць і дыферэнцыраванасць. Яе стварэнне патрабуе адпаведных даследаванняў, далучэння да іх педагогаў-практыкаў, змянення падыходаў да арганізацыі эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці, якую трэба разглядаць не як платформу для апрабацыі вынікаў даследаванняў, а як аснову і практычны матэрыял для гэтых даследаванняў. Усё гэта патрабуе новай прафесійнай падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі педагогаў. Асноўны рэзерв для гэтага трэба шукаць не толькі ў рэспубліканскіх і рэгіянальных установах дадатковай адукацыі, але і ў эфектыўнай арганізацыі метадычнай работы на ўзроўні канкрэтнага рэгіёна і канкрэтнай установы адукацыі.

Па словах дырэктара дэпартамента кантролю якасці адукацыі галіновага міністэрства нашай краіны У.М.Здановіча, без належнага кантролю і нагляду ў гэтай сферы з боку як дзяржавы, так і грамадства не абысціся.

Менавіта для гэтага праводзяцца ліцэнзаванне і акрэдытацыя, падчас якіх ацэньваюцца практычна ўсе складнікі якасці: створаныя ўмовы, адукацыйны працэс і вынік адукацыйнай дзейнасці. У сувязі з тым, што ў Беларусі праводзіцца толькі абавязковая дзяржаўная акрэдытацыя, а ў Расіі нароўні з ёй нарматыўна замацаваны яшчэ і добраахвотныя грамадская і прафесійна-грамадская акрэдытацыі, а таксама абавязковая незалежная ацэнка, якая ажыццяўляецца грамадскімі саветамі, сфарміраванымі органамі дзяржаўнай улады, нашай краіне цікавы для ўкаранення і такі механізм забеспячэння якасці адукацыі. Цяпер абедзвюма краінамі прапрацоўваецца пытанне аб правядзенні сумесных акрэдытацый.

Іх правядзенне дазволіла б выпрацаваць адзіныя падыходы ў іх супастаўнасці; развіць супрацоўніцтва паміж нашымі акрэдытуючымі арганізацыямі; павысіць кампетэнтнасць экспертаў; ажыццяўляць абмен метадычнымі матэрыяламі, базамі даных, уключаючы інфармацыю пра розныя аспекты акрэдытацыйнай дзейнасці ў сферы адукацыі. А ў цэлым такі крок спрыяў бы павышэнню якасці адукацыі, развіццю і ўмацаванню адносін у гэтай галіне паміж нашымі дзяржавамі.

Па шэрагу кірункаў супрацоўніцтва паміж бакамі былі падпісаны адпаведныя пагадненні. У рамках секцыі былі праведзены сумесныя пасяджэнні саветаў дырэктараў устаноў прафесійнай адукацыі, Каардынацыйнага савета па дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, круглы стол па сеткавым узаемадзеянні ўніверсітэтаў.

Ала КЛЮЙКО.
Фота БелТА.