Не толькі працавік і фізрук

- 9:04Выбар прафесіі

“Няма розніцы, хто будзе кантактаваць з дзецьмі — настаўнік ці настаўніца, важна, каб гэта была асоба, — лічаць героі матэрыялу — хлопцы, якія ў найбліжэйшай будучыні стануць педагогамі. — Спадзяёмся, наш прыклад зможа павярнуць некага да прафесіі”.

Трэцякурснік прыродазнаўчага факультэта БДПУ Мі­калай Жураўкін характарызуе сябе як актыўнага, мэтанакіраванага і камунікабельнага юнака, гатовага прыйсці на дапамогу. Сябры дамалёўваюць яго партрэт такімі якасцямі, як весялосць, спагадлівасць і адказнасць.

Прыродазнаўчымі навукамі Коля зацікавіўся ў сярэднім школьным узросце. І біялогія, якую хлопчык вылучыў сярод іншых прадметаў, непрыкметна стала часткай яго. Магчыма, дзякуючы гэтаму, з’явілася цікавасць да фатаграфіі — “так, для душы”, як гаворыць студэнт. Пасля 9 класа юнак пачуў пра наборы ў педагагічныя класы і адправіўся вучыцца ў ліцэй Барысава. Так пачалося насычанае жыццё: удзел у днях спорту, “Хвіліне славы”, пасвячэнне ў ліцэісты. Надоўга ў памяці застануцца паездкі з класам у Віцебск, Гродна, Брэст. У такім тэмпе напрыканцы 11 класа ідэя стаць педагогам замацавалася ў свядомасці падлетка: вырашана — зроблена.

Даведаўшыся пра залічэнне, першае, што адчуў хлопец, — няўпэўненасць. Асабліва гэта выявілася, калі толькі знаёміўся з універсітэтам. Найперш дасаджала думка: “А можа, я памыляюся?” Хутка гэтае пачуццё змянілася радасцю, бо Мікалай трапіў у сваё асяроддзе.

“Адразу няпроста прывыкнуць да стомленасці ў канцы вучэбнага дня: пасля школьных 45 хвілін урока гадзіна дваццаць падаюцца нечым цяжкапад’ёмным і памножаным на тры ці чатыры (па колькасці пар). Стан “спаць без задніх ног” у гэты час хранічны. Здаецца, добра, што ва ўніверсітэце не задаюць дамашніх заданняў. Так, пакуль не прыходзіцца рыхтавацца да семінараў і самастойна разбіраць незразумелыя матэрыялы. Калі ўзнікалі нейкія цяжкасці (а ў першыя месяцы яны былі), іх дапамагалі вырашыць. Цяпер пачуццё таго, што я на сваім месцы, павялічылася ў сто, а можа, у тысячу разоў: у мяне з’явілася шмат сяброў, знайшліся новыя заняткі. І ніякіх цяжкасцей — нездарма ж 3 курс!”

З прыходам ва ўніверсітэт хлопец працягнуў актыўнае жыццё. Удзе­л у КВЗ, пасвячэнне ў першакурснікі, валанцёрства, удзел у студэнцкіх арганізацыях. Нядаўна ў сувязі з гэтым трэцякурсніку ўручылі падзяку Міністэрства адукацыі.

“Калі даведаўся, што мне яе ўручаць, здзівіўся. Такі ж студэнт, як усе. Але ў любым выпадку такая адзнака — прыемны бонус у асабістым росце, — гаворыць будучы педагог. — Важна імкнуцца пазнаваць новае, адкрываць для сябе нязведаныя раней галіны, паглыбляцца ў дэталі любога працэсу. Гэта дапамагае ісці далей. Мне здаецца, каб стаць добрым настаўнікам, трэба вучыцца тлумачыць складаныя тэмы проста, на мове вучняў і, вядома, выклікаць іх давер і павагу”.

Як на прафесіянала студэнт раўняецца на сваю сястру, якая працуе кухарам-кандытарам. Яе імкненне павышаць кваліфікацыю блізкае яму. На прыкладзе сястры Мікалай зразумеў: лепшае ў любой дзейнасці — тое, што прафесія прыносіць карысць не толькі яе прадстаўнікам, але і людзям вакол.

Калі вы ўпэўнены ў сваім выбары, не бойцеся цяжкасцей ні ў прафесіі, ні ў спасціжэнні навукі — дзейнічайце. Калі выбіраеш прафесію асэнсавана, не прыходзіцца шкадаваць.

“Дома я ўвесь у справах — недзе папішаш, недзе прагледзіш матэрыялы. Калі працы шмат, то і сшыткі праверыш. Ціхі, адным словам. Усе жартуюць, што я ціхоня да той пары, пакуль не прыйду на вучобу ці на працу, — адразу такі гаваркі станаўлюся. Смяюцца, маўляў, размаўляю толькі ва ўніверсітэце. Родныя кажуць, што я актыўны, лёгкі на пад’ём і гатовы да любога руху. Карацей, на добрым рахунку ў іх”, — расказвае студэнт 4 курса фізіка-матэматычнага факультэта БДПУ Сяргей Касач.

Можа падацца, што гісторыя хлопца падобная на гісторыі многіх яго аднагодкаў ці папярэднікаў, але адрозненні відавочныя ў галоўным — адносінах Сярге­я да настаўніка, успрыманні прафесіі і шляху да яе.

“Я глядзеў на настаўніка як на чалавека, што заўсёды стаіць на ступень вышэй, ведае больш, асобу, якую калі не любяць, то паважаюць. Любіў практычна ўсіх сваіх настаўнікаў, бо ўсе яны вартыя бязмежнай удзячнасці. Многія прафесійныя фішкі па методыцы выкладання пераняты ў іх. Мае настаўнікі, відавочна, зрабілі мяне лепшым”.

Матэматыка ўразіла “дамашняе дзіця” і грунтоўна запаліла ў ім цікавасць — школьнік захацеў дзяліцца сваімі ведамі. Ён прызнаецца, што, калі б выбраў іншую галіну, змог бы з не меншай цікавасцю яе спасцігаць (прафарыентацыйны тэст паказаў, што ў юнака ёсць схільнасці і да хіміі з лінгвістыкай). І тут жа дадае, што не апошнюю ролю ў выбары прадмета адыграла настаўніца матэматыкі школы № 162 Мінска Іна Кірпічэнка.

“Іна Іосіфаўна шмат увагі ўдзяляла маральнаму складніку вучняў. Я бачыў, як настаўнік павінен трымаць сябе, як строіць адносіны з дзецьмі, і цягнуўся за ёй”.

Праўда, лёс не адразу прывёў Сяргея на фізмат БДПУ. Да прыходу сюды ён паспеў павучыцца ў БДУІР. Першы раз, калі выказаў жаданне быць педагогам, баць­кі былі ашаломлены і настаялі на паступленні па спецыяльнасці ІТ-напрамку. Студэнт лічыць, што перашкодзіла яго ненастойлівасць.

“Пасля паўгода вучобы ў БДУІР зразумеў: гэта не маё. Вырашыў, што, калі хачу змагацца за мары, мары павінны змагацца за мяне. Быў час, калі я ўвогуле не хадзіў ва ўніверсітэт, выказваў своеасаблівы байкот. Пасля прыйшоў да бацькоў і другі раз сказаў, што хачу быць настаўнікам. Мама засмуцілася, тата два тыдні не размаўляў са мной. Былі нават спробы зрабіць так, каб я перадумаў. Сышліся на тым, што я сам адказваю за свае ўчынкі і рашэнні. Аднёс дакументы ў БДПУ. Зараз мама і тата разумеюць, што значыць для мяне прафесія, радуюцца, калі ў мяне нешта атрымліваецца”.

У тым, што паступіць, Сяргей асабліва не сумняваўся: за плячыма быў важкі аргумент — залаты медаль пасля школы. Але паведамленне пра залічэнне, атрыманае па пошце, зарадзіла пазітывам. Яно, вынятае з паліцы, і сёння выклікае ўсмешку чацвёртакурсніка.

З новым статусам прыйшлі і новыя думкі: “Я разумеў, што быць настаўнікам нялёгка. Быў страх, што не пацягну. Пужала, што, акрамя працы з вучнямі, трэба будзе весці шмат дакументаў. Гэта прайшло, калі ўсвядоміў: трэба ўмела разлічваць час, не растрачваць яго абы-як. Дзякуючы гэтаму, да выпуску падыходжу ўзброеным. Думаю, таксама загартавала мяне першапачатковая рэакцыя бацькоў”.

Па словах Сяргея, цяжкасці могуць выклікаць і адносіны ўнутры навучальнай установы — уваходжанне ў каманду старэйшых калег, наладжванне зносін з вучнямі і інш. Тут маладому спецыялісту неабходна апірышча, без якога можна нават расчаравацца ў прафесіі. Для Сяргея Касача такой падтрымкай з’яўляецца намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа лёгкай прамысловасці і бытавога абслугоўвання насельніцтва, дзе хлопец працуе, Марына Каравая.

Чацвёртакурснік лічыць, што адносна педагога нельга выкарыстоўваць азначэнне “фанатык” — занадта радыкальна. Лепей так: людзі, якія паважаюць прафесію і хочуць з ёй працаваць. Таксама ён не выкарыстоўвае тэрміны “мужчынская прафесія”, “жаночая прафесія”.

Жыццё Сяргея грунтуецца на трох прынцыпах: не здраджваць блізкім, рабіць любую справу якасна і да канца, з дабром падыходзіць да кожнага чалавека (адзінае, чаго юнак не можа выносіць у адносінах з людзьмі, — непавага). Будучы педагог заўважае, што галоўная ацэнка яго працы — словы ўдзячнасці навучэнцаў пасля заняткаў. На яго думку, ні адна пахвала, якая тычыцца метадалогіі ўрока, не параўнаецца са зваротнай сувяззю ад дзяцей.

Хлопцы, якія трывала надумалі паступаць у БДПУ, мабыць, і так паступяць. Самае важнае — запомніць: калі пачаў, не трэба баяцца. Не бяжыце ад праблем. Калі адчуваеце, што нешта не так, адпусціце, выдыхніце. Рашэнне прыходзіць тады, калі не думаеш пра праблему.

Пры сустрэчы з Уладзімірам Палішчуком, трэцякурснікам філалагічнага факультэта БДУ, першае, што прываблівае ўвагу навакольных, — агністы колер яго валасоў. Многія гавораць, што юнак — сонечны чалавек. Сам ён жартуе, што хутчэй бомба замаруджанага дзеяння, кажа, што можа лёгка ўспыхнуць.

“Бацькі хацелі вырасціць з мяне спартсмена, алімпійскага чэмпіёна, таму я пастаянна займаўся спортам. У два гады завялі на плаванне, якім займаўся 13 гадоў, пасля 4 гады хадзіў на веславанне, валейбол. Але “рэкорд” па працягласці заняткаў паставіў у баскетболе — мяне хапіла аж на два тыдні. Калі пачаў разумець уласныя жаданні, сказаў, што спорту хопіць, і пачаў цікавіцца акцёрскім майстэрствам, развівацца ў розных напрамках”, — успамінае Валодзя.

У 14 гадоў падлетак трапіў у Нацыянальны дзіцячы цэнтр “Зубраня”. Крыху асвойтаўшыся, зразумеў: гэтае месца цудоўна падыходзіць не толькі для адпачынку, але і для працы. Хлопец азнаёміўся з работай валанцёрскага атрада “Крылы”, удзельнікі якога ўлетку працавалі памочнікамі важатых. Неўзабаве Вова сам стаў валанцёрам і хутка ўпэўніўся, што дзеці — яго стыхія (а некалі падумваў стаць доктарам або кухарам).

“Кожны чалавек шукае зборны вобраз, што будзе скіроўваць у прафесіі. Для мяне большасць такіх людзей была сканцэнтравана ў “Зубраняці”. Яны зараджалі нас пазітывам, аддавалі сябе. Асабліва запаў у душу Ігар Мікалаевіч Чэб, — разважае трэцякурснік. — У вучнёўскую пару існаваў жарт: “Мужчыны ў школе: хто яны? Фізрук і працавік?” Стэрэатыпнае ўспрыманне гэтых слоў у лагеры не ўзнікала, а цалкам прайшло ва ўніверсітэце: тут сярод выкладчыкаў мужчын шмат”.

Студэнт прыгадвае, што год паступлення выдаўся маральна няпростым: апошні званок, школьныя экзамены, выпускны, ЦТ, вусны іспыт ва ўніверсітэце. Да таго ж тыдзень, калі чакаў вынікаў, перацякаў у вечнасць: “Калі на выніковым сходзе ў шэрагу залічаных называюць тваё прозвішча, на твары з’яўляецца незразумелая ўсмешка. Хочацца ўсім патэлефанаваць, абняць бацькоў і нарэшце выдыхнуць”.

Першае, што Уладзімір хоча набыць за час вучобы, — педагагічныя навыкі, метады работы з дзецьмі. Філалагічная адукацыя для яго з’яўляецца дадатковым вопытам, што дазваляе развівацца і спатрэбіцца ў далейшым. Можа падацца, што ў такім выпадку больш мэтазгодна было б паступаць у БДПУ, але хлопец першапачаткова вырашыў “штурмаваць” БДУ.

“Я магу паглядзець на свет, пераняць у яго каштоўнае і перанесці гэта на дзіця. Зараз вынік можа быць непрыкметным, але праз 10 гадоў, калі сустрэнеш ужо немаленькага чалавека, плён пакажа сябе. Ты будзеш ведаць, што дапамог. Таму хочацца ўкладваць у дзяцей добрыя якасці, каб у далейшым бачыць, як яны прыжыліся. Перамогі вучняў складаюцца з дробных паражэнняў, але ўсе яны нічога не значаць, калі ў выніку дзіця ўсміхаецца”.

У.Палішчук лічыць, што ключавая праблема студэнтаў педагагічных спецыяльнасцей — у непадрыхтаванасці да ўмоў, якія з’яўляюцца падчас практыкі: “Студэнт прывыкае знаходзіцца ў аўдыторыі, пісаць канспект, а яго пераносяць у клас з дваццаццю дзецьмі, у якіх пытанняў больш, чым іх саміх, у некалькі разоў. Гэтая актыўнасць вучняў спачатку можа спужаць і выклікаць у практыканта супярэчлівыя і нечаканыя эмоцыі”.

Хлопец уяўляе сваё жыццё як фотаздымак, на якім віднеецца вялікі карабель на возеры Нарач. Валодзя тлумачыць гэта па-свойму: “Нарач такая ж вялікая, быццам жыццё. У ёй хаваецца шмат сакрэтаў. Усё вядомае — гэта тое, што пражыў, таямніцы — тое, што наперадзе. А на караблі заўсёды знаходзяцца дарагія мне людзі”.

Нехта скажа не спыняцца ў сваёй прафесіі і ісці да мары. Я раю найперш праверыць, ці сапраўды вы бачыце сябе ў ёй. У школе яшчэ можна памыліцца, але калі прафесія будзе выбрана і не стане любімай, сваім прыкладам вы рызыкуеце нанесці шкоду, нават назаўсёды адвярнуць ад яе вучняў. Помніце, што ў вачах дзяцей вы будзеце не тым, кім захочаце здавацца, а паўстанеце такім, які ёсць.

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара і з асабістага архіва М.ЖУРАЎКІНА.