Не толькі растлумачыць, але і дапамагчы ў вырашэнні праблемы

Аператыўнасць, адказнасць і добрасумленнасць павінны быць асноўнымі крытэрыямі пры рабоце са зваротамі грамадзян. На гэтым акцэнтаваў увагу прадстаўнікоў абласных, гарадскіх і раённых службаў па выніках прамой тэлефоннай лініі старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік.

Свае пытанні губернатару змаглі задаць 22 жыхары рэгіёна. Асноўныя тэмы, якія ўзнімалі грамадзяне, — зямельныя і маёмасныя спрэчкі, аспекты ўступлення ў правы на спадчыну, камунальна-бытавыя праблемы, пытанні стану дарог і г.д. “Пры рабоце са зваротамі грамадзян, калі вы бачыце, што чалавеку патрэбна дапамога, неабходна дзейнічаць аператыўна. Важна добрасумленна і з усёй адказнасцю падыходзіць да вырашэння пытанняў, якія хвалююць людзей”, — сказаў Уладзімір Дворнік.

Адразу некалькі даручэнняў па выніках прамой лініі былі дадзены землеўпарадчыкам і мясцовым уладам.

Паступалі званкі адносна капітальнага рамонту дамоў. І калі некаторыя грамадзяне скардзіліся на работы, што праводзяцца, то гамяльчанка, якая жыве па вуліцы Валгаградскай, 43Б абласнога цэнтра, выказала словы падзякі і губернатару, і адказным службам. “Капітальны рамонт дома, замена камунікацый, добраўпарадкаванне дзіцячай пляцоўкі і двара, добраўпарадкаванне парковачных месцаў — усё прайшло хутка, зладжана. Гэта сапраўдная камандная работа”, — адзначыла ў тэлефоннай размове жанчына.

Падводзячы вынік прамой лініі, губернатар падкрэсліў: важна, каб менавіта на месцах, у выканкамах аказвалі максімальнае садзейнічанне людзям у вырашэнні іх праблем. “Трэба не толькі даць пісьмовы адказ, растлумачэнне на пытанне, якое паступіць, але і там, дзе патрабуецца, гэта ў першую чаргу датычыцца пажылых грамадзян, людзей з інваліднасцю, аказаць садзейнічанне і суправаджэнне ў вырашэнні той ці іншай тэмы”, — рэзюмаваў кіраўнік рэгіёна.