Не толькі школа

- 10:40Выхаваўчая прастора

У аграгарадку Барздоўка Аршанскага раёна пасля рэканструкцыі і капітальнага рамонту адкрыты Цэнтр адукацыйных, культурных і сацыяльных паслуг.

На карце Віцебшчыны з’явіўся ўнікальны сацыякультурны аб’ект. Дзейнічае цэнтр на базе Барздоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы, але сферай адукацыі яго мэтавае прызначэнне не абмяжоўваецца. У адноўленым будынку былога Дома культуры 1971 года пабудовы абсталяваны спартыўная і актавая залы, танцавальны клас, камбінаваная майстэрня па апрацоўцы металу і драўніны, майстэрні па кулінарыі і апрацоўцы тканіны, пакой дзіцячых і маладзёжных аб’яднанняў, інтэграваная бібліятэка, якую наведва­юць навучэнцы і мясцовыя жыхары.

— Хачу падзякаваць усім, хто меў дачыненне да набліжэння гэтай святочнай і знакавай падзеі, найперш Віцебскаму аблвыканкаму і Аршанскаму райвыканкаму, за цудоўны падарунак практычна да пачатку новага навучальнага года, які дазволіць больш якасна вучыць і выхоў­ваць нашых дзяцей, — пракаменціраваў адкрыццё начальнік упраўлення па адукацыі Аршанскага райвыканкама Андрэй Загурскі. — Работы на аб’екце ішлі на працягу амаль двух гадоў, на іх ажыццяўленне выдаткавана каля 1,5 мільёна рублёў. У мінулым годзе абсталявана спартыўная пляцоўка і вулічныя трэнажоры. Новы цэнтр расчыніў свае дзверы як для навучэнцаў, так і для дарослых па розных напрамках дзейнасці. Для гэтага набыта ўсё неабходнае, тут вытрыманы пэўны эталон. Адкрытая для школы і насельніцтва спартыўная зала поўнасцю ўкамплектавана адпаведным інвентаром. Пад адным дахам з установай адукацыі размясціліся фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне паштовай сувязі, сельскі Дом культуры. Несумненна, цэнтр паспрыяе далейшаму росквіту населенага пункта.

Барздоўка мае добрыя перспектывы на будучыню. Як расказаў старшыня Аршанскага райвыканкама Ігар Ісачанка, за апошні час сюды правялі газ, рэканструявалі шасцікватэрны жылы дом для спецыялістаў, набылі новую тэхніку і прывялі ў парадак майстэрні мясцовага сельскагаспадарчага прадпрыемства, адрамантавалі школу. Павялічваецца і колькасць рабочых месцаў: непадалёк аграгарадка ўзводзіцца рабатызаваны малочнатаварны комплекс на дзве тысячы галоў дойнага статка, наступным годам пачнецца будаўніцтва новага сучаснага свінакомплексу. Адкрыццё сацыякультурнага цэнтра — яшчэ адзін крок у напрамку развіцця. У задачах на найбліжэйшую будучыню таксама рэканструкцыя будынка сельскага Савета, рамонт дзіцячага сада (ва ўнутраных памяшканнях ён праве­дзены, запланавана асучасніць дах і фасад), будаўніцтва жылля; не застанецца па-за ўвагай і сельскі магазін. Прыкладаюцца ўсе намаганні, каб людзі з упэўненасцю глядзелі ў заўтрашні дзень, каб моладзь набывала патрэбныя прафесіі і потым вярталася ў родныя мясціны. Змены ўжо відавочныя.

У мясцовай школе на сёння няма старшых класаў. Але яна захоўвае статус установы агульнай сярэдняй адукацыі, бо ёсць усе падставы прагназаваць: неўзабаве будуць. Па словах дырэктара Наталлі Ліпінскай, зараз заняткі тут наведваюць 60 навучэнцаў і 15 выхаванцаў, падвоз дзяцей арганізаваны на школьным аўтобусе з шасці населеных пунктаў. У педагагічным калектыве пад яе кіраўніцтвам — каманда з 18-і аднадумцаў, нацэленых на выніковую работу.

— Мы ўпэўніліся, што мары спраўджваюцца і планы, якія здаваліся недасяжнымі, увасабляюцца ў жыццё, — усхвалявана прызналася Наталля Аляксандраўна. — А хто ў гэтым дапамагае? Толькі ў казках — добрыя чараўнікі, а ў жыцці — лю­дзі. Гэта бачаць нашы дзеці. Больш моц­ную матывацыю і больш пераканаўчы прыклад цяжка ўявіць. Пастараемся апраўдаць давер.

Галоўны корпус школы размешчаны ў былым адміністрацыйным будынку, дзе раней знаходзілася праўленне калгаса імя Куйбышава. У поўным аб’ёме забяспечыць тут якасны адукацыйны працэс было вельмі складана. Сярод магчымых варыянтаў, як сельскую школу ў непрыстасаваным будынку наблізіць да тыпавых, выбралі аптымальны: у Доме культуры, што побач з установай адукацыі пакрысе прыходзіў у заняпад, адкрыць неабходны школе і запатрабаваны насельніцтвам сацыякультурны цэнтр. Задума зноў жа не з лёгкіх па той прычыне, што першапачаткова там існаваў аб’ект культурнага прызначэння, а трэба было ператварыць яго ў шматпрофільны цэнтр, кожны квадратны метр якога будзе мець карысны функцыянал. Тым не менш вынік гаворыць сам за сябе.

Павіншаваць родную школу са святам завітаў яе былы выпускнік старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Мікалай Шарстнёў. 

— Праект, над якім мы разам шчыравалі, атрымаўся. Гэта не гучныя словы: для вас сёння свята, для мяне — таксама, — звярнуўся да землякоў кіраўнік вобласці. — Пяць гадоў назад я вярнуўся на радзіму. Помню свой першы аб’езд малых населеных пунктаў на ўскраінах вобласці. Яны пакідалі, скажу прама, гаротныя ўражанні: амаль усюды недагледжанасць, бур’ян і кусты, рабочых рук не хапае, гаспадаркі далёка не ў тым стане, у якім яны павінны быць.Тое ж тычылася і Барздоўкі — а гэта ж уязныя вароты з Магілёўскай у Віцебскую вобласць, дзе ў кожнага фарміруецца першае меркаванне аб рэгіёне. Напачатку доўга сумняваўся, з чаго пачынаць, каб зрабіць лепш. І вось менавіта тут я прыняў рашэнне, што ў першую чаргу будзем укладваць сродкі не ў развіццё цэнтра, а ў адраджэнне перыферыі. Мы ўжо прывялі ў парадак Талачын, Копысь, Верхнядзвінск, сёлета завяршаем работы ў Браславе. Барздоўка не з’яўляецца выключэннем: у комплексе яна ператвараецца ў прывабны сучасны аграгарадок, які мае права так называцца, у якім камфорт­на жыць і працаваць. Так, разам, паслядоўна, крок за крокам, год за годам, адраджаем свой край — і я бачу, што ў нас атрымліваецца.

Ганаровае права перарэ­заць сімвалічную чырвоную стужку на ўваходзе было прадастаўлена Мікалаю Шарстнёву, старшыні Аршанскага райвыканкама Ігару Ісачанку, начальніку галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрыю Хому, дырэктару ТДА “Тэзан” Сяргею Аліферу і дэпутату Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў дырэктару ААТ “Агракамбінат “Юбілейны” Аляксандру Фірсіну.

Пасля экскурсіі па цэнтры гаспадары свята запрасілі гасцей у актавую залу. Перад пачаткам святочнага канцэрта адбылася яшчэ адна важная для Барздоўкі падзея: старшыня аблвыканкама перадаў кіраўніку школьнага музея Валерыю Пячонкіну ўзнагароды свайго бацькі. Механізатар калгаса імя Куйбышава Мікалай Яфрэмавіч Шарстнёў — славуты бульбавод, вынаходнік і рацыяналізатар, кіраўнік школы перадавога вопыту —  за вялікія поспехі ў рабоце і працоўную самаадданасць быў удастоены двух ордэнаў Леніна і звання Героя Сацыялістычнай Працы. Яго дасягненні адзначаны шматлікімі медалямі, у тым ліку двума сярэбранымі і адным бронзавым медалём ВДНГ СССР.

— Мы з сям’ёй прынялі такое рашэнне, таму што тут усё жыццё працавалі мае бацька і маці, пачыналі працоўную біяграфію мы з сястрой, тут гадаваліся дзеці, — патлумачыў Мікалай Мікалаевіч. — Напэўна, для нас няма нічога бліжэй за мясціны, дзе мы нарадзіліся, вучыліся і выхоўваліся. Бацька быў членам праўлення калгаса — цяпер у гэтым будынку школа і школьны музей. Няхай ордэны і медалі захоўваюцца там, дзе яны зароблены, дзе бацьку ведаюць і памятаюць. А навучэнцам хачу пажадаць, каб выраслі з іх новыя героі і ардэнаносцы. Трэба працаваць, верыць у сябе — тады прыйдзе поспех.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.