Не толькі стварыць, але і прадаць

- 15:12Суразмоўца

Чаму ІТ-кампаніі зацікаўлены ў падрыхтоўцы эканамістаў-інфарматыкаў

У канцы мінулага года на кафедры эканамічнай інфарматыкі эканамічнага факультэта БДУ быў адкрыты сучасны камп’ютарны клас, апаратнае і праграмнае забеспячэнне якога адпавядае найвышэйшым сусветным стандартам. Спонсарскую дапамогу ў адкрыцці новага класа кафедры аказалі 10 кампаній — рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій. Чаму ІТ-кампаніі так актыўна, фінансава і метадычна, падтрымліваюць эканамічную адукацыю? Пра гэта мы гутарым з загадчыкам кафедры эканамічнай інфарматыкі Дзмітрыем МАРУШКАМ.

— Дзмітрый Аляксандравіч, ваша кафедра з’яўляецца выпускаючай па спецыяльнасці “Эканамічная інфарматыка”. Скажыце, чаго ў ёй больш (усё ж такі ключавое слова — “інфарматыка”) — эканомікі ці інфармацыйных тэхналогій?

— Гэта міждысцыплінарная спецыяльнасць, і я ўпэўнены, што нам удалося знайсці залатую сярэдзіну: мы вучым студэнтаў прапарцыянальна эканоміцы і ІТ. Інфармацыйныя тэхналогіі сёння ў трэндзе, і наша задача — падрыхтаваць дасведчаных спецыялістаў, якія маюць глыбокія эканамічныя веды, разумеюць, як рабіць бізнес з выкарыстаннем сучасных тэхналогій, ведаюць, якія прадукты і сэрвісы запатрабаваны сярод спажыўцоў, і здольны забяспечыць іх продаж. Натуральна, для эфектыўнай работы нашы выпускнікі павінны ўмець узаемадзейнічаць з камандамі распрацоўшчыкаў, якія мысляць тэхнічнымі катэгорыямі.

— Як на практыцы рэалізоўваецца падрыхтоўка такіх спецыялістаў?

— Менавіта праз узаемадзеянне з заказчыкамі кадраў. Напрыклад, разам з кампаніяй WorkFusion наша кафедра рэалізоўвае гібрыдную вучэбную праграму, у рамках якой студэнты эканамічнага факультэта і магістранты ўсіх спецыяльнасцей БДУ, якія здаюць кандыдацкі дыферэнцыраваны залік па асновах інфармацыйных тэхналогій, маюць магчымасць вывучаць лінейку прадуктаў згаданай кампаніі. Гаворка ідзе найперш пра тэхналогіі машыннага навучання і штучнага інтэлекту. Такім чынам, студэнты на рэальных праектах асвойваюць сучасныя праграмныя прадукты і распрацоўваюць уласныя рашэнні.

Пры кафедры эканамічнай інфарматыкі створана лабараторыя “Блокчэйн”, дзе ўсе жадаючыя могуць атрымліваць сучасныя звесткі па гэтай тэхналогіі, знаходзіць кампаніі, зацікаўленыя ў распрацоўшчыках і новых ідэях. Лабараторыя, па вялікім рахунку, ператварылася ў суполку, якая налічвае больш як 120 чалавек. Усе блокчэйн-энтузіясты, прафесіяналы ў гэтай індустрыі звяртаюцца сюды для таго, каб падзяліцца сваімі ведамі, вопытам і адначасова знайсці штосьці новае для сябе.

Перавага гібрыднага падыходу заключаецца ў тым, што некаторыя нашы супрацоўнікі працуюць таксама ў кампаніі WorkFusion. Фармальна гэта выглядае як сумяшчальніцтва, але ў рэальнасці кампанія арыентавана на тое, каб прафесіяналізм універсітэцкіх выкладчыкаў павышаўся і яны ажыццяўлялі больш глыбокую практыка-арыентаваную падрыхтоўку студэнтаў і магістрантаў. Выкладчыкі падмацоўваюць свае веды сур’ёзным міжнародным вопытам (WorkFusion — беларуска-амерыканская кампанія) і потым трансліруюць яго ў студэнцкіх аўдыторыях. Такім чынам, скарачаецца разрыў паміж адукацыяй і вытворчасцю.

Сёння наша кафедра мае 3 філіялы: на беларускім партале TUT.BY, на пляцоўцы экспарцёра банкаўскага праграмнага забеспячэння кампаніі — рэзідэнта Парка высокіх тэхналогій “Форанкс” і ў інавацыйнай асацыяцыі “Рэспубліканскі цэнтр трансферу тэхналогій”, што існуе пры Нацыянальнай акадэміі навук. Праз філіялы кафедра ўзаемадзейнічае са згаданымі арганізацыямі, нашы студэнты праходзяць там практыку, супрацоўнікі ўдзельнічаюць у сумесных праектах.

У адукацыйным працэсе мы актыўна выкарыстоўваем сучасныя метады і падыходы. Гаворка ідзе пра такія формы навучання, як перавернуты клас, выкарыстанне эўрыстычных метадаў навучання, дыстанцыйных тэхналогій. Мы арганізоўваем для студэнтаў экскурсіі на сучасныя IT-прадпрыемствы, запрашаем весці лекцыі вядомых спікераў, прадстаўнікі бізнесу і супрацоўнікі вядучых кампаній працуюць у нас на кафедры па сумяшчальніцтве. Напрыклад, заняткі са студэнтамі праводзяць такія яркія персоны, як намеснік старшыні праўлення нябанкаўскай крэдытнай арганізацыі “Адзіная разліковая і інфармацыйная прастора” (па-руску — ЕРИП) Наталля Штэўніна, заснавальнік і дырэктар маркетынгавай кампаніі “Маклай-клуб” Максім Маклай, кіраўнік падраздзялення па аналізе даных кампаніі InData Labs Сяргей Рабатай, і інш. ІТ-прафесіяналы ахвотна дзеляцца са студэнтамі сваім вопытам, і мы на кафедры імкнёмся, каб практычныя веды былі прыярытэтнымі.

— Класічная ўніверсітэцкая адукацыя мае на ўвазе грунтоўную фундаментальную падрыхтоўку. Як вам удаецца ўмясціць у чатырохгадовы тэрмін практыкаарыентаванасць, якая дапаможа маладому спецыялісту адразу прыступіць да работы, і моцную фундаментальную базу, што дае выпускнікам стратэгічныя перавагі?

— На кафедры працуюць вельмі кваліфікаваныя спецыялісты, кандыдаты і дактары навук, а таксама практыкі, і мы разам абмяркоўваем вучэбныя праграмы. Практыкі ўносяць свае прапановы аб тым, якія інструменты і праграмныя прадукты трэба вывучаць студэнтам нашай спецыяльнасці. Навукоўцы сочаць, каб узмацняўся фундаментальны складнік падрыхтоўкі. Стараемся знайсці патрэбны баланс, і, я лічу, нам удаецца захоўваць лепшыя ўніверсітэцкія традыцыі. Пры гэтым, натуральна, усё павінна эвалюцыяніраваць, мы шырока ўкараняем сучасныя формы і метады навучання.

Інфраструктура на кафедры, дзякуючы спонсарскай падтрымцы, вельмі добрая. Гэта дазваляе нам вучыць студэнтаў самым перадавым тэхналогіям, якія існуюць у свеце, таму іх веды, уменні і навыкі актуальныя не толькі на момант выпуску, але і на заўтрашні дзень. У сферы інфармацыйных тэхналогій узровень канкурэнцыі надзвычай высокі, і наша задача — рыхтаваць спецыялістаў, якія будуць дапамагаць ІТ-кампаніям дасягаць поспеху. І не толькі ў нашай краіне, але і на міжнародных рынках.

— Дзмітрый Аляксандравіч, куды ў першую чаргу ідуць працаваць вашы выпускнікі?

— Не толькі ў выпускнікоў, але і ў студэнтаў спецыяльнасці “Эканамічная інфарматыка” няма праблем з працаўладкаваннем. Многія пачынаюць працаваць ужо на 2 курсе, а на 3-м — уладкаваны практычна ўсе. Нашых выпускнікоў ахвотна бяруць на работу ІТ-кампаніі — рэзідэнты Парка высокіх тэхналогій, банкаўскія і іншыя ўстановы.

Ландшафт прафесій вельмі разнастайны. Выпускнікі працуюць бізнес-аналітыкамі ў галіне інфармацыйных тэхналогій, прадуктовымі менеджарамі, менеджарамі праектаў, SEO- і SMM-спецыялістамі ці ўвогуле інтэрнэт-маркетолагамі. Ёсць сярод іх аналітыкі даных і нават праграмісты. А калі камусьці падабаецца чыста эканамічны профіль, то яны паспяхова ўладкоўваюцца працаваць эканамістамі на прадпрыемствы. Усё залежыць ад асабістых амбіцый, жадання і настрою кожнага выпускніка.
Зараз у галіне інфармацыйных тэхналогій адкрыта шмат вакансій па розных напрамках, і мы на кафедры ставім задачу дапамагчы студэнтам знайсці работу сваёй мары. Не навязваем ім нейкія напрамкі, а вучым і паказваем магчымасці, праводзім розныя міжнародныя мерапрыемствы.

У прыватнасці, хачу ўзгадаць Міжнародную стартап-канферэнцыю BizTech і Міжнародны конкурс стартап-праектаў BizTech BSU StartUp Contest. Дарэчы, гэтыя мерапрыемствы наша кафедра праводзіць не толькі для студэнтаў БДУ, а для ўсіх зацікаўленых студэнтаў краіны і маладых прадпрымальнікаў. Мэта — дапамагчы ім усталяваць кантакты з бізнес-супольнасцю. Ментарамі студэнцкіх стартап-праектаў выступаюць прадстаўнікі бізнесу, якія дапамагаюць, падказваюць, накіроўваюць, — і студэнты пад іх кіраўніцтвам разумеюць, як расціць стартап-праект і дасягаць пастаўленых мэт. Падчас нашых мерапрыемстваў у студэнтаў ёсць магчымасць сустрэцца з патэнцыяльнымі інвестарамі, зацікавіць іх, атрымаць пачатковае фінансаванне.

Мы імкнёмся не толькі да таго, каб нашы выпускнікі маглі атрымаць добрую работу па найме, а каб яны выраслі творчымі ініцыятыўнымі людзьмі, здольнымі пачаць уласную справу. Важна, каб студэнты больш думалі катэгорыямі бізнесу, каб тыя праекты, якія яны рэалізоўваюць, мелі перспектыву манетызацыі і прыносілі карысць грамадству.

— Спецыяльнасць “Эканамічная інфарматыка” — адна з самых запатрабаваных сярод абітурыентаў БДУ: конкурс і высокія прахадныя балы нават на платнае навучанне. Ці не плануеце пашыраць набор?

— Так, летась прахадны бал на бюджэтнае навучанне складаў 376, за кошт аплаты — 280. Мы былі проста ўражаны колькасцю жадаючых паступіць на нашу спецыяльнасць: на 24 платныя месцы прэтэндавала каля 70 чалавек. Таму, сапраўды, думаем пра тое, каб адкрыць яшчэ адну групу. Гэта апраўдана, бо попыт на нашу адукацыю вельмі высокі як з боку абітурыентаў, так і з боку работадаўцаў.

Што да другой ступені, то, акрамя спецыяльнасці “Эканамічная інфарматыка”, распрацоўваем дзве новыя магістарскія праграмы. Адна з іх — сумесна з Белгародскім нацыянальным даследчым універсітэтам (Расія), другая (англамоўная) — сумесна з універсітэтам прыкладных навук горада Вісмар (Германія).

Сумесныя праграмы з замежнымі ўніверсітэтамі — гэта павышэнне кваліфікацыі нашых выкладчыкаў, вывучэнне новых падыходаў, магчымасць прымаць на вучобу замежных студэнтаў і адпраўляць нашых за мяжу. Безумоўна, такія стасункі абагачаюць нашых людзей. Яны адкрыюць для сябе культуру іншай краіны, пашыраць кола знаёмстваў, наладзяць добрыя сувязі, што ў будучыні можа выліцца ў цікавыя праекты і сумесны бізнес. Мы лічым, што трэба больш і лепш расказваць іншым пра Беларусь, каб адкрываць усё новыя магчымасці для развіцця.

У нас на факультэце ёсць прыклады паспяховай рэалізацыі сумесных адукацыйных праграм. У прыватнасці, гаворка ідзе пра міжнародную двухгадовую магістарскую праграму на англійскай мове Industrial Management, якая ажыццяўляецца кафедрай міжнароднага менеджменту ў супрацоўніцтве з універсітэтам прыкладных навук Мітвайда. Выпускнікі атрымліваюць два магістарскія дыпломы — БДУ і нямецкага ўніверсітэта. І вось зараз, з улікам паспяховага вопыту калег, мы рыхтуемся запусціць новую магістарскую праграму ў сферы эканамічнай інфарматыкі.

— Дзмітрый Аляксандравіч, усе ўстановы адукацыі вучаць студэнтаў англійскай мове. Але як зрабіць так, каб яна стала сапраўдным інструментам для іх прафесійнага развіцця?

— Нашы студэнты вывучаюць англійскую мову згодна з вучэбнай праграмай, але частка спецыяльных дысцыплін, пачынаючы з 2—3 курса, выкладаецца ў нас па-англійску. Напрыклад, я чытаю “Праектаванне і эксплуатацыю інфармацыйных сістэм” на англійскай мове. Тут хочаш не хочаш, а вывучыш.

Навошта гэта патрэбна? Сфера інфармацыйных тэхналогій у нашай краіне актыўна развіваецца, каля 90% распрацовак, створаных кампаніямі — рэзідэнтамі Парка высокіх тэхналогій, арыентаваны на экспарт. Гаворка ідзе перш за ўсё пра такія краіны, як ЗША, Вялікабрытанія, Германія і іншыя, што вымагае ад спецыялістаў добрага ведання англійскай мовы. Сёння гэта асноўная мова ў дзелавым асяроддзі ў ІТ-сферы.

Наша кафедра арыентавана на падрыхтоўку высокакваліфікаваных спецыялістаў, якія валодаюць міжнароднай кваліфікацыяй. Гэтым спецыяльнасць “Эканамічная інфарматыка” выгадна адрозніваецца ад іншых (і нават у іншых універсітэтах). Таму ўпэўнены, што спецылізаваныя дысцыпліны адназначна трэба выкладаць па-англійску.

Важна, што студэнты маюць магчымасць не толькі слухаць лекцыі, але і рыхтаваць курсавыя, дыпломныя праекты (і абараняць іх) на англійскай мове. Як вынік, пасля заканчэння вучобы яны значна лягчэй інтэгруюцца ў прафесійнае асяроддзе, бо выдатна ведаюць прафесійную лексіку і не маюць патрэбы ў дадатковых тлумачэннях.

Вядома, мы дубліруем вучэбны матэрыял на рускай мове, таму, калі студэнт мае цяжкасці з англійскай, ён можа вучыцца і атрымліваць патрэбныя веды практычна без абмежаванняў. Але дзеля прафесійнага развіцця, будучага працаўладкавання і пашырэння кар’ерных магчымасцей мы рэкамендуем удасканальваць англійскую мову.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.