— Міжнародны дзень абароны дзяцей — гэта не толькі вялікае свята, але і напамін грамадству пра неабходнасць захоўваць правы дзіцяці, — з такіх слоў пачала сустрэчу з журналістамі начальнік аддзела сацыяльна-педагагічнай работы і аховы дзяцінства Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Маргарыта Іванаўна Матвеенка.
Непаўналетнія ў нашай краіне складаюць 19% ад колькасці ўсяго насельніцтва. Парушэнне правоў юных беларусаў знаходзіцца на сумленні дарослых, перш за ўсё бацькоў, якія не выконваюць свае абавязкі. Так, па словах М.І.Матвеенка, за 2007 — першы квартал 2015 года ў адносінах да 175 814 дзяцей было прызнана, што яны знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Адабраны ў бацькоў у рамках Дэкрэта № 18 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях” у сувязі з пагрозай іх жыццю і здароўю 31 415 дзяцей. А вернуты ў сем’і пасля рэабілітацыйнай работы з сям’ёй 17 754 дзіцяці, або (з 2007 па першы квартал 2015 года ўключна) 58,6%.
Маргарыта Іванаўна расказала, што зараз у Беларусі дзейнічаюць 138 сацыяльна-педагагічных устаноў. Пры іх адкрыты дзіцячыя сацыяльныя прытулкі, толькі ў 2014 годзе рэабілітацыю ў такіх аддзяленнях прайшлі 5360 дзяцей, 1263 дзіцяці і зараз знаходзяцца ў прытулках. З тых дзяцей, якія прытулкі пакінулі, больш за 72% вярнуліся ў родныя сем’і, 1344 дзіцяці аддадзены на выхаванне ў прыёмныя сем’і. За першы квартал бягучага года рэабілітацыю ў сацыяльных прытулках прайшлі 1038 хлопчыкаў і дзяўчынак, 63% з іх вярнуліся ў родныя сем’і, больш за 30% аказаліся ў замяшчальных сем’ях.
— Апекунам, прыёмным бацькам, бацькам-выхавальнікам за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў вяртаюцца выдаткі на жыллёва-камунальныя паслугі, звязаныя з утрыманнем дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, сем’ям, якія прынялі на выхаванне траіх і больш дзяцей з сіроцкай катэгорыі, дзяржава дапамагае ў вырашэнні жыллёвай праблемы, — нагадала Маргарыта Іванаўна.
Зараз, па яе словах, у сем’ях грамадзян Рэспублікі Беларусь на выхаванні знаходзяцца 17 742 дзіцяці-сіраты або дзіцяці, што засталіся без апекі бацькоў.
— Гаворачы пра абарону правоў дзяцей, нельга не ўзгадаць і пра ўсынаўленне малых, — заўважыла М.І.Матвеенка. — Напомню, што ў чэрвені мінулага года кіраўнік дзяржавы падпісаў Указ № 330, па якім, акрамя штомесячных выплат на ўсыноўленае дзіця, усынавіцелі маюць права атрымаць сацыяльны водпуск да 90 каляндарных дзён. Гэтым правам ужо скарысталіся каля 60% сем’яў, якія ўсынавілі дзяцей. Адзін месяц такога адпачынку падтрымліваецца двайной выплатай на ўтрыманне дзіцяці.
Асноўныя тэндэнцыі ў галіне аховы дзяцінства ў Рэспубліцы Беларусь, па словах спецыяліста, такія: скарачэнне колькасці дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў (з 2009 па 2014 год зніжэнне склала 32,4%); скарачэнне колькасці адмоў бацькоў ад дзяцей (з 2002 па 2014 год — у чатыры разы, з 525 да 128 выпадкаў), чаму паспрыяла ўвядзенне матэрыяльнай адказнасці бацькоў па Дэкрэце № 18; змяншэнне колькасці бацькоў, пазбаўленых бацькоўскіх правоў, а таксама павелічэнне выпадкаў аднаўлення бацькоў у бацькоўскіх правах. За ўвесь перыяд дзеяння Дэкрэта № 18 (ён быў падпісаны 24 лістапада 2006 года) такім бацькам вернуты 2905 дзяцей.
А яшчэ Маргарыта Іванаўна паведаміла, што сёлета, хутчэй за ўсё ў кастрычніку, напярэдадні Дня маці, плануецца правесці першы ў гісторыі Беларусі Форум замяшчальных бацькоў. Расказала яна і пра тое, што надыходзячым летам у аздараўленчых летніках адпачнуць больш за 344 тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак, што складае 36% ад агульнай колькасці дзяцей у Беларусі. Сярод тых, хто адпачывае ў летніках, расце колькасць дзяцей-інвалідаў — сёлета плануецца, што іх будзе 4314.
Другая ўдзельніца сустрэчы ў Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь галоўны педыятр Міністэрства аховы здароўя Валянціна Іванаўна Валчок расказала, што наша краіна выйшла на трэцяе месца ў свеце і на першае ў СНД па нізкім узроўні смяротнасці немаўлят і дзяцей. Галоўная прычына дзіцячай смяротнасці пры гэтым — так званыя знешнія прычыны, траўматызм, у дзяцей да года — пападанне ў арганізм іншародных цел. З 2010 года смяротнасць па гэтых прычынах удалося знізіць на 47% (з 344 выпадкаў да 185 у 2014годзе).
Калег дапоўніла кансультант аддзела народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Святлана Іванаўна Коваль:
— У краіне зараз пражывае каля 2 млн 700 тысяч сем’яў. З іх амаль 45% маюць дзяцей да 18 гадоў. Па перапісе 1999 года 56% сем’яў мелі непаўналетніх дзяцей. Кожная пятая беларуская сям’я з дзецьмі няпоўная, кожная трэцяя сям’я, якая выхоўвае дзіця-інваліда, таксама няпоўная.
Спецыяліст нагадала, што ў Беларусі існуе 11 відаў дапамогі на дзяцей і 5 відаў адраснай сацыяльнай дапамогі. Так, аднаразовая дапамога пры нараджэнні першага дзіцяці складае 14 млн 700 тысяч рублёў, пры нараджэнні другога дзіцяці і наступных — 20 млн 600 тысяч. Дапамога на дзіця да трох гадоў залежыць ад сярэднямесячнай зарплаты па краіне і на 40% перавышае бюджэт пражытачнага мінімуму.
А паслугамі нянькі ў першым квартале бягучага года скарысталася 881 сям’я. Права на такую сацыяльную паслугу маюць сем’і, у якіх выхоўваюцца двайняты, трайняты і г.д. да трох гадоў, няпоўныя сем’і, якія выхоўваюць дзіця-інваліда ва ўзросце да чатырох гадоў, і сем’і, якія выхоўваюць дваіх і больш дзяцей-інвалідаў да чатырох гадоў. У будучым, як расказала С.І.Коваль, плануецца пашырыць катэгорыю сем’яў з дзецьмі-інвалідамі, якія маюць права на атрыманне паслугі нянькі па сацыяльна нізкіх расцэнках, а для сем’яў з двайнятамі будуць павышаны часавыя нормы аказання паслуг нянькі — з 12 да 20 гадзін у тыдзень.
— У Беларусі пражываюць 70 тысяч 947 сем’яў, якія выхоўваюць траіх і больш дзяцей, — таксама нагадала спецыяліст. — У сістэму падтрымкі мнагадзетных сем’яў накіроўваюцца значныя інвестыцыі. Так, пры нараджэнні трэцяга дзіцяці дзяржава пагашае 75% ільготнага крэдыту на будаўніцтва жылля, пры нараджэнні чацвёртага і наступных дзяцей — 100%. Сістэма падтрымкі мнагадзетных сем’яў умацавана сёлета ўвядзеннем сямейнага капіталу. На 1 мая ў мясцовыя органы паступілі 1757 заяў аб назначэнні гэтага капіталу. Дэпазітныя рахункі ў Беларусбанку адкрыты 116 сем’ям на агульную суму 1 млн 160 тысяч долараў ЗША.
Марына ХІДДЖАЗ.