Не толькі трансляцыя ведаў

- 10:26Актуально, На парадку дня

Кіраўнікі школ павінны ўмець працаваць у камандзе, крытычна мысліць і вучыць гэтаму дзяцей, а таксама супрацоўнічаць з сем’ёй.

На гэтым падчас раённага семінара кіраўнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, які прайшоў у Смілавічах у Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі імя Хаіма Суціна, зрабіла акцэнт кандыдат педагагічных навук, дацэнт, дырэктар гімназіі № 1 імя Ф.Скарыны Мінска Наталля Бушная.

У пачатку сустрэчы начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Чэрвеньскага райвыканкама Ірына Змачынская расказала, што ў раёне вялікая ўвага ўдзяляецца развіццю адукацыі, у прыватнасці, падбору педагагічных кадраў. 

“Педагогі павінны пастаянна імкнуцца да самаўдасканалення, — сказала І.Змачынская. — Сёння ў нашым раёне працуюць 540 педагогаў. Што тычыцца навучальных устаноў, то ўсяго ў раёне 14 сярэдніх агульнаадукацыйных школ, 13 устаноў дашкольнай адукацыі, 3 установы дадатковай адукацыі. Таксама ў нас працуюць сацыяльна-педагагічны цэнтр, цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі і інш. 

Сёлета ў школах будзе 143 выпускнікі з агульнай сярэдняй адукацыяй, з якіх 15 — прэтэндэнты на атрыманне залатога медаля. 9 класаў заканчваюць 312 выпуснікоў, 18 з якіх прэтэндуюць на атрыманне пасведчання аб базавай адукацыі з адзнакай. З тых навучэнцаў, што заканчваюць 11 класаў, 92 выпускнікі (65%) плануюць паступаць ва УВА. 28% выпускнікоў нашых школ пойдуць вучыцца ў сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы, а 7% пададуць дакументы ў прафесійна-тэхнічныя ўстановы адукацыі. 

Што тычыцца маладых спецыялістаў, то сёлета мы адправілі 127 заявак на размеркаванне ў розныя УВА краіны. Пакуль што задаволены 18 агульных заявак і 10 імянных”. 

Падчас семінара сваім вопытам з калегамі з Чэрвеньскага раёна падзялілася Наталля Бушная, якая кіруе гімназіяй № 1 Мінска больш за 20 гадоў. Звяртаючыся да педагогаў раёна, Н.Бушная сказала, што настаўнікам важна сфарміраваць у навучэнцаў пачуццё адказнасці.

“Мы, усе педагогі, хочам, каб нашы вучні былі адказнымі, крэатыўнымі, актыўнымі, — звярнулася да настаўнікаў Н.Бушная. — Я ўпэўнена, што дзеці павінны развівацца праз творчасць, — яна дае многа магчымасцей для раскрыцця асобы. Што тычыцца настаўнікаў, ім таксама для прафесійнага росту важна развівацца. Гэта значыць, што не трэба шкадаваць часу для свайго культурнага, інтэлектуальнага развіцця. Укладваць у сябе, у сваю асобу трэба пастаянна. Таму тэма, якую сёння абмяркуем, будзе прысвечана развіццю сучаснага кіраўніка, а таксама інавацыйным механізмам кіравання чалавечымі рэсурсамі”.

Закранаючы тэму развіцця сучаснага кіраўніка ўстановы адукацыі, Н.Бушная запэўніла, што канкурэнтаздольны спецыяліст павінен быць у любой сферы, і сістэма адукацыі — не выключэнне.

“Кіраўнікі павінны кампетэнтна арганізоўваць функцыянаванне сваёй навучальнай установы. Таму трэба шукаць унутраныя рэсурсы, якія дазволяць школе развівацца. Атрымліваць добрыя вынікі ўстанове дапамагаюць лідарскія якасці кіраўніка, добра наладжаная сістэма ўзаемадзеяння школы і сям’і, а таксама здаровая псіхалагічная атмасфера ва ўстанове адукацыі. Кіраўнікі павінны ўмець вырашаць праблемы і працаваць у камандзе, крытычна мысліць і вучыць гэтаму дзяцей, а таксама супрацоўнічаць з сям’ёй”, — рэзюмавала педагог.

Сённяшняя школа не павінна арыентавацца выключна на трансляцыю ведаў. А інфармацыю, якую атрымліваюць і знаходзяць навучэнцы і маладыя спецыялісты, яны павінны пераўтвараць у асобасна значныя веды. “Школа страціла манаполію на веды і інфармацыю: адзін клік — і ўсё, што трэба, знаходзіцца ў інтэрнэце. Таму хочацца, каб інфармацыя прыносіла навучэнцам і моладзі карысць, каб яна была не проста інфармацыяй, а трансфармавалася ў веды і адкладвалася ў галаве”, — адзначыла Н.Бушная.

Падчас семінара настаўнікаў цікавілі пытанні канкурэнцыі ў адукацыі і тое, як правільна арганізаваць функцыянаванне школы. 

“Раней мы думалі, што канкурэнцыя і адукацыя несумяшчальныя, але канкурэнцыя павінна быць і ў школе, — гэта дае магчымасць бесперапынна развівацца. Закранаючы тэму арганізацыі функцыянавання ўстановы, трэба адзначыць, што гэтая задача першапачаткова стаіць перад кіраўнікамі. Мы павінны арганізоўваць урокі і факультатывы, харчаванне, падтрымліваць мнагадзетныя сем’і. Але важна зразумець адну цікавую рэч: развіццё школы базіруецца не толькі на гэтым. Вельмі важна падтрымліваць як функцыянаванне ўстановы, так і яе пастаяннае развіццё. Нам, кіраўнікам, неабходна знаходзіць унутраныя рэсурсы ў сваёй арганізацыі, якія б дазволілі ісці наперад і не спыняцца. Дарэчы, развівацца і канкурыраваць установам адукацыі, педагогам дапамагаюць галіновыя выданні, у прыватнасці, “Настаўніцкая газета”. На яе старонках можна знайсці шмат цікавай і патрэбнай інфармацыі, пазнаёміцца з вопытам калег з рэгіёнаў. Такі шанс упускаць нельга,” — зазначыла дырэктар мінскай гімназіі № 1. 

Дарэчы, Наталля Бушная — пастаянны аўтар “Настаўніцкай газеты”, вядучая калонкі. Сваім вопытам супрацоўніцтва з рэдакцыяй дырэктар гімназіі паказвае калегам, што сябраваць з газетай карысна кожнаму педагогу. 

“На старонках выдання заўсёды толькі актуальная інфармацыя і толькі тое, што важна для педагогаў, — патлумачыла Н.Бушная. — Будзе цудоўна, калі мы з вамі будзем сустракаць свае імёны і дзяліцца напрацоўкамі на старонках прафесійнага выдання”.  

Наталля САХНО.
Фота аўтара.