Не толькі вучыць, але і выхоўваць

- 11:30Адукацыйная прастора

Жнівеньскі педагагічны форум “Мінск — горад, які вучыць, горад, які вучыцца”, што прайшоў у сталіцы напярэдадні новага навучальнага года, сабраў больш за 800 педагогаў і спецыялістаў сістэмы адукацыі.

На ім былі падведзены вынікі работы за мінулы год і вызначаны стратэгічныя арыенціры дзейнасці на найбліжэйшую перспектыву. У мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава, міністр адукацыі Ігар Карпенка, старшыня Мінгарвыканкама Анатоль Сівак і інш.

У межах педагагічнага форуму прайшла выстава, на якой былі прэзентаваны дасягненні сістэмы сталічнай адукацыі. Выстава складалася з 8 модуляў, сярод якіх — “Дыстанцыйнае навучанне ў дзеянні”, “Сучаснае лічбавае адукацыйнае асяроддзе”, “Захоўваем спадчыну — ствараем будучыню” , “Прырода вучыць — мы творым” і інш. У модулі “Новыя тэхналогіі — новыя магчымасці” яслямі-садам № 522 былі прадстаўлены інтэрактыўныя гульнявыя сродкі навучання: аўтарскія бізіборды, створаныя па матывах дзіцячых казак, і інтэрактыўны стол з гульнявымі комплексамі. Гімназія № 16 пазнаёміла з вопытам выкарыстання SMART-тэхналогій у працэсе фарміравання камунікатыўна-маўленчых уменняў малодшых школьнікаў на літаратурным чытанні. Відэафрагменты вучэбных заняткаў па выкарыстанні элементаў тэхналогіі гейміфікацыі на ўроках замежнай мовы прапанавала метадычнае аб’яднанне настаўнікаў англійскай мовы гімназіі № 192. Тэхналогію вэб-квеста, якая дазваляе падтрымліваць цікавасць вучняў і актывізаваць іх пазнавальны інтарэс, прэзентавала сярэдняя школа № 191. Прайсці вэб-квест “Першабытнасць на беларускіх землях” можна было ў рэжыме рэальнага часу.

Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі ў модулі “Дыстанцыйнае навучанне ў дзеянні” прадставіў высокатэхналагічнае адукацыйнае асяроддзе сталіцы. Элементы дыстанцыйных тэхналогій і навучання на адлегласці прадстаўлены на гарадскім метадычным партале і ў гарадской сістэме дыстанцыйнага навучання, дзе сабраны відэаўрокі па вучэбных прадметах і інтэрактыўны кантэнт. Гімназія № 39 прадставіла інтэрактыўна-адукацыйную платформу “Хімія-Бот”, створаную ў сацыяльнай сетцы “УКантакце”. Кантэнт платформы можа выкарыстоўвацца як на вучэбных занятках, так і пры арганізацыі аддаленага навучання.

У выставачную экспазіцыю модуля “Прырода вучыць — мы творым” увайшлі работы ўстаноў адукацыі — пераможцаў раённых і гарадскога этапаў конкурсу “Формула сада”. Педагогі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі дэманстравалі майстар-класы па пад­рыхтоўцы навучэнцаў да конкурсаў прафесійнага майстэрства WorldSkills.

Пленарнае пасяджэнне пачалося з выступлення старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Марыі Кіндзірэнка, якая акрэсліла ўдзельнікам канферэнцыі прыярытэтныя напрамкі дзейнасці ў новым навучальным годзе, які будзе адрознівацца ад папярэдніх. “2020 год сканцэнтраваў у сабе цэлы комплекс сацыяльных праблем, якія былі выкліканы выпрабаваннямі планетарнага маштабу ў выглядзе пандэміі, абвастрэннем грамадска-палітычнай сітуацыі ўнутры краіны, — адзначыла Марыя Станіславаўна. — І з кожным годам найбольш відавочным становіцца магутны ўплыў адукацыі на грамадскія працэсы. А гэта значыць, узрастае ўзровень адказнасці кожнага з нас за рашэнні, якія прымаюцца, і грамадзянскую пазіцыю”.

Мінск па праве можна лічыць горадам навучэнцаў і студэнтаў. Кожны чацвёрты мінчанін уключаны ў сістэму адукацыі. Сучасная адукацыйная прастора сталіцы ў стане забяспечыць якасную адукацыю ўсім дзецям з улікам іх інтарэсаў і здольнасцей. Гэта адна з самых вялікіх галін горада, якая ўключае 768 устаноў розных тыпаў, каля 50 тысяч работнікаў, з іх больш за 30 тысяч — педагагічных. Усяго ва ўстановах адукацыі ўсіх тыпаў вучацца і выхоўваюцца больш за 360 тысяч чалавек. На працягу апошніх 5 гадоў павялічылася колькасць навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі — больш чым на 30 тысяч дзяцей, дашкольнікаў — больш чым на 3 тысячы. І такая тэндэнцыя ў найбліжэйшыя гады захаваецца. Сёння бюджэт галіны складае больш за 21% ад бюджэту горада. З іншага боку, нягледзячы на такія глабальныя характарыстыкі, сталічная адукацыя — гэта гнуткая вучэбная сетка, якая пастаянна развіваецца. На працягу апошніх пяці гадоў у горадзе пабудавана 18 устаноў дашкольнай адукацыі і 6 сярэдніх школ. У 2020 годзе ў адпаведнасці з інвестпраграмай планавалася ўвесці ў эксплуатацыю 1 школу і 7 дзіця­чых садоў. Усе планы будуць рэалізаваны. 1 верасня адчыніла свае дзверы школа-новабудоўля ў Каменнай Горцы. Пасля капітальнага рамонту аднавіўся адукацыйны працэс у сярэдняй школе № 123 Ленінскага раёна, у гімназіі № 75 Кастрычніцкага. Усе навучальныя ўстановы падрыхтаваліся да новага навучальнага года. Выкананы значны аб’ём агульнабудаўнічых работ на суму больш за 18, 9 млн рублёў, закуплена і ўсталявана гандлёва-тэхналагічнае і вучэбнае абсталяванне на суму больш за 1,5 млн рублёў.

Па словах М.С.Кіндзірэнка, якасць адукацыйнага працэсу напрамую звязана з якасцю адукацыйнага асяроддзя. Дзіцячыя садкі аснашчаны ўсім неабходным для развіцця дзяцей і захавання іх здароўя. Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі прадметныя кабінеты аснашчаны самым сучасным абсталяваннем, у тым ліку электроннымі лабараторыямі фізікі, хіміі, астраноміі, Smart- і Steаm-класамі, а таксама абсталяваннем для арганізацыі якаснага вучэбнага працэсу з выкарыстаннем ІКТ. І падобнае адукацыйнае асяроддзе для большасці ўстаноў адукацыі становіцца нормай.

— У новым навучальным годзе работа па мадэрнізацыі адукацыйнага асяроддзя бу­дзе працягнута, — падкрэсліла старшыня камітэта па адукацыі. — Так, ва ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі да канца 2020 года па мэтавай праграме Міністэрства адукацыі будзе пастаўлена 37 кабінетаў біялогіі, 258 мультыбордаў, ва ўстановы ПТА і ССА — 66. На сёння у Мінску ўкаранёна комплексная мадэль інфармацыйна-адукацыйнай прасторы, якая ўключае ў сябе карпаратыўную электронную пошту, сістэму афіцыйных сайтаў, гарадскую сістэму дыстанцыйнага навучання, гарадскія аўтаматызаваныя інфармацыйныя сістэмы, інфармацыйна-адукацыйны інтэрнэт-партал для навучэнцаў “Вучань.by”, гарадскі метадычны партал. З верасня пачне функцыянаваць афіцыйны Тэлеграм-канал “Сталічны настаўнік”.

Як адзначалася на форуме, гораду сапраўды ёсць чым ганарыцца. У сіс­тэме дашкольнай адукацыі назіраецца ўстойлівая станоўчая дынаміка зніжэння захваральнасці дзяцей. Колькасць дзён, прапушчаных адным дзіцем па хваробе, складае 3,8 дня. І гэта лепшы паказчык за апошнія 5 гадоў. Павысіўся ўзровень ведаў вучняў базавай і сярэдняй школы, пра што сведчаць вынікі выпускных экзаменаў. У сярэднім па горадзе 58,4% вучняў базавай школы і 73% выпускнікоў сярэдняй школы атрымалі на экзаменах адзнакі высокага і дастатковага ўзроўню. На заключным этапе рэспубліканскіх конкурсаў 60% вучняў адзначаны дыпломамі рознай вартасці. 25 навучэнцаў школ і гімназій Мінска сталі ўдзельнікамі міжнародных алімпіяд, конкурсаў, інтэлектуальных спаборніцтваў па вучэбных прадметах, заваяваўшы 7 залатых, 16 сярэбраных, 1 бронзавы медаль. У 2020 годзе выпускнікі 30 устаноў адукацыі атрымалі на ЦТ найвышэйшы вынік. Самыя высокія ў краіне вынікі прадэманстраваны па замежнай мове, хіміі, рускай мове.

— Сёння добрая паспяховасць вучня зусім не з’яўляецца галоўнай і дастатковай гарантыяй яго паспяховай сацыялізацыі. Акрамя ведаў, неабходныя і іншыя навыкі, якія дапамагаюць арыентавацца ў супярэчлівым свеце, супрацьстаяць негатыўным уплывам і маніпуляцыям, — мяркуе Марыя Станіславаўна.

Старшыня камітэта па адукацыі засяро­дзіла ўвагу і на пытаннях, звязаных са складанай эпідэмічнай сітуацыяй, што склалася ў канцы мінулага навучальнага года. “Сёлета жыццё ўнесла сур’ёзныя карэктывы ў арганізацыю адукацыйнага працэсу. З сітуацыяй мы справіліся, хаця на першым этапе было складана. На выхадзе з навучальнага года мы былі вымушаны прымаць кіраўніцкія рашэнні па арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўмовах няўпэўненасці і непрадказальнасці. Адны настаўнікі зрабілі ўпор на перавагі індывідуальнага навучання, іншыя выкарыстоўвалі групавыя формы, уключаючы ў адукацыйны працэс анлайн-тэхналогіі. Па выніках года былі атэставаны і дапушчаны да экзаменаў 99,9% вучняў, — падкрэсліла М.С.Кіндзірэнка. — Зона найбліжэйшага развіцця ў дадзеным напрамку — стварэнне адзінай адукацыйнай платформы, якая аб’яднае ўсе ўзроўні адукацыі для арганізацыі пры неабходнасці дыстанцыйнага навучання на ўсіх ступенях адукацыі”.

— У свеце новых выклікаў адукацыя разглядаецца як галоўны інстытут сацыялізацыі мола­дзі. Гэты напрамак заўсёды быў і будзе адным з вядучых у дзейнасці педагогаў. Пры гэтым асноўная задача педагогаў усіх узроўняў не толькі вучыць, але і выхоўваць. І гэты напрамак — у цэнтры ўвагі, — акцэнтавала ўвагу Марыя Станіславаўна.

Яна спынілася на тых кроках, якія павінны стаць асноўнымі ў рабоце кожнай установы адукацыі: арганізацыя работы з класнымі кіраўнікамі і куратарамі вучэбных груп, работа з бацькамі, работа з інфармацыйнымі рэсурсамі, фарміраванне інфармацыйнай культуры навучэнцаў, развіццё крытычнага і аналітычнага мыслення, навучанне ўменню арыентавацца ў патоках інфармацыі, абараняцца ад негатыўных уплываў, фарміраванне прававой адказнасці навучэнцаў.

У мэтах укаранення новых форм работы з моладдзю камітэтам па адукацыі ва ўзаема­дзеянні з факультэтам журналістыкі БДУ летась быў запушчаны гарадскі праект “Школа юных журналістаў і блогераў”. У новым навучальным годзе праект працягнецца. Яго ­ўдзельнікі будуць займацца практычнай дзейнасцю, аналізуючы інфармацыйную прастору, і, магчыма, зробяць першы крок ў прафесію па прынцыпе “роўны навучае роўнага”, стварыўшы пад кіраўніцтвам спецыялістаў міжшкольную сталічную сацыяльную сетку.

— З сучаснай моладдзю працаваць нялёгка, але і дзецям няпроста жыць у гэтым супярэчлівым і зменлівым свеце. Наша місія — навучыць іх рабіць правільны маральны і грамадзянскі выбар, — падкрэсліла М.Кіндзірэнка.

У сваім выступленні яна сказала аб неабходнасці больш цеснага і адкрытага супрацоўніцтва з бацькамі. Пры гэтым М.Кіндзірэнка адзначыла, што выбудоўваць дыялог з дарослымі складаней, чым раней.

— Школа — гэта не палігон для рэалізацыі нечыіх палітычных амбіцый. Наша сфера ўзаемадзеяння з бацькамі — выключна навучанне і выхаванне дзяцей. А адказ на любое пытанне палітычнага кшталту ўжо закла­дзены ў саміх назвах усіх нашых устаноў: яны значацца як дзяржаўныя ўстановы адукацыі, — падкрэсліла старшыня камітэта.

У працяг размовы старшыня Мінгарвыканкама Анатоль Сівак адзначыў, што па-ранейшаму застаецца актуальным і кадравае пытанне. Найбольшая колькасць вакансій назіраецца на ўзроўні дашкольнай і пачатковай адукацыі.

— Сёння ў Мінску не хапае 390 выхавальнікаў дзіцячых садоў. На першы погляд, лічба значная. Але, як паказвае аналіз, гэта менш як адна вакансія на ўстанову, якіх у горадзе 449, — адзначыў А.Сівак. — Для вырашэння пытання па забеспячэнні садкоў і школ кваліфікаванымі кадрамі ўжо наладжана работа з БДПУ імя Максіма Танка і гарадскім педагагічным каледжам.

Кіраўніцтва горада гатова падключыцца да вырашэння сацыяльных праблем сталічных настаўнікаў. Сёння больш за 2 тысячы работнікаў галіны маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Шляхі вырашэння праблемы розныя: пачынаючы ад прадастаўлення арэнднага жылля да будаўніцтва новых інтэрнатаў.

Старшыня Мінгарвыканкама засяродзіў увагу прысутных і на дзеянні ўстаноў адукацыі прыватнай формы ўласнасці: “Апошнім часам у Мінску адзначаецца рост такіх устаноў. Адначасова назіраецца і іншая тэндэнцыя: з павелічэннем колькасці прыватных устаноў адукацыі расце і колькасць зваротаў грамадзян па розных пытаннях арганізацыі вучэбнага працэсу ў іх. Відавочна, сітуацыю трэба браць пад кантроль. І камітэту, і раённым упраўленням па адукацыі неабходна актыўна вывучаць якасць адукацыі у іх, кантраляваць выкананне санітарных норм і правіл”.

Да сталічных педагогаў звярнуўся міністр адукацыі Ігар Карпенка. Паводле яго слоў, у пачатку навучальнага года варта звярнуць увагу на няўхільнае выкананне комплексу мер па падтрыманні дысцыпліны і правапарадку ва ўстановах адукацыі, прафілактыцы супрацьпраўных паводзін дзяцей. У гэтай сувязі патрабуе сур’ёзнага ўдасканалення сацыяльна-педагагічнае і псіхалагічнае суправаджэнне адукацыйнага працэсу. Створаны Рэспубліканскі цэнтр псіхалагічнай дапамогі, куды можна звярнуцца і атрымаць кваліфікаваную псіхалагічную, кансультацыйную і метадычную дапамогу, у тым ліку дыстанцыйна. На пастаянным кантролі павінны знаходзіцца пытанні гарантавання бяспекі ва ўстановах адукацыі.

— Важна забяспечыць адзінства і ўзгодненасць дзеянняў сям’і і ўстановы адукацыі. У сучасных умовах узаемадзеянне з бацькамі, ацэнка імі якасці навучання павінны быць не крыніцай канфліктаў, палітычных маніпуляцый, а, наадварот, — стымулам для педагогаў у паляпшэнні сваёй работы, а для баць­коў — прадметам гордасці за дасягненні ўстановы адукацыі і кожнага вучня, павагі да педагога”, — адзначыў міністр.

Такога ж меркавання прытрымліваецца і старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава. “Школы павінны быць па-за палітыкай. Дзеці павінны вучыцца і атрымліваць адукацыю, разам, без якога-небудзь падзелу. Думаю, наша педагагічная грамадскасць зробіць усё магчымае, каб вучні не адчулі той няпростай сітуацыі, якая складвалася апошнія дні ў краіне. У нашых настаўнікаў цікавыя распрацоўкі, добры вопыт навучання. Думаю, са святочным настроем дзеці прыйдуць у школы 1 верасня, ся­дуць за парты, а бацькі і педагогі зробяць усё, каб стварыць ім атмасферу свята”, — падкрэсліла Наталля Іванаўна.

Ігар Карпенка выказаў упэўненасць, што мінскія педагогі справяцца з усімі задачамі, якія стаяць перад сістэмай адукацыі. “Вы заўсёды працавалі зладжана і добрасумленна, працавалі на вынік. Бо вы — педагогі сталіцы. На вас раўняецца рэспубліка”, — сказаў ён.

Традыцыйна падчас форуму адбылося ўшанаванне ветэранаў педагагічнай працы, маладых спецыялістаў. Узнагароды Міністэрства адукацыі, Мінгарвыканкама, Мінскага гарадскога савета дэпутатаў, галіновага прафсаюза за плённую працу былі ўручаны сталічным педагогам. Так, падзякай старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу адзначаны настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 61 Мінска Таццяна Нядзвецкая, дырэктар гімназіі № 6 Вольга Смірнова і іншыя. Нагруднага знака Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі” ўдастоены намеснік ды­рэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 16 Юлія Бялова, дырэктар сярэдняй школы № 161 Валерый Стружко, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 33 Алена Дзмітрачкова.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.