Не толькі з улікам уласных інтарэсаў…

- 10:44Навіны рэгіёнаў

Зрабіць правільны прафесійны выбар вельмі важна, асабліва сёння, калі рынак працы і эканамічныя ўмовы імкліва мяняюцца. Парады і вопыт бацькоў, педагогаў і сяброў не заўсёды падыходзяць маладым людзям. І гэта нядзіўна. У свеце налічваецца каля 40 тысяч прафесій і спецыяльнасцей, якія пастаянна абнаўляюцца. Таму многія не ведаюць пра новыя магчымасці на рынку працы і запатрабаванасць пэўных прафесій на ім.

Сучасная эканоміка прад’яўляе да спецыялістаў жорсткія патрабаванні, сярод якіх — гатоўнасць да пастаяннага самаразвіцця і самастойнага пошуку выйсця з не­прадказальных сітуацый. Сёння на рынку працы Пінска запатрабаваны найперш рабочыя (муляры, апальшчыкі, маляры, грузчыкі, слесары і інш.) — попыт складае 40%. На спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй (інжынераў, маркетолагаў, сакратароў, выхавальнікаў і ўрачоў) попыт меншы — 15%. Разам з тым аналіз даных па нашых выпускніках за апошнія 3 гады паказвае, што па-ранейшаму захоўваецца тэндэнцыя да паступлення іх ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Так, у 2017 годзе 29% учарашніх дзевяцікласнікаў і 53% адзінаццацікласнікаў выбралі ПТНУ і ССНУ, у 2018-м — 36 і 37, у 2019-м — 37% і 41% адпаведна. Астатнія выпускнікі аддалі перавагу ўстановам вышэйшай адукацыі. Гэта гаворыць пра тое, што ўчарашнія школьнікі ў выбары прафесіі арыентуюцца больш на свае інтарэсы, чым на запыты рынку працы.

У нашай школе прафарыентацыйныя мерапрыемствы право­дзяцца з 1 класа. Сталі традыцыйнымі штогадовыя тыдні прафарыентацыі “Выбіраем прафесію — праектуем жыццё”, якія праходзяць у лістападзе і красавіку. У рамках гэтых тыдняў ла­дзяцца анкетаванне “Кім быць?”, адкрытыя ўрокі ў педагагічных класах, дзелавыя гульні “У свеце прафесій”, гутаркі і класныя гадзіны “Прафарыентацыя і станаўленне асобы”, сустрэчы з прадстаўнікамі розных прафесій, экскурсіі на прадпрыемствы. 

Разам з вучнямі педкласа распрацаваны комплекс выхаваўчых мерапрыемстваў па прафарыентацыі, якія выкарыстоўваюць класныя кіраўнікі на класных гадзінах і пазаўрочных занятках.

Некаторыя адзінаццацікласнікі асвойваюць спецыяльнасць маляра.

Усё гэта дазваляе вучням правільна ацаніць уласныя магчымасці, вызначыць жыццёвыя мэты і зрабіць усвядомлены прафесійны выбар. Так, на пытанне “Ці вызначыліся вы з выбарам прафесіі?” станоўча адказваюць 56% дзевяці­класнікаў, 60% дзесяцікласнікаў і 77% адзінаццацікласнікаў. Тым не менш хацелася б, каб школе ў прафарыентацыйнай дзейнасці больш актыўна дапамагалі іншыя дзяржаўныя ўстановы і арганізацыі.

Таццяна САВІЛА,
настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 8 Пінска.