Не толькі захаваць, але і прымножыць уражальныя вынікі

Урад разлічвае на ўваходжанне Беларусі ў топ-5 краін па аб’ёме аперацый Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця. Аб гэтым заявіў прэм’ер-міністр Сяргей Румас на сустрэчы з кіраўніком прадстаўніцтва ЕБРР у Беларусі Аляксандрам Піваварскім, які завяршае работу на гэтай пасадзе.

“Беларусь па-ранейшаму разглядае Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця ў якасці надзейнага партнёра, падтрымка якога ўносіць значны ўклад у забеспячэнне сацыяльна-эканамічнага росту нашай краіны і павышэння якасці жыцця насельніцтва. Таму ўжо з вашым змен­шчыкам для нас задача — не толькі захаваць, але і прымножыць такія ўражальныя вынікі. Мы ва ўрадзе паднялі новую планку і лічым, што калі гэтак жа канструктыўна будзем працаваць, то нам пад сілу ўвайсці ў топ-5 краін па аперацыях з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця”, — заявіў Сяргей Румас.

Паводле яго слоў, апошнія 4 гады ЕБРР інвесціраваў у эканоміку Беларусі больш за 1 млрд еўра. У 2018 годзе была рэкордная сума інвестыцый — 360 млн еўра.

“У 2019 годзе мы папрацавалі яшчэ лепш, і інвестыцыі ў памеры 390 млн еўра далі магчымасць Беларусі ўпершыню ўвайсці ў топ-10 краін па аперацыях ЕБРР. Вынік асваення сродкаў — добрыя дарогі, бяспечныя масты, якасныя камунальныя паслугі, гэта значыць тая інфраструктура, без якой немагчыма ўстойлівае функцыянаванне любой краіны. Гэта не магло адбыцца без вашай асабістай падтрымкі, таму ад імя ўрада хачу сказаць дзякуй за такую якасную і добрую работу на гэтай пасадзе”, — адзначыў прэм’ер-міністр.

Кіраўнік урада падкрэсліў, што самае каштоўнае ў адносінах Беларусі і ЕБРР — гэта глыбокія партнёрскія адносіны, якія сталі фундаментам для пашырэння супрацоўніцтва. “Шчыра спадзяюся, што нам удасца заха­ваць гэтыя даверныя сувязі як з банкам, так і з вамі асабіста”, — дадаў Сяргей Румас.

Аляксандр Піваварскі ў сваю чаргу адзначыў, што работа ў Беларусі была самым цікавым прафесійным вопытам за ўсю яго кар’еру, як і работа ў офісе прэзідэнта ЕБРР Сумы Чакрабарці. Ён падкрэсліў, што ў дасягнутым поспеху супрацоўніцтва з ЕБРР ёсць вялікая заслуга беларускага ўрада. “Мы заўсёды адчувалі палітыку адкрытых дзвярэй”, — сказаў Аляксандр Піваварскі.

Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця — шматбаковы банк, які садзейнічае развіццю прыватнага сектара і прадпрымальніцкай ініцыятывы ў 38 эканоміках на трох кантынентах. Акцыянерамі банка з’яўляюцца 69 краін, а таксама ЕС і ЕІБ. З пачатку сваёй дзейнасці ў Беларусі ў 1992 годзе ЕБРР інвесціраваў амаль 2,9 млрд еўра ў 130 праектаў у розных сектарах эканомікі краіны.

Кіраўніком прадстаўніцтва Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця ў Беларусі цяпер назначана Марына Пятроў. У апошні час яна займала пасаду намесніка кіраўніка ЕБРР ва Украіне.