Не ў цукерках шчасце. А ў чым?

- 11:54Сацыяльны ракурс

Напярэдадні Новага года дзеці, якія выхоўваюцца ў інтэрнатных установах, традыцыйна атрымліваюць кілаграмы салодкіх падарункаў. Прынамсі, гэта не жаданне саміх дзяцей. Пачастункі прывозяць госці, якія штогод у спіс абавязковых мерапрыемстваў уключаюць удзел у дабрачынных акцыях.

Дзеці, якія маюць статус сіраты, хочуць многага, але адна мара застаецца ў іх нязменнай: яны хацелі б сустрэць Новы год побач з мамай, у сям’і. На жаль, такі падарунак ніхто не ў сілах зрабіць, усё падпарадкоўваецца лёсу. Затое мы можам даць дзіцяці магчымасць знайсці блізкага чалавека, які заўсёды будзе побач. На гэта накіравана дзейнасць Цэнтра дапамогі дзецям-­сіротам “Ніці сяброўства”, які з мінулага года выкарыстоўвае зацверджаную праграму па навучанні патранатных выхавальнікаў.

Пра тое, наколькі важнай у жыцці сіраты з’яўляецца роля настаўніка і ў чым яна павінна заключацца, расказвае выпускнік Жодзінскай школы­-інтэрната для дзяцей­-сірот Віктар МІХАЛЕВІЧ.

В. Міхалевіч.

“Усё, што ўмеў, – прыбіраць памяшканне і мыць шкарпэткі”

Да 5-гадовага ўзросту Віця жыў у Астрашыцкім Гарадку. Ра­зам з хлопчыкам у сям’і выхоўваліся яшчэ трое дзяцей: родная сястра Віці і зводныя брат і сястра.

“Успамінаючы сябе малога, амаль не гавару пра дом, адразу кажу, што з дзяцінства я рос у інтэрнаце, а з бацькамі і сястрой пазнаёміўся, калі вучыўся ў 9 класе: нягледзячы на тое, што дзяцей з адной сям’і нельга разлучаць, нас адправілі ў розныя ўстановы для дзяцей-сірот.

Апошні год, калі мы яшчэ жылі дома, мяне даглядала сястра. Бацькі вялі амаральны лад жыцця, ім было не да нас.

Той дзень, калі нас забралі з сям’і, памятаю ўрыўкамі. Праз многа гадоў, калі знайшоў сястру, яна расказвала, што я плакаў на працягу некалькіх тыдняў, сумаваў. Але зараз не разумею, па чым можна было сумаваць, бо бацькоў дома я ніколі не бачыў, яны там рэдка з’яўляліся… Я дрэннага не памятаю, дзіцячая памяць фільтруе негатыўную інфармацыю.

…Аднойчы да нас у дом зайшлі незнаёмыя людзі, яны пачалі расказваць нешта пра цукеркі, што нас пачастуюць. І мы пайшлі з імі, селі ў машыну і паехалі ў бальніцу. Фактычна, гэта і быў той момант, калі нас назаўсёды забралі з сям’і. Паколькі я тады хадзіў у дзіцячы сад, а сястра ўжо вучылася ў школе, нас размеркавалі па розных установах. Пасля гэтага я яе больш не бачыў.

Калі мне споўнілася 6 гадоў, мяне размеркавалі ў інтэрнат у Стоўбцы. Успаміны адтуль не вельмі прыемныя. На Новы год да нас заўсёды прыязджалі важныя людзі. Яны прывозілі цукеркі. Неяк прыехалі і прадстаўнікі адной з фабрык, якая вырабляе пячэнне. Толькі замест пячэння каробкі былі напоўнены крошкамі, нічога цэлага там не было”.

Праз некалькі гадоў Віцю перавялі ў інтэрнат у Смілавічах, а пасля — у Жодзіне, дзе хлопчык знаходзіўся да таго часу, пакуль не скончыў школу.

“Адзін з момантаў, які дагэтуль успамінаю, — гэта паездка ў Мінск на навагоднюю ёлку. Пасля паказу кожнаму ўручылі кілаграм цукерак. Гэта так многа! Адразу цэлы кілаграм! Пакуль ехалі ў Жодзіна, я з’еў усе свае цукеркі. А калі выйшаў з аўтобуса, мяне званітавала. Мне ніколі не было так дрэнна, як у той момант.

Потым, калі хацелася салодкага, дзеці дзяліліся са мной цукеркамі. Увогуле, мы ва ўсім падтрымлівалі адно аднаго, і не толькі ў плане ежы. Калі ў некага з дзяцей не было штаноў, мы давалі яму свае. Узаемавыручка была заўсёды, а інакш і не пражывеш.

У інтэрнаце ў мяне было захапленне, я ўмеў танцаваць і прысвячаў гэтаму занятку шмат часу. На выпускны вечар мне хацелася паставіць нумар, я запрасіў у каманду яшчэ аднаго хлопчыка. Неяк, калі трэба было рэпеціраваць, да майго напарніка прыйшоў сябар з горада, яны сядзелі, абмяркоўвалі пэўныя жыццёвыя пытанні. Хлопчык з інтэрната нешта пытаў, а той яму адказваў. Гэта зараз я разумею, што тое, пра што яны гаварылі, важна для сіраты, які адной нагой ужо знаходзіцца за парогам інтэрната. Але на той момант для мяне былі важнымі толькі танцы. 

…Трапляючы ў дарослае жыццё, мы нічога не ведаем і не ўмеем, мы разгубленыя. Пасля выхаду з інтэрната я аказаўся не падрыхтаваным да жыцця на ўсіх яго этапах. Усё, што я ўмеў, — гэта толькі прыбіраць памяшканне і мыць шкарпэткі. Навучыўся гэтаму, таму што ў мяне была строгая выхавальніца, якая прымушала сачыць за сабой”.

Інсталяцыя #Безцукерак.

“Галадаў тры дні і хадзіў, як абадранец”

За час знаходжання ў Жодзіне Віця вывучыў нямецкую мову, таму пасля 11 класа і выпуску з інтэрната паступіў у МДЛУ, дзе атрымаў спецыяльнасць перакладчыка.

“Замежныя мовы я вывучыў дзякуючы выпадку. Неяк у Жодзіна прыязджаў танцор з Германіі, я пайшоў паглядзець на яго выступленне. Ён расказаў, што шукае лю­дзей у сваю каманду. Безумоўна, пачуўшы гэта, я спрабаваў уразіць госця. Пасля трэніроўкі харэограф падышоў да мяне і сказаў, што прыедзе ў Жодзіна праз год, забярэ мяне танцаваць у Германію, а за гэты час я павінен навучыцца танцаваць брэйк-данс і хіп-хоп.

Праз год я ўпершыню паехаў у Германію, пасля чаго вяртаўся туды 8 разоў, жыў у сям’і. Дзякуючы гэтаму, добра вывучыў нямецкую мову, таму сумненняў, куды паступаць ­пасля інтэрната, не было. У МДЛУ пачаў актыўна ўдзельнічаць у жыцці ўніверсітэта, танцаваў, выступаў падчас шматлікіх мерапрыемстваў, таму мне плацілі павышаную стыпендыю.

Мне было прадастаўлена месца ў інтэрнаце, але я не ведаў, як навучыцца кантактаваць з тымі, хто жыў са мной у пакоі. Я абсалютна не ўмеў весці быт, не мог праду­маць тое, што буду есці, як згатаваць ежу. Я ўвогуле не ўмеў нічога гатаваць. Нават не разумеў, як трэба варыць пельмені. Гэта я зараз разумею, што іх трэба пакласці ў кіпень. А тады нават не ўяўляў гэтага. Што ўжо казаць пра салат, для гатавання якога трэба шмат чаго парэзаць, нечым заправіць. Дзецям, якія растуць у сям’і, усё гэта тлумачаць і паказваюць бацькі. У мяне ж такога не было.

Знаходзячыся ў інтэрнаце, ні я, ні тыя, хто там зараз выхоўваецца, не задумваюцца, што ўсё, чым нас кармілі, трэба гатаваць. Мы заўсёды жылі на ўсім гатовым: перад носам стаяла талерка, мы толькі елі і ішлі назад у пакой. За намі ўсё прыбіралі. І гэта вялікая памылка. Так, інтэрнат дапамог нам не застацца галоднымі, не пакінуў на вуліцы. Але ніхто не задумваецца пра тое, што сірот трэба рыхтаваць да жыцця. Бацькі сваім дзецям, як правіла, усё тлумачаць, расказваюць, што ў жыцці бываюць дрэнныя людзі, якія могуць падставіць, падмануць, вучаць распараджацца грашыма. А ў нас гэтага не было. Нам не хапала не толькі ведання такіх рэчаў, але і банальна простых зносін з іншымі, хто жыве за межамі інтэрната. Цяпер я ўпэўнены, што побач павінен быць чалавек, які будзе расказваць сіраце пра ўсё, што яго хвалюе, адказваць на яго пытанні. Дзеці-сіроты жывуць у сваёй закрытай прасторы, эмацыянальна і псіхалагічна яны амаль не развіваюцца. Вырастаючы, яны застаюцца такімі ж дзецьмі, якімі трапілі ў інтэрнат.

На любы позірк, любое слова, якое не падабалася і выклікала абурэнне, адказваў грубасцю. Мяне раздражняла амаль усё, з чым не сутыкаўся на працягу 18 гадоў.

Размеркаванне фінансаў — гэта яшчэ адна праблема. У большасці дзяцей, якія растуць у інтэрнаце, грошай няма. Яны былі толькі ў тых, да каго прыходзілі родныя (гэта здаралася вельмі рэдка), і ў тых , хто атрымліваў грошы на рахунак у сувязі са смерцю бацькоў.

Да таго моманту, пакуль не выйшаў са сцен школы, я грошы ў руках не трымаў. Першую стыпендыю патраціў на тое, чаго даўно хацеў: цукеркі, кінатэатр, кока-кола, спрайт. Усю суму, якая была на руках, патраціў за тыдзень. У мяне засталіся лічаныя капейкі на транспарт, каб даязджаць да ўніверсітэта. Калі я гэта зразумеў, задумаўся над тым, што буду рабіць заўтра, што буду есці. Папрасіць грошай ці нешта з прадуктаў у тых, з кім жыў у інтэрнаце, было сорамна. Я тады быў асацыяльным, баяўся людзей, пазбягаў амаль усіх кантактаў. Зараз я абсалютна не такі, у мяне няма праблем з камунікацыяй, але тады для мяне гэта было вялікай праблемай.

Усе тры тыдні да наступнай стыпендыі я галадаў. Памятаю, як знайшоў у халадзільніку чужы кавалачак хлеба і ўкраў яго, схаваў пад падушку, каб ніхто не забраў. Кожны дзень адломваў па маленькім кавалачку, стараўся размеркаваць так, каб мне хапіла да стыпендыі. А праз некалькі дзён украў яшчэ кавалачак масла. Гэта быў першы жорсткі, але вельмі дзейсны ўрок, які навучыў мяне размяркоўваць фінансы. Наступную стыпендыю я распісаў па пунктах, якую суму і на што патрачу. У першую чаргу купіў прадукты і пачаў гатаваць.

Мае артыкулы расходаў былі падрабязнымі. Я ведаў, якую суму патрачу на ежу, колькі грошай неабходна на транспарт да ўніверсітэта. Пра куплянне адзення не задумваўся, у мяне былі нейкія рэчы. Не скажу, што быў прыгожа апрануты, хадзіў, як абадранец. Але ў прыярытэце было не гэта”.

“Я не буду жыць, як мае бацькі”

Праз некаторы час у жыцці Віктара з’явіўся сябар, які змяніў жыццё хлопца. Для Віці ён стаў настаўнікам: дапамагаў, даваў парады, як дзейнічаць у той ці іншай сітуацыі, пазнаёміў са сваёй сям’ёй, якой было не ўсё роўна, што заўтра будзе з хлопцам.

“Мы пазнаёміліся выпадкова і пасябравалі. Гэты чалавек імкнуўся мне дапамагчы, яму было цікава размаўляць са мной. Нават калі я хаміў яму, ён не адказваў мне грубасцю. Праз некаторы час мы абсалютна без усялякіх прычын перасталі падтрымліваць зносіны, не размаўлялі паўгода. У той час, калі я застаўся зноў сам-насам, зразумеў, што мой сябар аказаў на мяне ўплыў, я зусім па-іншаму пачаў ставіцца да многіх рэчаў. Я змяніўся дзякуючы тым зносінам.

Праз некаторы час мы зноў пачалі сябраваць і падтрымліваем добрыя адносіны і сёння. Мой сябар пазнаёміў мяне са сваімі бацькамі. Гэта быў першы прыклад станоўчай сям’і, які мне давялося ўбачыць. Яго мама і тата кахаюць адно аднаго, і гэта бачна. Памятаю, як убачыў, што мама сябра аказвае знакі ўвагі свайму мужу. Я быў вельмі ўражаны і захацеў, каб і ў мяне было такое ў сям’і. Усе добрыя прыклады, якія бачыў, я запамінаў і хацеў, каб маё жыццё было напоўнена такімі ж прыемнымі момантамі.

Былі тыя, хто гаварыў, што сцэнарый майго жыцця ўжо напісаны, што буду жыць так, як мае бацькі. Але я не хачу і не буду так жыць! Я змог, дзякуючы неабыякавым лю­дзям, убачыць тую мадэль жыцця, якая мяне задавальняе. Іншыя варыянты на сябе не прымяраю. Я хачу быць шчаслівым.

Сёння ўсё яшчэ часта капаюся ў сабе. У інтэрнаце я рос з 5 гадоў і не буду адмаўляць, што ў мяне не засталіся нейкія траўмы. З некаторымі ўжо справіўся, пераступіў праз іх, з іншымі яшчэ спрабую разабрацца. Але лічу, што сёння я здаровы чалавек, як псіхалагічна, так і фізічна, духоўна, эмацыянальна.

Зараз працую ў будаўнічай сферы. Спачатку быў супрацоўнікам у адной з брыгад, дзе падпрацоўваў падчас летніх канікул. За грошы, якія плацілі, купляў джынсы і яшчэ нешта, каб было ў чым ха­дзіць ва ўніверсітэт. Пазней рабочая каманда распалася, і я пачаў працаваць сам на сябе, адкрыў ІП. Цяпер займаюся вытворчасцю мэблі, а таксама будую дамы.

Сёння ўсё часцей задумваюся над тым, што хачу стаць патранатным выхавальнікам для каго-небудзь з дзяцей. На жаль, толькі гэта працуе ў адносінах да правільнага выхавання і сацыялізацыі сірот. З Арцёмам Галавій, кіраўніком “Ніцей сяброўства”, сустрэўся ў царкве, дзе ён расказваў пра патранатнае выхаванне і запрашаў жадаючых паехаць з ім у інтэрнат. Я паехаў і не пашкадаваў. Там пазнаёміўся з дзецьмі, пачаў вучыць іх танцаваць хіп-хоп і брэйк-данс. А пасля ўрока харэаграфіі мы сядзелі і размаўлялі. Мне было цікава паслу­хаць іх гісторыі, чаму яны апынуліся ў інтэрнаце. Слухаючы іх, я задумаўся пра тое, што, калі сам быў на іх месцы, ні разу ні ў каго з дзяцей, якія былі побач, не пацікавіўся, чаму яны растуць не ў сям’і.

Пасля гэтага выпадку яшчэ некалькі разоў прыязджаў у інтэрнат да гэтых дзяцей. Мы сядзелі ў пакоі, елі сала з хлебам і размаўлялі пра ўсё, што іх цікавіць. Падчас адной з апошніх сустрэч дзеці расказалі, што літаральна ўчора да іх прыязджалі прадстаўнікі адной буйной гандлёвай фірмы, уручылі нешта ў каробках і хуценька развіталіся. Пасля гэтага я яшчэ раз упэўніўся, што не ў цукерках шчасце, абсалютна не ў іх. І зусім не важна, па якой прычыне дзеці трапляюць у інтэрнат. Не трэба на ўсіх глядзець аднолькава. Так, у інтэрнаце мы аднолькавыя, але тое, якімі станем пасля, вырашаюць выпадак і людзі, якія знаходзяцца побач. Выходзячы са сцен інтэрната, дзеці не ўспамінаюць пра падарункі, якія ім прывозілі на Новы год. Яны чакаюць падтрымкі, каб хтосьці неабыякавы ўзяў іх за руку і паказаў правільную дарогу”.

Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

#Безцукерак — такую назву атрымала дабрачынная кампанія, якая праходзіла з 6 снежня па 15 студзеня ў “Галерэі ДК” і накіравана на тое, каб звярнуць увагу грамадства на праблемы дзяцей-сірот.

Для правядзення інсталяцыі Цэнтр дапамогі дзецям-сіротам “Ніці сяброўства” і платформа “Імёны” сабралі 15 000 фанцікаў ад цукерак і знялі тры гісторыі дзяцей, выпускнікоў дзіцячых дамоў. Фанцікі і гісторыі, сабраныя разам, — гэта прыклад, які яскрава паказвае: мы не разумеем, што трэба дзецям, чаго яны ад нас чакаюць. Што мы хочам ім паказаць, чым дапамагчы, калі дорым раз у год цукеркі? Магчыма, прыйшоў час змяніць погляд на праблему?