Не ўпусціць сензітыўны перыяд

- 11:19Сацыяльны ракурс

Калі ў сям’і нараджаецца дзіця з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, самае галоўнае, каб побач з бацькамі ў гэты момант апынуўся дасведчаны спецыяліст, які скажа праўду і дасць каштоўную для іх інфармацыю. Вельмі важна, каб у першыя гады жыцця асаблівага дзіцяці спецыялісты пачалі працаваць з ім у тандэме з бацькамі. Гэта павялічыць шанс на тое, што дзіця будзе гатова да далейшага паспяховага навучання, а ў перспектыве да працаўладкавання і паўнавартаснага жыцця ў грамадстве. У гэтым упэўнена настаўнік-дэфектолаг цэнтра ранняга ўмяшання 10-й гарадской дзіцячай паліклінікі Мінска Вольга Іванаўна Лешчанка, якая да гэтага на працягу 14 гадоў працавала ў ЦКРНіР Маскоўскага раёна, з іх 8 гадоў — у кабінеце ранняй комплекснай дапамогі.

“Медыцына сёння выратоўвае 500-грамовых нованароджаных. Часта ў гэтых дзяцей праяўляюцца асаблівасці развіцця, што патрабуе неадкладнага ўключэння спецыя­лістаў і бацькоў у сістэму аказання комплекснай дапамогі дзіцяці, — гаворыць Вольга Лешчан­ка. — У цэнтры ранняга ўмяшання пры паліклініках і кабінеты ранняй комплекснай дапамогі пры ЦКРНіР звяртаюцца бацькі з дзецьмі ад 0 да 3 гадоў, у якіх назіраюцца маўленчыя і неўралагічныя праблемы, ДЦП, парушэнні зроку, слыху, цяжкія множныя парушэнні, з неданошанымі дзецьмі са спадарожнымі захворваннямі. Часта на прыём да спецыялістаў ЦКРНіР упершыню бацькі прыходзяць, калі іх дзіцяці спаўняецца 2 гады. Многія гавораць, што не ведалі пра такую магчымасць. А значыць, яны ўпусцілі сензітыўны перыяд у развіцці свайго дзіцяці. Калі яму спаўняецца 3 гады, бацькоў пачынае непакоіць, што дзіця не размаўляе. Але гэта вяршыня айсберга. Да ўзроўню “размаўляць” у гэтага дзіцяці бывае яшчэ далёка — перш за ўсё, трэба вырашыць праблемы з яго рухальным і пазнавальным развіццём, камунікацыяй, сацыяльнымі навыкамі. У некаторых выпадках прычына несвоечасовага звароту да спецыялістаў — непрыманне бацькамі свайго асаблівага дзіцяці”.

Дарослым неабходна навучыць дзіця жыць без іх штохвіліннай штодзённай дапамогі. Таму работа Вольгі Лешчанка з дзіцем ранняга ўзросту пачынаецца з работы з яго бацькамі. На першую кансультацыю яна запра­шае ўсіх блізкіх, якія маюць зносіны з асаблівым малышом. У далейшым для яе важна прысутнасць аднаго са сваякоў на занятках. Чаму? Дзіця яна ба­чыць у лепшым выпадку на працягу 1 гадзіны некалькі разоў на тыдзень, а бацькі бачаць яго ўвесь астатні час, а значыць, усё, што робіць і гаворыць спецыяліст на занятках, яны павінны будуць перанесці на побыт. На заканчэнне першай кансультацыі Вольга цікавіцца ў мамы (таты), ці гатова яны ўключыцца ў работу са сваім дзіцем. Задача ўсіх спецыялістаў ранняй дапамогі — не надзець на бацькоў ружовыя акуляры, а дапамагчы ім у першую чаргу прыняць дзіця, навучыць працаваць з ім для таго, каб гэта было прадукцыйна і быў жаданы вынік.

Ёсць добрая фраза Пабла Пінеда, іспанскага педагога, акцёра з сіндромам Даўна, якую яму гаварыла мама: калі вы выхоўваеце чалавека з інваліднасцю, то і выхаваеце чалавека з інваліднасцю. Калі мама ўспрымае сваё дзіця як гора, то “гора” і паселіцца ў гэтай сям’і. Што вы ўкладваеце ў дзіця, тое і атрымліваеце на выхадзе. Калі мама не дае малому самому апра­нацца, гаворыць, што “мы не будзем гу­ляць са звычайнымі дзецьмі, таму што ты іншы”, адпаведны будзе і вынік. Мамам на занятках Вольга Іванаўна не дазваляе рабіць за дзяцей тое, што яны могуць зрабіць самі, напрыклад пляскаць за іх у далоні, трымаць лыжку і г.д. Большая частка яе заняткаў адводзіцца ўсебаковаму развіццю малышоў з ухілам на развіццё сацыяльных навыкаў. Пазнавальныя і камунікатыўныя навыкі фарміруюцца адначасова.

Сацыялізацыя пачынаецца з нараджэння. Задача спецыялістаў і сям’і — максімальна наблізіць дзіця ранняга ўзросту, з улікам яго індывідуальнасці, да нормы, і, у ідэале, у 3 гады адправіць яго ў дашкольную ўстанову, пажадана агульнаадукацыйную. Калі дзіця ўзята на навучанне спецыялістамі ў раннім узросце, то ў дзіцячы сад яно, хутчэй за ўсё, прыходзіць падрыхтаваным. У яго сфарміраваны вучэбныя паводзіны, яно ведае, што такое сядзець за сталом, можа слухаць і ўспрымаць выразную інструкцыю дарослага, дзейнічаць па ёй. Вольга Лешчанка супраць таго, каб малышы пасля 3 гадоў заставаліся дома. З любым узроўнем развіцця, за рэдкім выключэннем, па меркаванні спецыяліста, можна наведваць дзіцячы калектыў — спецыяльны дзіцячы сад, спецыяльную або інтэграваную групу звычайнага дзіцячага сада, ЦКРНіР.

Калі разгледзець усе праграмы навучання дзяцей ранняга ўзросту, то можна заўважыць, што яны грунтуюцца на адной і той жа базе, незалежна ад таго, ці ёсць парушэнне ў дзіцяці. Ранні ўзрост — гэта перыяд, калі адбываецца засваенне ўсіх асноў навучання — рухальнага, пазнавальнага, псіхічнага, перадмаўленчага, маўленчага развіцця, сацыяльных навыкаў, самаабслугоўвання. Спецыялісты толькі прыстасоўваюцца пад асаблівасці дзіцяці, улічваюць спецыфіку яго парушэнняў і працуюць з ім, а не з яго дыягназам. Ёсць навыкі, да атрымання якіх малому трэба імкнуцца, ёсць зона актуальнага развіцця, тое, што ён умее рабіць сёння, і ёсць зона найбліжэйшага развіцця — тое, да чаго ён будзе імкнуцца. Пытанне ў тым, як доўга спецыялісты будуць да гэтага ісці, якія методыкі пры гэтым выкарыстаюць. Напрыклад, многія метады работы з дзецьмі з сіндромам Даўна Вольга Іванаўна выкарыстоўвае ў рабоце з дзецьмі з парушэннямі маўлення. Каб дзіця навучылася бачыць колер, форму і велічыню, яно павінна навучыцца бачыць у прадметах аднолькавае, падбіраць аднолькавыя карцінкі, прадметы, прадмет-карцінку, умець пераносіць веды. Гэта адносіцца да ўсіх дзяцей, незалежна ад парушэнняў. Методыкі работы з імі падобныя.

“Умяне вялікі вопыт і навыкі ў рабоце з дзець­мі з сіндромам Даўна, — расказала Вольга. — У 2009 годзе, калі пайшла ў дэкрэтны адпачынак, я пераехала ў Кіеў, дзе на той момант пражываў мой муж. У гэты час ва Украіне актыўна пачала развівацца спецыяльная адукацыя ў рамках інклюзіўных працэсаў дзякуючы так званым данатам (тым, хто ўкладвае фінансы ў дабрачыннасць) і прыватным арга­нізацыям. Бацькі дзяцей з сіндромам Даўна ў той час стваралі сваю Усеўкраінскую даб­рачынную арганізацыю і шукалі спецыялістаў, гатовых працаваць з іх дзецьмі. Так я трапіла ў гэтую арганізацыю, дзе пачалася мая новая сур’ёзная практыка работы з украінскімі дзецьмі, якая ішла паралельна з навучаннем. Разам з іншымі спецыялістамі мяне навучалі прадстаўнікі міжнароднай адукацыйнай арганізацыі “Даўн-Сіндром”, аналагічнай ізраільскай арга­нізацыі, адной з асноўных расійскіх арганізацый дабрачыннага фонду “Даўнсайд Ап”. Навучалі нас як спецыялістаў, якія будуць працаваць з нованароджанымі. Мы атрымалі велізарны багаж ведаў, якія маглі праверыць на практыцы. На нашых занятках прысутнічалі вядомыя спецыялісты, тлумачылі, што мы робім не так, на што варта звярнуць увагу, навучалі супервізіі, сістэме рэабілітацыі дзяцей з сіндромам Даўна, таму што для іх гэта самае асноўнае ад нараджэння. Мы выступалі на міжнародных канферэнцыях, арганізоўвалі вялікія семінары ва Украіне. Літаральна гарэлі сваёй работай!”

Самае галоўнае ў рабоце з дзецьмі з сіндромам Даўна — ведаць кожнага з іх як асобу. Падобных адно да аднаго сярод іх няма. Кожнае — індывідуальнасць, са сваім тэмпераментам і характарам, часам упартым. Навыкі ў іх развіваюцца таксама па-рознаму. Гэта поспехі ў развіцці звычайных дзяцей у тым ці іншым узросце можна звяраць з табліцай развіцця навыкаў. Дзяцей з сіндромам Даўна называюць “сонечныя”. Вельмі прыгожы вобраз! А называюць іх так, бо ў зносінах з гэтымі людзьмі ад іх ідуць практычна стапрацэнтныя эмоцыі, прычым не падробленыя, чыстыя эмоцыі. Калі сяброўства, то яно будзе стапрацэнтным, калі любоў, то таксама на сто працэнтаў. Але, як і ўсе людзі, яны могуць адчуваць негатыўныя эмоцыі, крыўду. Праўда, доўга пра іх не памятаюць. Ёсць тэорыя, што дзеці да 5—7 гадоў не ўмеюць хлусіць. У дзяцей з сіндромам Даўна гэтая якасць захоўваецца на ўсё жыццё. Іх вельмі важна вучыць правілам паводзін. У той жа час нельга разглядаць дарослага чалавека з сіндромам Даўна як дзіця. Калі гаварыць, напрыклад, пра дзяцей з аўтызмам, то ў іх, наадварот, назіраецца парушэнне эмацыянальнай сферы, іх трэба навучаць эмоцыям і правільнаму іх выкарыстанню. Дзіця з ДЦП не заўсёды з прычыны фізічных магчымасцей можа правільна выказаць свае эмоцыі. “Сонечныя” дзеці, дзякуючы сваёй міміцы, магчымасці іграць эмоцыямі, вельмі добрыя акцёры, а таксама выдатныя псіхолагі. Нават двухгадовы малыш будзе дакладна ведаць, кім з бацькоў можна маніпуляваць.

“Мне часам так хочацца расказаць усім, як гэта класна мець зносіны з людзьмі з сіндромам Даўна, што ад гэтага становіцца лягчэй на душы і ты быццам ачышчаешся, — адзначае Вольга. — Мне здаецца, і гэта не толькі маё меркаванне, што дзеці з такім сіндромам не проста так нараджаюцца, не выпадкова ўрачы іх не могуць убачыць падчас ультра­гукавога даследавання, вызначыць іх з’яўленне па выніках аналізаў. З практыкі скажу, што вельмі малы працэнт маці, якія ішлі раджаць, ведаючы, што ў іх будзе дзіця з сіндромам. Гэтыя малышы як быццам хаваюцца, а ў выніку, з’явіўшыся на свет, вельмі моцна мяняюць сваіх бацькоў у лепшы бок. Сёння я часта назіраю сітуацыі, калі не толькі мамы, але і таты цалкам уключаюцца ў выхаванне такіх дзяцей. Я мела вопыт работы з сынам вядомай актрысы тэатра і кіно тэлевядучай Эвеліны Блёданс. З яе дазволу магу пра гэта расказаць. На працягу паўгода Эвеліна ўдзельнічала ў здымках, якія прахо­дзілі ў Беларусі. У Мінск яна прыехала з сынам Сямёнам, у якога, як вядома, сіндром Даўна. Мяне ўразіла ступень зацікаўленасці Эвеліны ў карэкцыйным працэсе, які я праводзіла з Сёмам, і ўключанасці ў яго. Пры кожнай зручнай магчымасці яна здымала на планшэт усе нашы заняткі, каб пасля прапрацаваць іх з сынам яшчэ раз”.

Сёння ў цэнтры ранняга ўмяшання 10-й паліклінікі з Вольгай Лешчанка ў тандэме працуюць педыятр, інструктар ЛФК, неўролаг. У паліклініцы ёсць спецыялісты, да якіх яна можа адправіць дзіця, і яно на месцы атрымае адпаведную дапамогу. Напрыклад, калі бачыць, што малышу неабходна прайсці скрынінг па слыху ці праверыцца ў оталарынголага або каб неўролаг паўторна яго агле­дзеў. У якасці асноўных інструментаў работы Вольга Іванаўна выкарыстоўвае тэсты, гульні, цацкі, карцінкі, вершы, табліцы нормы. Ёй падабаецца дыягнастычны набор для ранняга ўзросту Стрэбелева, методыка Мантэсоры, бразготкі-неваляшкі, мячыкі, якія адрозніваюцца навобмацак, кубікі 3 ´ 3 см, якія змяшчаюцца ў дзіцячай далоньцы. Яна любіць цацкі з дрэва, якаснага пластыку. У яе заўсёды пад рукой увесь інструментарый, бо невядома, што ў пэўны момант спатрэбіцца на занятках, на што зрэагуе дзіця.

Асноўны від дзейнасці дзіцяці да 3 гадоў — эмацыянальныя зносіны, калі ўзбуджэнне пераважае над тармажэннем, што спецыялісту варта выкарыстоўваць. Таксама для дзяцей у гэтым узросце важна прадметная дзейнасць, а з 3 гадоў — гульнявая. Першае, чым Вольга Лешчанка актыўна карыстаецца ў рабоце, — дадзеным ёй ад прыроды прыгожым голасам. Яго пазнаюць і любяць усе, ён дапамагае наладзіць эмацыянальныя зносіны з маленькімі дзецьмі. Часта для таго, каб прадыягнаставаць малыша, спецыялісту не патрэбны ніякія асаблі­выя дапаможнікі. Можна і са звычайнай шарыкавай ручкай папрацаваць, калі малы ўхопіцца за яе, адначасова дэманструючы спецыялісту свой хапальны рэфлекс. А часам Вользе Іванаўне дастаткова простых зносін з малышом. Самымі шыкоўнымі цацкамі для работы з дзецьмі, па меркаванні Вольгі Лешчанка, з’яўляюцца бытавыя прадметы. Ёсць цікавае відэа, калі малому 8—9 месяцаў мама прапаноўвае на выбар цацкі. Кладзе, напрыклад, бразготку і пульт, сапраўдныя ключы і пластыкавыя цацачныя. Што выбірае дзіця? Рэальныя прадметы, з якімі ў рамках разумнага абавязкова трэба знаёміць дзяцей у раннім узросце. Ёсць перыяд у дзяцей, калі яны лю­бяць адкрываць тумбачкі і ўсё з іх даставаць. Вольга Лешчанка рэкамендуе бацькам пакласці туды драўляныя лыжкі, металічныя тазікі і іншыя бяспечныя прадметы, каб малыя рабілі розныя маніпуляцыі з імі. Пры гэтым яны вучацца стаяць ля апоры, адной рукой трымаючыся, а другой узаемадзейнічаючы з прадметамі і атрымліваючы тым самым рухальнае развіццё. Неўзабаве такі цікаўны малыш адпускае руку і пачынае стаяць самастойна!

Заняткі з дзецьмі ранняга ўзросту не мо­гуць быць дакладна спланаванымі і рэгламентаванымі па часе. Вольга Лешчанка — прыхільнік групавых заняткаў, каб мамы бачылі іншых дзяцей, разумелі, да чаго трэба імкнуцца, каб дарослыя і дзеці ўзаемадзейнічалі паміж сабой. На групавых занятках можна ўбачыць тое, чаго не ўбачыш падчас індывідуальных. Перш за ўсё, камунікацыю, якая ўзнікае ў групе. Але ў рамках групавой работы можна працаваць і індывідуальна. Пакуль усе малышы гуляюць, спецыяліст асобна займацца з кімсьці з дзяцей.

“Сістэма ранняга ўмяшання ў Беларусі яшчэ маладая, — гаворыць Вольга Лешчанка. — Пакуль у нас няма Інстытута ранняга ўмяшання, дзе сумесна будуць працаваць медыкі і педагогі. Але мы да гэтага ідзём. У гэтых пытаннях толькі міждысцыплінарная каманда можа даць адчувальны вынік. У нашай краіне, на жаль, не рыхтуюць спецыялістаў, якія могуць працаваць з бацькамі ў перынатальны і неанатальны перыяд. Недастаткова развітыя дзейнасць такіх псіхолагаў і ўвогуле ўзаемадзеянне паміж спецыялістамі сістэмы адукацыі і аховы здароўя па пытаннях аказання комплекснай дапамогі дзецям ранняга ўзросту. Развіццё сістэмы ранняга ўмяшання — пытанне надзвычай важнае для краіны, паколькі любая дзяржава зацікаўлена ў павелічэнні колькасці працаздольнага дарослага насельніцтва. Па вопыце іншых краін бачым, што нават людзі з цяжкай паталогіяй здольны выконваць простую работу і атрымліваць зарплату. Але магчымасці для гэтага закладваюцца ў раннім дзяцінстве, таму ранняя дапамога павінна быць пастаўлена на паток і аказвацца бацькам і дзецям бясплатна”.

Надзея ЦЕРАХАВА.