Не варта знаходзіцца ў інфармацыйным вакууме

- 10:20"Настаўніцкай газеце" — 75

Андрэй Віктаравіч Бязлепкін, настаўнік фізічнай культуры і здароўя гімназіі № 3 Магілёва, лаўрэат конкурсу “Настаўнік года — 2020” ў намінацыі “Музыка, выяўленчае мастацтва, мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура), працоўнае навучанне, чарчэнне, фізічная культура і здароўе, дапрызыўная падрыхтоўка”, пастаянны аўтар газеты.

Калісьці Савецкі Саюз лічыўся самай чытаючай краінай у свеце. І мы, жыхары гэтай краіны, шмат часу прысвячалі чытанню класічнай літаратуры, прыгодніцкіх раманаў, газет і часопісаў. Аднак са з’яўленнем рознага роду гаджэтаў, мабільных прылад цікавасць да атрымання інфармацыі з друкаваных выданняў прыметна знізілася.

Варта адзначыць, што сёння назіраецца пасіўнасць у чытанні не толькі кніг, але і спецыялізаванай літаратуры, у тым ліку педагагічнай, створанай для паляпшэння якасці работы настаўнікаў розных вучэбных прадметаў.

Гаворачы пра галоўную педагагічную газету краіны — “Настаўніцкую газету”, хочацца сказаць самыя важныя словы. Часта настаўнікам даводзіцца варыцца ў сваім саку, і нават пры наяўнасці мабільных сродкаў і доступу да інфармацыі яны гэтую самую інфармацыю недаатрымліваюць. “Настаўніцкая газета” заклікана расказваць пра значныя падзеі ў адукацыйнай сферы, знаёміць з перадавымі ідэямі перадавых педагогаў. На маю думку, газета нездарма столькі гадоў знаходзіцца на першых ролях настаўніцкага жыцця.

На старонках газеты кожны педагог, які мае адпаведны ўзровень, веды і галоўнае — жаданне, можа падзяліцца вопытам сваёй прафесійнай дзейнасці, даць магчымасць калегам скарыстацца перадавымі ідэямі. Дзякуючы газеце настаўнік можа раскрыць свой творчы патэнцыял, звязаны з падрыхтоўкай і распрацоўкай матэрыялаў, напісаннем артыкулаў, што спатрэбіцца яму і для іншых публікацый, а значыць, і для павышэння сваёй кваліфікацыйнай катэгорыі, аж да настаўніка-метадыста.

Асабіста я стараўся дзяліцца на старонках “Настаўніцкай” той інфармацыяй, якую змог пачарпнуць з мноства крыніц, расказаць пра новыя віды фізічнай актыўнасці (“Плогінг”, ОCR), якія з’яўляюцца ў розных краінах свету і паступова ўкараняюцца ў нашай краіне.

У мяне была магчымасць расказаць пра работу ў аб’яднаннях па інтарэсах, пра правядзенне ўрокаў, майстар-класаў, разнастайных пазакласных мерапрыемстваў, а таксама пра тэму майго педагагічнага вопыту “Міжпрадметныя сувязі”.

Пра конкурс педагагічнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” я ведаў даволі мала да таго моманту, пакуль самому не прыйшлося акунуцца ў яго з галавой. І тады я зразумеў, што неабходна расказаць калегам больш падрабязна пра тое, што адбываецца ўнутры галоўнага педагагічнага конкурсу краіны.

Калі літаральна тры гады назад па нашым вучэбным прадмеце з’явілася алімпіяда, мне пашчасціла апынуцца ў складзе журы заключнага этапу. І пра гэта я таксама пастараўся падрабязна расказаць, пра сам працэс знутры. Па заканчэнні апісальнага экскурсу, ужо як трэнер абласной каманды, паспрабаваў даць калегам рэкамендацыі па падрыхтоўцы да алімпіяды навучэнцаў.

Нярэдка мне даводзілася чуць ад калег пра тое, што нічога цікавага і новага яны ўжо не спазнаюць, бо ўжо даволі даўно працуюць у сферы адукацыі. І на вялікі жаль, настаўнікі-прадметнікі ў большасці зусім не чытаюць спецыялізаваную літаратуру і не лічуць неабходным гэта рабіць. Аднак, на маю думку, кожны настаўнік павінен знаёміцца як мінімум з матэрыяламі пра свой вучэбны прадмет у “Настаўніцкай газеце”. Пажадана праглядаць усю газету, бо вельмі важна быць у курсе таго, што адбываецца не толькі ў сваім вучэбным прадмеце, але і не абыходзіць увагай такую тэму, як міжпрадметныя сувязі.

Лічу, што ніякі іншы вучэбны прадмет так цесна не звязаны з іншымі прадметамі, як “Фізічная культура і здароўе”. І не толькі таму, што ўжо вельмі даўно прынята праводзіць фізкультхвілінкі падчас урокаў. Тут гаворка ідзе пра такі важны элемент, як аб’яднанне ўсіх прадметаў, у большай ступені накіраванае на прадстаўленне навучэнцам разрозненых фрагментаў нашага жыцця, у той час як міжпрадметныя сувязі даюць уяўленне аб агульнай карціне свету. 

У заключэнне хачу адзначыць, што не варта знаходзіцца ў інфармацыйным вакууме, калі ёсць вялікая колькасць спецыялізаванага матэрыялу, які паляпшае ў першую чаргу якасць работы настаўніка, а значыць, і ўсё яго жыццё ў цэлым. Адным з такіх прадуктаў, які, без перабольшання, мяняе жыццё да лепшага, і з’яўляецца “Настаўніцкая газета”.