Не вучыце дзяцей плаваць на сушы

- 12:48Выхаваўчая прастора

Апошнія гады Жодзіна ўсё часцей называюць інтэлектуальнай сталіцай, а яе сэрцам — сярэднюю школу № 8. Так, яшчэ некалькі гадоў назад хлочыкі і дзяўчаты з асцярогай выходзілі на інтэлектуальныя турніры горада, сёння ў іх за плячыма — дзясяткі перамог не толькі ў горадзе і вобласці, але і на рэспубліцы. Ёсць у іх скарбонцы прыгаршчы “серабра” і “золата”, заваяваных на міжнародных турнірах. Юныя інтэлектуалы паспяхова выступілі і ў тэлегульнях, сталі членамі Беларускай лігі інтэлектуальных каманд. Дзякуючы гэтай славе школа стала пляцоўкай для правядзення чэмпіянату па інтэлектуальных гульнях Мінскай вобласці, на які штогод з’язджаюцца дзясяткі каманд. Сёлета тут пройдзе і фінал чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па інтэлектуальных гульнях, а ў канцы лютага на базе горада ўпершыню пройдзе І адкрыты нацыянальны кубак Рэспублікі Беларусь.

Выпадковая невыпадковасць

Так, хоць школа з самага першага дня свайго існавання ўключылася ў інтэлектуальны рух, сапраўды знакамітай яна стала толькі ў апошнія гады. І галоўная заслуга ў гэтым настаўніцы рускай мовы і літаратуры Ганны Генрыхаўны Надуда, якая 7 гадоў назад узначаліла ў школе інтэлектуальны рух.
Каб уявіць сабе натуру Ганны Генрыхаўны, трэба зазірнуць у яе дзяцінства. 60 гадоў назад каварная дзіцячая хвароба поліяміэліт пакідала шанс на жыццё толькі аднаму з дзесяці, і, як правіла, дзіця заставалася інвалідам. Але з гэтым дыягназам не хацела мірыцца ні мама маленькай Ганны, ні сама дзяўчынка.

“Мама ўсё жыццё гаварыла мне, што я такая ж, як і ўсе, — успамінае Ганна Генрыхаўна. — Калі я паверыла ў гэта, мне хацелася даказаць самой сабе, што я магу нават трошкі больш, чым многія іншыя. Няхай гэта былі дзіцячыя амбіцыі, але для мяне гэта было важна. Не магла пераўзысці фізічна — імкнулася ведаць як мага больш. Наша сям’я пераехала следам за татам ваенным у Магнітагорск, і так склалася, што мама, хоць і была настаўніцай гісторыі па адукацыі, працавала ў бібліятэцы. І гэта ў той час, калі кніга была яшчэ ў навіну. Для мяне гэта стала вызначальным. Я на ўсё жыццё запомніла сваё дзіцячае ўзрушэнне ад кнігі “Падарожжа Блакітнай Стралы” Джані Радары, якая адкрыла для мяне свет нанава. І з таго часу да сённяшняга дня я не магу прамінуць кніжны магазін”.
Тое, што Ганна Генрыхаўна стала настаўніцай рускай літаратуры, было лагічным. Усё астатняе — выпадкова. Выпадкова трапіла ў Жодзіна, выпадкова пачала працаваць у гэтай школе, выпадкова пераняла інтэлектуальную эстафету ад намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце В.І.Харошкі, які перайшоў на пасаду дырэктара і не меў магчымасці рыхтаваць дзяцей да турніраў. Толькі вось у яе вучняў вера ў свае сілы і жаданне не стаяць на месцы з’явіліся не выпадкова.

Ад пытання — да чытання

Бліснуць сваёй эрудыцыяй — адна з самых папулярных прычын, якая прыводзіць школьнікаў у рады школьнага клуба “Інтэлектуалы”, якім кіруе Ганна Генрыхаўна. Здавалася б, магчымасць раскрыцца таленавітым дзецям прадастаўляюць і факультатывы, і прадметныя алімпіяды, і навукова-практычныя канферэнцыі. Аднак перавага інтэлектуальных гульняў у тым, што барацьба розумаў праходзіць як яркае відовішча, як забаўляльнае спаборніцтва.
У школьным клубе зараз каля 60 чалавек. За гэтыя гады сфарміравалася нямала каманд. Сярод іх “Салярыс” (10 клас), “Нестандарты” (8 клас), “Дзеткі Мантэсоры” (6 клас) і тры каманды чацвёртакласнікаў — “Гром”, “Вечны агонь” і “Цудоўная сямёрка”. Чатыры каманды ўжо выпусціліся. Амаль усе іх удзельнікі працягваюць гуляць у студэнцкіх клубах і абавязкова прымаюць удзел у дамашніх турнірах — у роднай школе з членамі сённяшняга школьнага клуба.
“У правінцыяльным горадзе часам назіраецца “эфект балота”: калі ты не ведаеш, чым жывуць людзі за яго межамі, лёгка быць задаволеным і сабой, і сваёй роднай купінай. А гульня на вобласці, на рэспубліцы дазваляе дзецям убачыць свой інтэлектуальны ўзровень і параўнаць яго з узроўнем саперніка, — разважае Ганна Генрыхаўна. — Добра памятаю, як мы вярталіся з камандай дзевяцікласнікаў “Агні святога Эльма” з Мінска, дзе яны сярод юніёраў на рэспубліцы перамаглі мацнейшыя каманды ў брэйн-рынгу. Здавалася б, канец тыдня, два складаныя дні турніру ў Мінску, а яны мне: “Заўтра чэмпіянат Мінскай вобласці. Паехалі!” І яны, не заўважаючы стомленасці, узялі яшчэ “золата” сярод ювеналаў і “бронзу” сярод юніёраў. Канечне, стымулам стала і тое, што яны адчулі, а дакладней пачулі, як іх з павагай і апаскай сустракаюць сапернікі — шэптам адно аднаму па ланцужку перадавалі: “Жодзіна прыехала”.
Для Ганны Генрыхаўны як філолага гульня — гэта і магутная інтэлектуальная зброя: дзеці, самі таго не заўважаючы, шмат чытаюць. Яны ўжо даўно не выбіраюць кнігі ў бібліятэцы, арыентуючыся толькі на праграму. Пытанні могуць трапіцца любыя, таму чытаць трэба ўсё.
Скажы ты любому школьніку: “Хочаш усё ведаць — больш чытай” — наўрад ці ён адгорне кнігу. Ганна Генрыхаўна робіць хітрэй. Яна ладзіць творчыя сустрэчы з вядомымі інтэлектуаламі прама ў школе — збіраюцца на іх усе школы горада. І падчас майстар-класаў, якія праводзяць Павел Забаўскі, Алесь Мухін, Леанід Клімовіч, Леанід Купрыда, само па сабе ўзнікае жаданне ім адпавядаць. Збіраюцца ў школе і педагогі з усёй рэспублікі, якія ў сваіх навучальных установах кіруюць інтэлектуальнымі клубамі і гурткамі. Для іх Ганна Генрыхаўна сумесна з НЦМТДіМ праводзіць семінары. Стаў традыцыйным у школе і турнір-мемарыял, прысвечаны памяці аднаго з лепшых ігракоў Дзмітрыя Паўлаўца. Турнір праводзіцца пры садзейнічанні Беларускай лігі інтэлектуальных каманд. Усё гэта толькі частка школьнага праекта “Жодзіна — горад інтэлектуальны”.

Галоўнае — адчуць смак перамогі

Калі я спыталася ў Ганны Генрыхаўны, у чым сакрэт поспеху, была ўпэўнена, што яна мне раскажа пра свой сакрэт адбору таленавітых дзяцей, пра асаблівыя праграмы, трэнінгі, па якіх яна рыхтуе дзяцей. А яна зазначыла, што ніякага адбору не існуе: інтэлектуальнага чалавека можна зрабіць з любога жадаючага. А трэніроўкі-падрыхтоўкі ўвогуле не іграюць вырашальнай ролі.
“Самае галоўнае — даць дзецям адчуць смак перамогі. Хоць маленькай, — гаворыць мая суразмоўніца. — Яны абавязкова павінны адчуць, што здольныя быць лепшымі, няхай спачатку не ва ўсёй гульні, няхай знойдзецца хаця б адно пытанне, адказ на якое змаглі даць толькі яны, — гэта найлепшы стымул рухацца далей. І чым вышэйшы ўзровень гульні, тым лепш, бо адна справа, калі са стоса сваіх запасаў дастаеш ужо некалі згуляныя пытанні, — тады яны адчуваюць гэтую ўмоўнасць, штучнасць. Іншая справа — міжнародны турнір, пра які яны даведваюцца за тыдзень. Вось табе максімальная засяроджанасць і выніковасць”.

Пра тое, наколькі гэты падыход правільны, гавораць вынікі. На рахунку самой настаўніцы сярод многіх падзяк і ўзнагарод — спецыяльная штогадовая прэмія “Буслянка” ў намінацыі “Трэнер года”, якую Беларуская ліга інтэлектуальных каманд уручыла Ганне Генрыхаўне два гады назад. А яе выхаванцы заўсёды ў пераможцах ці прызёрах на рэспубліканскіх інтэлектуальных турнірах. Гучна заявілі пра сябе каманды і на міжнародным узроўні. Так, каманда “Салярыс” нядаўна прывезла “бронзу” з Міжнароднага турніру па інтэлектуальных гульнях “Кубак княгіні Вольгі”, а ў 2012 годзе яны ўзялі на ім “золата”. Вышэйшыя прыступкі займалі выхаванцы Ганны Генрыхаўны на Кубку Еўропы па інтэлектуальных гульнях сярод школьнікаў, на Міжнародным маладзёжным фестывалі “Моладзь Расіі і Беларусі ў XXI стагоддзі разам”, каманда “Агні святога Эльма” перамагла ў брэйн-рынгу на Кубку Еўропы. Станавіліся сярэбранымі прызёрамі на Маладзёжным кубку свету па інтэлектуальных гульнях, на Міжнародным турніры па інтэлектуальных гульнях “Несцерка” і “Што? Дзе? Калі?”.
Сапраўды, навучыцца плаваць на сушы не атрымаецца, таму экстрэмальны спосаб плавання асвойваюць нават малышы. Так, летась Ганна Генрыхаўна “кінула ў ваду” трэцякласнікаў, якіх трэніравала разам з іх класным кіраўніком Таццянай Мікалаеўнай Грышчанка. Ну і дарма, што гэты турнір быў для 5—7 класаў. Ну і што, што вочы акругліліся ва ўсіх прысутных, у тым ліку і ў журы. Не паставіла ў тупік і фраза “Як жа яны будуць пытанні запісваць?”. Так, за секунды гэта зрабіць яны не паспелі б, таму ўспрымалі на слых. Задача ўсіх іх сапернікаў па “Сваёй гульні” — не сысці ў мінус, а выхаванцы Ганны Генрыхаўны нават засталіся ў плюсе. Пасля 45 пытанняў для іх гульню можна пачынаць зноў: у іх столькі запалу, яны не ведаюць, што такое стамленне.

Цаніць час і падтрымку сябра

Канечне, гульня — справа сур’ёзная. І сёння ўжо не трэба даказваць яе ролю ў развіцці мыслення, інтуіцыі, логікі, фантазіі. Але вось цікава, якія здольнасці адкрываюць у сабе самі юныя інтэлектуалы. Для гэтага адгорнем гасцявую кнігу клуба.
Марына Сімончык, капітан каманды “Квінтэсэнцыя мудрасці”, пакінула ў ёй такі запіс:
“Навыкі, якія я атрымала за час удзелу ў інтэлектуальных гульнях, дапамагаюць мне і ў вучобе: уменне лагічна мысліць, уменне шукаць нестандартныя рашэнні мне ўжо не раз спатрэбіліся. З таго часу, як у маім жыцці з’явіліся інтэлектуальныя гульні, я стала больш чытаць. Дзякуючы гульням я навучылася размяркоўваць свой час да апошняй хвіліны, пра велізарную ўмяшчальнасць якой я даведалася падчас хвіліны абмеркавання”.
А вось калектыўнае меркаванне каманды выпускнікоў “Прасвет”:
“Навошта вам гэта трэба? Што вам дае ўдзел у інтэлектуальных гульнях? Нам часта задаюць падобныя пытанні. Мы задумаліся над гэтым, і вось што ў нас атрымалася.
1. Парадак у галаве. Развіваецца логіка, становішся ўважлівым, пачынаеш шукаць у жыцці дробныя зачэпкі — падказкі, такія ж, як і ў пытаннях на гульнях, якія дапамагаюць знайсці дакладнае вырашэнне задачы, пастаўленай жыццём.
2. Адкрыццё невядомых дагэтуль рыс у характары даўно знаёмых людзей, ды і ў сваім таксама. Калі гуляеш адным складам, пачынаеш разумець членаў каманды з паўслова. Адчуваеш, што цяпер усе — адна сям’я, што ёсць агульная мэта.
3. Знаёмства з іншымі эрудытамі. Толькі зносіны з такімі зоркамі беларускай элітаркі, як Леанід Клімовіч, Сяргей Буян, Расціслаў Міневіч, чаго вартыя! Дзякуючы ім мы праходзім добрую жыццёвую школу, як зрабіць сябе пры дапамозе свайго інтэлекту”.
Упэўнена, што папоўніцца новымі запісамі гасцявая кніга на наступным тыдні, у суботу. Гэты дзень, а дакладней вечар сустрэчы выпускнікоў стаў, бадай, самай любімай традыцый у беларусаў: так прыемна ўбачыць школьных сяброў, настаўнікаў, успомніць сваё школьнае жыццё. А вось для выпускнікоў школы № 8 Жодзіна гэты дзень не столькі дзень успамінаў, колькі нагода для новых перамог. Ужо 4 гады ўсе іх дарогі вядуць у Жодзіна, каб чарговы раз бліснуць розумам на турніры па інтэлектуальных гульнях сярод выпускнікоў. Поспехаў вам, інтэлектуалы!

Святлана НІКІФАРАВА.