Не забыты ты, лірнік вясковы

- 11:16Навіны рэгіёнаў

Гэтай восенню наша краіна адзначае 195-годдзе з дня нараджэння Уладзіслава Сыракомлі, чалавека, які ўвасобіў у сабе мноства роляў — паэта-гуманіста, публіцыста, крытыка, перакладчыка, этнографа. Гэтую падзею шырока адзначаюць на Любаншчыне, бо менавіта тут, у фальварку Смольгаў, нарадзіўся гэты выбітны чалавек.

У гонар юбілейнай даты ва ўстановах адукацыі Любанскага раёна быў аб’яўлены месячнік, у рамках якога прайшло шэраг мерапрыемстваў. Адкрыццё месячніка адбылося падчас урачыстай лінейкі ля памятнага каменю ў гонар Сыракомлі, які знаходзіцца на тэрыторыі Смольгаўскага дзіцячага сада — базавай школы. У гэтай жа ўстанове адукацыі праводзілася літаратурна-музычная гасцёўня “Лірнік вясковы” і конкурс юных талентаў Смольгаўшчыны “Дзе чутны мовы нашай гукі”. Цікавыя і змястоўныя мерапрыемствы ладзіліся ў сярэдняй школе № 3 Любані імя Г.Л.Сячко. Гэта літаратурна-краязнаўчая віктарына “Па яго былых ваколіцах”, відэалекторый “Уладзіслаў Сыракомля. Больш чым паэт”, урокі-панарамы “Над кнігай улады час не мае”.

Юныя жыхары Любанскага раёна ўзялі ўдзел у конкурсе малюнкаў “Не забыты ты, лірнік вясковы…”, конкурсе літаратурнай творчасці “Мая ліра для спеваў, з чарадзейнага дрэва!”, па выніках якога быў аформлены зборнік “Проба пяра нашчадкаў Уладзіслава Сыракомлі”.

Актыўна падчас месячніка навучэнцы ўстаноў адукацыі раёна наведвалі літаратурны музей “Лірнік вясковы”, які дзейнічае ў Смольгаўскім ВПК. Дарэчы, з 1994 года ўстанова носіць імя У.Сыракомлі. З гэтага ж часу існаваў куток у кабінеце беларускай мовы і літаратуры, прысвечаны творчасці У.Сыракомлі. Менавіта тады быў пакладзены пачатак збору і вывучэнню матэрыялаў аб творчасці і жыцці знакамітага земляка. А да 180-гадовага юбілею паэта ў 2003 годзе ў школе быў адкрыты музей. Сёння тут больш за 320 экспанатаў асноўнага і дапаможнага фонду, якія расказваюць пра жыццёвы шлях У.Сыракомлі, аб яго сябрах і аднадумцах, літаратурнай спадчыне. Таксама адправіцца на экскурсію ў музей можна віртуальна — у выніку рэалізацыі абласнога педагагічнага праекта ў 2014 годзе быў створаны віртуальны літаратурны музей У.Сыракомлі.

Адным з маштабных мерапрыемстваў месячніка стаў круглы стол “Малая радзіма Уладзіслава Сыракомлі:

195-годдзе з дня нараджэння”. На Любаншчыну прыехалі зацікаўленыя тэмай супрацоўнікі ўстаноў адукацыі з усёй вобласці. Да іх далучыліся і сучасныя творцы — у мера-прыемстве ўзялі ўдзел старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Святлана Анатольеўна Быкава і паэт Яўген Віктаравіч Пясецкі.

Пачатак мерапрыемству паклала экскурсія ў літаратурны музей “Лірнік вясковы”, якую правяла кіраўнік музея Ірына Уладзіміраўна Нямальцава. Пасля чаго ўдзельнікі мерапрыемства сабраліся за круглым сталом у сярэдняй школе № 3 Любані.

Вопытам фарміравання грамадзянскасці і патрыятызму ў навучэнцаў устаноў адукацыі раёна сродкамі рэалізацыі праектаў краязнаўчага характару ў супрацоўніцтве з установамі культуры падзяліліся Т.С.Кругленя, метадыст вучэбна-метадычнага кабінета ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Любанскага райвыканкама, і В.М.Бялькевіч, кіраўнік раённага рэсурснага цэнтра вуснагістарычных даследаванняў, кіраўнік музея “Сарачы” Сароцкай сярэдняй школы. А метадыст ЦТДіМ Капыльскага раёна В.М.Максіменя падзялілася ўражаннямі ад правядзення тыдня Уладзіслава Сыракомлі на Капыльшчыне.

Паліна Нямальцава, навучэнка сярэдняй школы № 3 Любані, прэзентавала даследчую работу “Рэканструкцыя фальварка Смольгаў — месца нараджэння Уладзіслава Сыракомлі”. На аснове гістарычных дакументаў і ў супрацоўніцтве з нашчадкамі Сыракомлі, якія зараз жывуць у Польшчы, дзяўчына высветліла, як выглядаў фальварак у ХІХ стагоддзі і стварыла яго макет.

Любаншчына — край, багаты на таленты, чыя дзейнасць натхняе дзяцей і педагогаў на новы пошук. Так, тут нарадзіўся і жыве дзіцячы пісьменнік і паэт Іван Андрэевіч Муравейка, заслужаны работнік культуры БССР, выдатнік друку СССР. У яго гонар і з удзелам паэта праводзіцца раённы дзіцячы конкурс літаратурнай творчасці “Мурашыная сцежка”. Пра гэта расказала Т.М.Марчанка, загадчык вучэбна-метадычнага кабінета ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Любанскага райвыканкама.

А завяршыў мерапрыемства “Час літаратурнага чытання”. Лепшыя юныя чытальнікі вершаў прадэкламавалі неўміручыя радкі Уладзіслава Сыракомлі. Удзельнікі мерапрыемства чарговы раз пераканаліся, што спадчына, якую пакінуў наш славуты зямляк, пры прадуманым падыходзе можа стаць цудоўным сродкам навучання і выхавання дзяцей.

Дар’я РЭВА.
Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА.