Не забывайце песні роднай!

- 11:22Культура

Ведаць гісторыю свайго народа, яго культурную спадчыну — абавязак кожнага з нас. Народ, які не ведае гісторыі і культуры сваіх продкаў, асуджаны на духоўнае выраджэнне. Захаванне народных традыцый у сучасным грамадстве — справа важная і адказная. У нашай школе да гэтай справы падышлі вельмі своеасабліва: Львом Мікалаевічам Новікавым у 2006 годзе быў створаны ансамбль песні і музыкі “Сузор’е”. Да гэтага ж часу ў нас існавалі асобна інструментальны ансамбль “Святліца” і вакальная група “Сузор’е” настаўнікаў сярэдняй школы № 5 Наваполацка.

Назва калектыву “Сузор’е” азначае, што ў кожнага чалавека ў жыцці свой шлях, сваё сузор’е, якое звязвае мінулае і будучыню, яно, нібы светлы прамень, вядзе чалавека ад калыскі да зорных шляхоў і новых здзяйсненняў. І, безумоўна, галоўны выток, крыніца гэтага — народная песня, якая ідзе ад сэрца і фантазіі, якую народ складаў цэлымі вякамі ў розныя хвіліны свайго жыцця.

Галоўная мэта калектыву — патрыятычнае выхаванне моладзі, фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці, духоўнасці, павагі да гістарычнай спадчыны, народных традыцый, развіццё творчых здольнасцей, ініцыятывы. Для ўдзельнікаў ансамбля сумесная творчасць — своеасаблівы лад жыцця, непаўторнае асяроддзе, дзе адбываецца далучэнне кожнай асобы да нацыянальнай культуры, да жыватворнага пачуцця ўласнай і грамадскай годнасці.

Аснова рэпертуару ансамбля — традыцыйныя беларускія народныя песні і інструментальная музыка, аўтарскія творы. Мастацкі кіраўнік Леў Новікаў адказна ставіцца да падбору песеннага рэпертуару, сам апрацоўвае і аранжыруе фальклорны матэрыял. Значны практычны вопыт музыканта-выканаўцы, канцэртмайстра, атрыманая класічная дырыжорская адукацыя, багаты вопыт работы са многімі самадзейнымі калектывамі сталі трывалым фундаментам для яго прафесійнай дзейнасці.

Як мастацкі кіраўнік з рэдкім музычным густам і добрым чуццём ён дэталёва выкарыстоўвае ўсе магчымасці беларускіх народных інструментаў. Як музыкант з выдатнымі імправізатарскімі здольнасцямі Леў Мікалаевіч раскрывае магчымасці кожнага выканаўцы, таму аркестр пад яго вопытным кіраўніцтвам гучыць глыбока, з яркімі тэмбравымі адценнямі і здзіўляе нечаканымі структурнымі знаходкамі. Ён ніколі не задавальняецца дасягнутым, а імкнецца да яшчэ большага ўдасканальвання, часам, здаецца, спалучае неспалучальнае, шукаючы новыя выразныя фарбы і сродкі. Дзякуючы яркаму вобразнаму мысленню, ён тонка адчувае музычную форму, што надае завершанасць і цэльнасць музычным творам у яго апрацоўках.

Кожныя заняткі для яго — гэта паступовае засваенне новага матэрыялу, а кожны ўдзельнік — гэта асоба, якая патрабуе вялікай увагі, разумення. Ён карэктна і ўмела накіроўвае работу, удала спалучае тэарэтычныя і практычныя метады і разнастайныя формы. Усіх удзельнікаў калектыву захапляюць прыгажосць і багацце беларускіх народных песень у апрацоўцы мастацкага кіраўніка, і яны з задавальненнем іх выконваюць.

Менавіта пад кіраўніцтвам Льва Мікалаевіча Новікава ансамбль песні і музыкі “Сузор’е” дасягнуў значных творчых поспехаў і ў 2010 годзе атрымаў найменне народнага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь.

У складзе аматарскага калектыву працуюць тры розныя групы, створаныя з улікам узросту і мастацкай дзейнасці: аркестравая, малодшая вакальная і старэйшая вакальная групы. Формы работы разнастайныя. У асноўным гэта індывідуальныя заняткі, заняткі па групах і адзін раз на тыдзень — зводныя рэпетыцыі.

За гады свайго існавання ансамбль песні і музыкі дасягнуў у выкананні непасрэднасці і шчырасці пачуццяў, асаблівай сапраўднасці яркіх эмоцый і тонкіх адчуванняў. На гэта спатрэбілася шмат вялікіх намаганняў, мэтанакіраванай творчай працы над артыкуляцыяй, дыкцыяй, дыханнем, фразіроўкай. Данесці песню да кожнага слухача дапамагае і аркестравая група, якая ярка, рэльефна, пранікнёна перадае яе змест, спрыяе глыбіні разумення сэнсу песні, успрыманню яе на эмацыянальна-вобразным узроўні.

Вельмі важна, што ў творчым калектыве побач з дарослымі ўдзельнікамі плённа працуюць і дзеці. Праца разам з вопытнымі настаўнікамі дапамагае развіваць творчыя здольнасці вучняў, дае магчымасць праявіць свой талент, садзейнічае эстэтычнаму выхаванню, аб’яднанню іх у дружны калектыў, выхоўвае культуру зносін. Кожны год юныя выканаўцы разам з дарослымі прымаюць удзел у традыцыйных выніковых канцэртах, якія з’яўляюцца справаздачай аб рабоце калектыву за ўвесь год.

Калектыў прымае актыўны ўдзел у культурным жыцці горада, супрацоўнічае з бібліятэкамі, аддзелам ЗАГСа Наваполацка. У 2015 годзе ансамбль песні і музыкі “Сузор’е” атрымаў гарадскую прэмію за высокія творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва “Прызнанне“ ў намінацыі “За захаванне і развіццё нацыянальных традыцый”.

Дзейнасць народнага ансамбля песні і музыкі “Сузор’е” на працягу 2016 года, Года культуры, была накіравана на абуджэнне цікавасці гледачоў да песеннай і музычнай культуры, фальклору, да народных свят і абрадаў беларусаў. На працягу года ўдзельнікамі калектыву для вучняў школы і жыхароў мікрараёна былі праведзены святы народнага календара “Пакроўскі кірмаш”, “Каляды”, “Масленіца”, “Вялікдзень”.

Тэатралізаваным канцэртам “Фэст у Слабадзе” калектыў адзначыў 10-годдзе творчай дзейнасці, на якім прадэманстраваў багацце свайго рэпертуару і выканальніцкае майстэрства. “Фэст у Слабадзе” стаў сапраўдным падарункам аматарам беларускай музыкі. Да сэрцаў усіх гледачоў даносіліся словы беларускіх песень “Добры вечар”, “Як пайду я дарогаю”, “Ой, дзе ж ты была”, “Валачобныя” і інш. А як гучалі ў руках юных музыкаў скрыпкі, цымбалы, гармонікі! Ды што там казаць, нават прылады быту селяніна — маслабойкі, валок, піла і качалкі — таксама ператварыліся ў музычныя інструменты. На працягу канцэртнай праграмы ўдзельнікі калектыву і гледачы разам адчувалі радасць ад таго, што такім чынам яны аддаюць даніну павагі нашым продкам і робяць крок у будучыню.

Творчы калектыў “Сузор’е” жыве народнай песняй і музыкай. Для ўдзельнікаў ансамбля беларуская песня — задавальненне і асалода.

Людміла ЛЯХ,
выкладчык музыкі сярэдняй школы № 5 Наваполацка.