Не забываць пра адпачынак

Днямі ў сталічным парку Дружбы народаў прайшоў фестываль студэнцкіх атрадаў STUDFEST. На ім сабраліся ўдзельнікі будаўнічых, экалагічных, вытворчых, сэрвісных і педагагічных атрадаў, якія працуюць у перыяд трэцяга працоўнага семестра.

Ініцыятыўныя, таленавітыя, актыўныя, адказныя і мэтанакіраваныя — так характарызавалі гэтых маладых людзей. У парку яны атрымалі магчымасць крыху адпачыць і нават атрымаць за гэта прызы. На ўваходзе ўсім давалі маршрутныя лісты, дзе былі пералічаны розныя пляцоўкі. Удзельнікам трэба бы­ло прайсці кожную зону і атрымаць за гэ­та наклейкі. Калі ўсе сабраны, можна абмяняць іх на салодкую вату. Жадаючыя маглі паказаць свае танцавальныя магчымасці ў зонах Just dance і “Караоке для ног”, аматары камп’ютарных гульняў біліся за тытул у інтэрактыўнай зоне “Геймер”, свае сілы паказвалі ў гульнях “Гіганцкая джэнга” і “Гіганцкі тэтрыс”, аматары хакея і футбола дэманстравалі свой спрыт у настольным спорце, а трапнасць правяралася падчас гульні з кольцамі. Акрамя салодкай ваты, трое шчасліўчыкаў атрымалі сертыфікаты на 100 рублёў.

“Мы ў пачатку жніўня адкрылі трэці працоўны семестр, таму пакуль складана зрабіць нейкія высновы. Прыкладна ў верасні мы бу­дзем падводзіць вынікі, вызна­чаць лепшага каман­дзіра, камісара і лепшыя атрады, — гаворыць Ілона Іларыёнава, каардынатар праектаў Мінскай гарадской арганізацыі БРСМ. — Шмат людзей жадаюць стаць часткай студэнцкага атрада, бо яны хочуць быць карыснымі, хочуць зарабіць, магчыма, свае першыя грошы. Гэта не толькі праца, але і цікавы час, ад якога застаюцца яркія эмоцыі, уражанні: студэнты маюць зносіны з новымі людзьмі, атрымліваюць прафесійны вопыт, які могуць пазней прымяніць у жыцці”.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара.