Не забываць пра подзвіг

- 11:45Адукацыйная прастора

Напярэдадні 30-годдзя вываду савецкіх войск з Афганістана ва ўстановах адукацыі прайшлі памятныя мерыпрыемствы, якія сталі данінай павагі ўдзельнікам вайны 1979—1989 гадоў. Сустрэча з воінам-інтэрнацыяналістам Міхаілам Уладзіміравічам Мірончыкам, дырэктарам Дэпартамента кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, адбылася ў чацвер у гімназіі № 56 Мінска.

Час загойвае раны, сталі дарослымі і мудрэйшымі воіны-інтэрнацыяналісты, якія хлопцамі прайшлі вайну ў Афганістане. Тых, хто служыў у той краіне, іншых гарачых кропках, мы пазнаём не толькі па ордэнскіх нашыўках на цывільным адзенні, мы пазнаём іх і па спакойных тварах. Гэта людзі, якім заўсёды можна даверыцца. Кожны хацеў бы мець такога сябра. Гэта сапраўдныя героі, якія не любяць дзяліцца ўспамінамі пра тую вайну, неахвотна расказваюць пра тое, што давялося перажыць у далёкім Афганістане, і тым больш каштоўным з’яўляецца кожнае іх слова. Міхаіл Уладзіміравіч Мірончык праходзіў суровую афганскую школу пасля 2 курса геафака БДУ. Служыў з 1985 па 1987 год у інжынерна-сапёрнай роце, удзельнічаў у баявых аперацыях, мае ўзнагароды, у тым ліку медаль “За баявыя заслугі”.

— На сустрэчах з воінамі-інтэрнацыяналістамі часта пытаюцца: вайна ў Афганістане — гэта гераізм або трагізм? З аднаго боку, гэта гераізм, праяўлены нашымі хлопцамі ў складаных умовах. З іншага боку, гэта трагізм, паколькі маладыя, не падрыхтаваныя ні псіхалагічна, ні маральна хлопцы былі адпраўлены на вайну ў далёкую краіну. Пра трагізм сведчыць і колькасць загінуўшых салдат, тых сем’яў, якія не дачакаліся сваіх сыноў, братоў, да якіх прыйшло гора. Афганістан — гэта вялікі трагізм для той краіны, за ідэю якой мы выконвалі свой воінскі абавязак. Тады мы не пыталі, чаму час выбраў менавіта нас, што мы рабілі ў Афганістане. Сёння на гэтыя пытанні сабе адказваю так: “Мы жылі ў той час, у той краіне, СССР, у інтарэсах якой неабходна было абараняць гэтую тэрыторыю. І мы з задачай, якую перад намі паставіла Радзіма, справіліся”. Мае сябры праз многія гады пасля вываду савецкіх войск былі ў Афганістане. Яны бачылі, што тыя помнікі, якія ставілі савецкія салдаты ў гонар сваіх загінуўшых таварышаў, захаваліся. Гэта гаворыць пра тое, што ў афганскага народа пра нас засталіся добрыя ўспаміны, гэты народ памятае дапамогу Савецкага Саюза ў станаўленні іх дзяржавы, — гаворыць Міхаіл Уладзіміравіч.

Адной з тэм, узнятых падчас сустрэчы, стала падрыхтоўка юнакоў да службы ва Узброеных Сілах. Па словах Міхаіла Уладзіміравіча, у былыя часы, калі хлопец не служыў у войску, гэта лічылася для яго вялікай ганьбай, нават дзяўчаты не хацелі за такіх выходзіць замуж. Наша грамадства змянілася, аднак выкананне абавязку абараняць Радзіму па-ранейшаму ў павазе. “Сёння армія ў свядомасці падлеткаў, юнакоў не павінна асацыіравацца са “страшылкамі” пра нестатутныя адносіны. Будучыя абаронцы павінны памятаць, што армія фізічна, маральна, ідэйна загартоўвае мужчыну”, — лічыць ганаровы госць сустрэчы.

Нашым салдатам, яшчэ амаль хлопчыкам, даводзілася асвойваць навуку ваяваць у непрывычным суровым клімаце Афганістана, сярод халоднага высакагор’я і гарачых пустынь, у найцяжэйшых умовах партызанскай вайны, калі за любым каменем, кустом або домам мог прытойвацца вораг. Воіны-інтэрнацыяналісты — сапраўдныя героі. Мы павінны ведаць пра іх подзвігі. Каб вайна больш не паўтарылася.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.