Не збаўляючы інавацыйнага тэмпу

Калектыў ясляў-сада № 111 Віцебска па выніках работы за 2019 год прызнаны лепшай установай дашкольнай адукацыі ў Беларусі. Сёлета загадчыца сада Святлана Леанідаўна Мяснікава ўдастоена ганаровага звання “Віцяблянін года — 2020” у намінацыі “Грамадскае прызнанне”. Да Дня настаўніка педагог атрымала Ганаровую грамату Міністэрства адукацыі. Святлана Леанідаўна адзначае, што ўзнагароды радуюць, але і не даюць расслабіцца, спыніцца на дасягнутым. Пералічваць праекты, якімі займаецца ўстанова і яе супрацоўнікі, конкурсы, у якіх яны ўдзельнічаюць і атрымліваюць перамогі, можна доўга.

Аб прафесіі педагога Святлана Леанідаўна марыла з дзяцінства. Яе бацькі працавалі ў аддзеле адукацыі. Тата, начальнік гаспадарчай групы, часта браў дачку з сабой у паездкі па школах. Святлана Мяснікава ўладкавалася працаваць у дзіцячы сад, калі вучылася на 5 курсе Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава, дзе атрымлівала спецыяльнасць “Педагогіка і методыка пачатковага навучання, выяўленчага мастацтва і музыкі”. У далейшым спрабавала сябе ў розных прафесіях, але вярнулася да дашкольнікаў. За будаўніцтвам ясляў-сада № 111 яна назірала з акна сваёй кватэры і, напэўна, марыла пра тое, каб працаваць у такой прыгожай, прасторнай, сучаснай установе. У той момант яна працавала намеснікам загадчыка ў дзіцячым садзе № 89 Віцебска, а таксама вучылася на курсах перападрыхтоўкі ў АПА па спецыяльнасці “Менеджмент устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй адукацыі, пазашкольнага выхавання”. Нечакана ў 2012 годзе загадчыца сада-новабудоўлі Ірына Міхайлаўна Мігалевіч запрасіла Святлану Леанідаўну стаць яе намеснікам. Разам калегі задалі высокі тэмп работы сваёй педагагічнай камандзе, натхняючы яе на рэалізацыю цікавых праектаў.

“Быць добрым кіраўніком установы адукацыі — гэта быць адначасова і педагогам, і псіхолагам, і эканамістам, і будаўніком, і бухгалтарам, — адзначае Святлана Леанідаўна. — Столькі розных пытанняў даводзіцца вырашаць штодня. Але галоўным для мяне заўсёды будзе адукацыйны працэс і яго асноўная мэта — развіццё асобы дзіцяці”.

Сёння яслі-сад № 111 Віцебска з’яўляецца базавай установай для правядзення метадычных аб’яднанняў і семінараў раённага, гарадскога, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. У маі 2018 года калектыў установы завяршыў работу над рэалізацыяй абласнога праекта “Укараненне інфармацыйных тэхналогій у адукацыйны працэс дашкольнай установы”. У выніку Святлана Леанідаўна стварыла камп’ютарны пазнавальна-гульнявы комплекс для дзяцей 5—7 гадоў “Мая Беларусь”. У ім два галоўныя героі — Васілёк і Васілінка, апранутыя ў беларускае нацыянальнае адзенне. Дадзены комплекс атрымаў 1-е месца ў абласным конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” і 1-е месца на Рэспубліканскім фестывалі метадычных ідэй “Інтэрактыўны калейдаскоп” у намінацыі “Інтэрактыўных спраў майстар у асяроддзі RM Easiteach Next Generation — дашкольная і пачатковая адукацыя” і ў намінацыі “Інтэрактыўных спраў майстар — гісторыя поспеху выкарыстання інтэрактыўнага абсталявання ва ўстанове адукацыі”.

З 2018 года калектыў сада прымае ўдзел у рэалізацыі абласнога творчага праекта “Укараненне методыкі старытэйлінгу як сродку развіцця ключавых кампетэнцый дзяцей 4—7 гадоў”. Старытэйлінг — гэта ўменне складаць і прыгожа прадстаўляць пэўную гісторыю, творчы праект, напрыклад, візуалізаваць аповед з дапамогай малюнкаў або лялек. У рамках праекта ўстанова далучылася да работы па развіцці беларускага маўлення ў выхаванцаў праз тэатральную дзейнасць. У 2019 годзе ў садзе была выдадзена кніга “Васіль і Васілінка ў краіне дзяцінства”, у якой сабраны аўтарскія творы на беларускай мове (апавяданні, казкі, вершы), напісаныя бацькамі выхаванцаў, бабулямі і дзядулямі, а таксама супрацоўнікамі дзіцячага сада. Ілюстрацыі да выдання зрабіла мама выхаванкі Алісы Каваленка. А сапраўдныя рука-дзельніцы — супрацоўніцы ўстановы — зрабілі роставых і марыянетачных лялек Васілька і Васілінку, якіх педагогі выкарыстоўваюць на занятках, святах і забавах.

Ва ўстанове рэалізуецца творчы праект “Беларускі скарб”, накіраваны на папулярызацыю беларускага батлеечнага мастацтва. Выхаванка старшай групы Маша Малаткова правяла даследчую работу па тэме “Чаму батлейка — скарб беларускай культуры?”, з якой выступіла на Рэспубліканскім фестывалі-конкурсе даследчых работ дзяцей дашкольнага ўзросту “Я — даследчык” у намінацыі “Мая Радзіма — Беларусь”. Маша заваявала дыпломы І ступені на раённым і абласным этапах конкурсу і прыняла ўдзел у фінале, дзе заняла 4-е месца. У студзені 2020 года ў садзе былі выраблены батлеечныя лялькі, распрацаваны і паказаны новы спектакль для дзяцей “Калядная зорка”. З’явілася ідэя стварэння мабільнага батлеечнага тэатра і рэалізацыі праекта “Беларуская батлейка — дзецям”, у рамках якога творчая група педагогаў сада будзе знаёміць з батлеечным мастацтвам выхаванцаў і навучэнцаў іншых устаноў адукацыі Віцебска. Сёлета каманда ясляў-сада № 111 Віцебска ўвайшла ў лік 17 фіналістаў пятнаццатага сезона конкурсу сацыяльных праектаў Social Weekend, дзе прадставіла праект “Беларускi скарб”. Па выніках народнага галасавання ўстанова заняла 1-е месца і атрымала прыз глядацкіх сімпатый.

Калектыў ясляў-сада № 111 Віцебска малады і творчы. Педагогі прымаюць актыўны ўдзел у метадычных, творчых і спартыўных мерапрыемствах. Загадчыца сада сама заўсёды ў ліку першых удзельнікаў такіх мерапрыемстваў. Летась на лыжных гонках сярод кіраўнікоў устаноў адукацыі раёна Святлана Леанідаўна заняла 3-е месца. Прыгожыя кампазіцыі ў памяшканні ўстановы — замкі з каменьчыкаў на бетонных падмурках і гномы, музейны комплекс “Горад дзяцінства” з пастаянна дзеючай выставай “Мая Беларусь” і зменнымі міні-выставамі, куток “Віцебск алімпійскі” з фотаздымкамі, гісторыямі, медалямі і кубкамі — вынік творчай работы загадчыцы, яе намесніка па гаспадарчай рабоце і педагогаў. Руплівымі рукамі супрацоўнікаў установы на вулічнай тэрыторыі створаны малыя архітэктурныя формы ў выглядзе малюнка сэрца з тэкстам (Я люблю 111), метэапляцоўка з флюгерамі, сонечным гадзіннікам, зонай для фіксацыі назіранняў за надвор’ем і вертыкальным міні-агародам. У гэтым годзе ў рамках раённых мерапрыемстваў патрыятычнай накіраванасці быў арганізаваны праект па стварэнні адпаведнага асяроддзя на тэрыторыі ўстановы “Мой сад — мая Радзіма”. Зроблена вялікая вынасная гульня-пазл “Я люблю Беларусь”. На асфальце намаляваны контур нашай краіны памерам прыкладна 1,5 на 1,5 метра. Дзеці выкладваюць з пластыкавых дэталяў-абласцей карту Беларусі, расстаўляюць шыльды з назвамі абласных цэнтраў і славутасцей. Выхавальніца Наталля Цярэшка на сценах веранд уздоўж цэнтральнага ўвахода стварыла серыю графіці “Віцебск”, дзе намаляваны Ратуша, амфітэатр, тэатр Якуба Коласа, плошча Перамогі (тры штыкі). Выраблены вялікія пластыкавыя фігуры Васілька і Васілінкі і фотазона “Я люблю Віцебск”.

Калектыў ясляў-сада № 111 Віцебска не збаўляе інавацыйнага тэмпу. Зараз ён працуе над праектам “Інфарматыка без разеткі” сумесна з Віцебскім ІРА і ПВТ. Пачаў рэалізацыю рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне комплексу лічбавых рэсурсаў бесперапыннай прафесійнай адукацыі выхавальнікаў дашкольнай адукацыі ва ўмовах узаемадзеяння ўстаноў адукацыі”.  

Надзея ЦЕРАХАВА.