Наркаманія — адна з самых вялікіх і сур’ёзных праблем усяго свету. Распаўсюджванне наркаманіі адбываецца пагрозлівымі тэмпамі, а тыя, хто злоўжывае наркотыкі, дэградуюць фізічна і маральна, заўчасна гінуць, не апраўдаўшы чаканняў, якія заўсёды звязаны ў бацькоў з нараджэннем дзіцяці, у грамадства — са з’яўленнем новага грамадзяніна.
Мы, педагогі, разумеем, што зніжаная самаацэнка, недахоп любові і падтрымкі ў сям’і, эмацыянальны боль, няўменне спраўляцца з цяжкасцямі, адсутнасць унутранага стрыжня могуць прывесці падлетка да ўжывання наркотыкаў. І тады ўсё самае каштоўнае ў жыцці будзе знішчана.
Псіхолага-педагагічная прафілактыка наркаманіі ў Старадварэцкім вучэбна-педагагічны комплекс “яслі-сад-базавая школа” ужо мае пэўныя набыткі. Па-першае, гэта прыцягненне спецыялістаў па прафілактыцы, па-другое, прывіццё навыкаў здаровага ладу жыцця, па-трэцяе, індывідуальная работа з падлеткамі і сям’ёй. Галоўнае — не прапусціць час.
Мы разумеем, што проста інфармавання мала — гэта не дасць значных вынікаў. Таму прафілактычную работу імкнемся цікава сканструяваць, эмацыянальна афарбаваць, уносім у яе элементы дыялогу, гульні. Так, з навучэнцамі 8—9 класаў былі праведзены гульнявы практыкум “Як засцерагчыся ад бяды?”, круглы стол “Наркотыкі, мы і наша патомства”; з навучэнцамі 5—6 класаў — інтэрактыўная гульня
“Злу я вучуся казаць — не!”, вусны часопіс “Прыступкі, якія вядуць уніз”, шчырая размова “Не зламай свой лёс”.
Асаблівую цікавасць і актыўнасць выклікалі ў падлеткаў ролевыя гульні “Аповед чалавека ў масцы”, “Суд”, “Мой дом, мая сям’я”.
З удзячнасцю прынялі дзеці і бацькі распрацаваныя псіхолагам і педагогамі “6 рэцэптаў збаўлення ад гневу”, “7 правілаў, якія прынясуць душэўны спакой і шчасце”, выступленні старшага інспектара ІСН А.Унуковіч, псіхолага СПЦ Н. Свейка.
Мы лічым, што прафілактычная работа на дзве траціны павінна распавядаць пра здароўе, а не пра хваробы, каб у дзяцей з’явілася патрэба зрабіць выбар на карысць здароўя, а не наркотыкаў.
Класныя гадзіны ў 9 класе “Мастацтва жыць. Як быць шчаслівым?”, “Які цудоўны гэты свет!” дапамаглі дзецям асэнсаваць сябе, свае ўчынкі, паводзіны, навучылі бачыць і разумець прыгажосць навакольнага свету, атрымліваць задавальненне ад працы, ад зносін з прыродай і цікавымі людзьмі.
Акрамя таго нашы школьнікі, бацькі і педагогі прынялі актыўны ўдзел у антынаркатычнай акцыі “Місія — жыць!”. Яе мэта — праўдзівае інфармаванне, стварэнне ў соцыуме сітуацыі, якая перашкаджае распаўсюджванню гэтага зла. З бацькамі і вучнямі праведзены прафілактычныя гутаркі “Спакуса і пастка” “Засцерагчыся ад дурману”, прагледжаны і абмеркаваны відэафільм “Забыць як сон”.
На працягу тыдня штодня выпускаліся інфармацыйныя лісты, быў праведзены конкурс на лепшую газету “Наркотыкам — не!”. Педагог арганізатар С. Ясько правяла разам са старшакласнікамі на вуліцах аграгарадка Стары Палац акцыю “Разам супраць наркотыкаў”, падчас якой кожны прахожы атрымаў лістоўку з цікавай і карыснай інфармацыяй пра шкоду наркотыкаў. У школе прайшоў флэш-моб “За здаровы лад жыцця”.
Бацькам, навучэнцам, педагогам на электронную пошту пайшлі рассылкі інфармацыйных бюлетэняў па тэме акцыі.
Карыснымі і своечасовымі былі выступы перад бацькамі і вучнямі прадстаўнікоў аддзела адукацыі, спорту і турызму Бераставіцкага райвыканкам, урача-псіхіятра Бераставіцкай ЦРБ, начальніка ІСН Бераставіцкага РАУС, педагога- псіхолага Бераставіцкага СПЦ.
Галоўны фронт барацьбы за духоўнае і фізічнае здароўе дзяцей — гэта сям’я і школа, ад якіх залежыць вельмі многае. Грамадзянскі абавязак кожнага з нас — ўключыцца ў барацьбу за дзяцей за будучыню.
Святлана Пашко ,
намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Старадварэцкага вучэбна-педагагічнага
комплекса “яслі-сад-базавая школа”, Бераставіцкі раён, Гродзенская вобласць.