Неабходна распрацаваць механізм адказнасці краін за парушэнні абавязацельстваў

- 11:40Інфармацыйная гадзіна

Беларусь прапануе разгледзець пытанне аб увядзенні рэальнай адказнасці краін за парушэнні абавязацельстваў у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза. Аб гэтым паведаміў першы намеснік міністра эканомікі Беларусі Дзмітрый Крутой на канферэнцыі “Еўразійскі эканамічны саюз: стратэгія далейшага развіцця”.

“Трэба аператыўна і адэкватна рэагаваць на праблемы, якія былі выяўлены за час функцыянавання саюза, і пераглядаць нашу нарматыўную прававую базу, у тым ліку ў рамках будучай сур’ёзнай карэкціроўкі базавага дагавора з тым, каб за парушэнні абавязацельстваў у рамках ЕАЭС дзяржавы-члены неслі ўжо рэальную, можа, нават матэрыяльную адказнасць, як гэта прадугледжана ў нашых заходніх суседзяў, у тым жа Еўрасаюзе, дзе канкрэтныя краіны караюцца канкрэтным еўра”, — адзначыў Дзмітрый Крутой.

Беларусь гатова разглядаць і абмяркоўваць прапанову па ўмацаванні паўнамоцтваў наднацыянальных органаў, у першую чаргу Еўразійскай эканамічнай камісіі, каб у яе былі рэальныя механізмы для забеспячэння выканання дзяржавамі-членамі абавязацельстваў у ЕАЭС.

Работу ў гэтым напрамку Беларусь гатова весці і ў час свайго старшынства ў органах ЕАЭС у 2020 годзе. Праграма старшынства ўжо фарміруецца, беларускі бок мае намер максімальна ўлічыць у ёй усе праблемы саюза, якія патрабуюць вырашэння.

Сёння можна канстатаваць розную ступень дасягнення заяўленых мэт саюза. Пры гэтым на ўнутраных таварных рынках яшчэ прымяняюцца нетарыфныя абмежаванні, якія часта тлумачацца як ветэрынарныя, санітарныя, фітасанітарныя меры. Абмежаванні пры правядзенні дзяржзакупак, якія пазіцыянаваліся як выключныя і часовыя (максімум на 2 гады), сталі пастаяннымі. На рынках паслуг з агульнага рэгулявання пакуль выпалі ключавыя віды: перадача электраэнергіі, міжнародныя аўтамабільныя перавозкі. Адзіная прастора тэхнічнага рэгулявання функцыянуе пакуль не ў поўнай меры, па шэрагу ключавых тавараў прызнаюцца выключна нацыянальныя дакументы аб ацэнцы адпаведнасці, не ўніфікаваны стандарты і методыкі змяненняў, няма трансгранічнага механізма прыцягнення да адказнасці за пастаўку тавараў з фіктыўнымі сертыфікатамі.

Беларусь як краіна з экспартна арыентаванай і адкрытай эканомікай зацікаўлена ў свабодным руху тавараў і паслуг у рамках саюза і ўсямерным развіцці яго знешнегандлёвай дзейнасці. Паводле ацэнак экспертаў, устараненне толькі нетарыфных бар’ераў павялічыла б унутраны тавараабарот у ЕАЭС прыкладна на 23%. Пры гэтым пастаўкі Беларусі ў Казахстан выраслі б на 70%. У цэлым ВУП Беларусі павялічыўся б амаль на 3%.