“Неабходны кадры — закажы і атрымай”

- 12:29Рознае, Стратэгія развіцця адукацыі

Днямі на базе Магілёўскага прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа прайшло пасяджэнне калегіі Міністэрства адукацыі па тэме падрыхтоўкі рабочых кадраў і спецыялістаў ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Адметнасцю пасяджэння стаў удзел у ім членаў рабочай групы па комплексным вывучэнні спраў у сістэме адукацыі, створанай па даручэнні кіраўніка дзяржавы. Такім чынам, у рабоце калегіі прынялі ўдзел прэм’ер-міністр краіны Міхаіл Уладзіміравіч Мясніковіч, намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Афанасьевіч Тозік, прадстаўнікі апарату Савета Міністраў, намеснікі старшынь аблвыканкамаў, прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў, начальнікі ўпраўленняў адукацыі і старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, прадстаўнікі арганізацый — заказчыкаў кадраў, члены рабочай групы, створанай для ажыццяўлення комплекснага аналізу стану сістэмы адукацыі краіны.
У ходзе пасяджэння прысутныя абмяркоўвалі найбольш злабадзённыя для сістэмы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі пытанні: чаму пры наяўнасці аўтаматызаванай сістэмы заказу кадраў мы ўсё роўна рыхтуем таго, каго не трэба, і не рыхтуем таго, хто патрабуецца эканоміцы; як забяспечыць адпаведнасць кваліфікацыі выпускнікоў устаноў патрабаванням работадаўцаў (зараз нярэдка ўстановы рыхтуюць спецыялістаў нават не для дня сённяшняга, а ўчарашняга); як дабіцца больш рацыянальнага выкарыстання бюджэтных фінансавых рэсурсаў — праз аптымізацыю сеткі ўстаноў адукацыі ці скарачэнне тэрмінаў навучання?

Рэсурсаў — дастаткова

Наша краіна па праву ганарыцца тым, што ў нас захавана і развіваецца сістэма прафесійна-тэхнічнай адукацыі. У мінулым навучальным годзе дзейнічалі 203 дзяржаўныя ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі і 108 каледжаў. Агульная колькасць навучэнцаў — больш за 200 тысяч чалавек. Прычым падрыхтоўка кадраў на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі ажыццяўляецца па 105 спецыяльнасцях (звыш 300 прафесій), на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі — па 172 спецыяльнасцях.
Аднак сёння сістэма прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі працуе ў няпростых умовах скарачэння агульнай колькасці выпускнікоў школ, іх пераарыентацыі, у большасці, на атрыманне вышэйшай адукацыі, значнага зніжэння прэстыжу рабочых спецыяльнасцей.
— Тэма падрыхтоўкі рабочых кадраў заўсёды на парадку дня. Мы сёння не дапрацоўваем у гэтым напрамку, — адзначыў прэм’ер-міністр краіны Міхаіл Уладзіміравіч Мясніковіч. — Ва ўрадзе перакананы, што сістэма падрыхтоўкі кадраў патрабуе ўдасканалення.
І для гэтага неабходна знайсці адказы на шэраг пытанняў, асноўныя з якіх акрэсліў на пачатку пасяджэння намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Афанасьевіч Тозік.
— Мэта нашай сённяшняй работы — унесці канкрэтныя рэальныя прапановы, якія дазволяць істотна павысіць якасць падрыхтоўкі кадраў ва ўстановах адукацыі, забяспечыць неабходны ўзровень прэстыжнасці, заработнай платы работнікаў у сферы адукацыі і забяспечыць рацыянальнае выкарыстанне бюджэтных сродкаў, якія накіроўваюцца ў сферу адукацыі. Сёння з поўнай упэўненасцю кажу, што тых рэсурсаў, якія накіроўвае дзяржава ў сферу адукацыі, дастаткова, каб усе гэтыя задачы вырашыць.
Пры гэтым адным з самых вострых пытанняў у гэтай сферы спецыялісты называюць адсутнасць ці, ва ўсялякім выпадку, невысокую ступень узаемадзеяння паміж установамі адукацыі і арганізацыямі — заказчыкамі кадраў. Адсюль і шэраг праблем: неадпаведнасць структуры падрыхтоўкі рабочых кадраў патрэбам эканомікі, неадпаведнасць кваліфікацыі выпускнікоў запытам наймальнікаў, больш чым магчымая нагрузка на бюджэт.
У перспектыве — мэтавая падрыхтоўка?
— На наш погляд, у нас адсутнічае прагноз патрэбнасці кадраў з прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, — падкрэсліў Анатоль Афанасьевіч Тозік. — Сёння ў нас практычна няма ніякай сувязі з заказчыкамі кадраў. Наймальнікам усё роўна, каго, як і ў якой колькасці рыхтуюць у прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных установах адукацыі.
— Сістэма прафесійнай адукацыі павінна быць арыентавана на апераджальную падрыхтоўку кадраў, працаваць на перспектыўныя патрэбы рынку працы. Інфармацыю аб патрэбнасці ў кадрах сістэма прафесійнай адукацыі павінна атрымліваць ад наймальнікаў, — зазначыў у сваю чаргу першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Анатольевіч Богуш.
Тут варта адзначыць, што ў краіне дзейнічае ўстаноўлены ўрадам прававы механізм, які павінен забяспечваць узаемасувязь патрэб арганізацый — заказчыкаў кадраў, з аднаго боку, і аб’ёму падрыхтоўкі кадраў на розных узроўнях прафесійнай адукацыі — з другога. Аднак на практыцы аўтаматызаваная сістэма “Заказ на падрыхтоўку кадраў” дзейнічае неэфектыўна.
— Заказ фарміруецца ў асноўным па дзеючых спецыяльнасцях і кваліфікацыях без уліку мадэрнізацыі працоўных месцаў, ды і колькасныя паказчыкі не адлюстроўваюць рэальныя патрэбы, — сказаў В.А.Богуш. — У прагназаванні патрэб практычна не ўдзельнічаюць арганізацыі малога і сярэдняга бізнесу. Заказы не адлюстроўваюць патрэб у новых кваліфікацыях.
Да таго ж практыка паказала, што арганізацыі, якія зрабілі заказ на кадры, не заўсёды забяспечваюць працаўладкаванне выпускнікоў.
Магчыма, пэўным вырашэннем гэтай праблемы стаў бы пераход на мэтавую падрыхтоўку? Зараз, дарэчы, патэнцыял такой формы выкарыстоўваецца вельмі слаба. Так, у 2013 годзе на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі былі прыняты толькі 6% навучэнцаў прафесійна-тэхнічных устаноў і 15% навучэнцаў сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі.
— Магчыма, на гэтых узроўнях адукацыі наогул варта было б перайсці на мэтавую падрыхтоўку? Неабходны кадры — закажы і атрымай. У такім выпадку можна кожнага спецыяліста рыхтаваць пад канкрэтную пасаду заказчыка, — выказаў меркаванне намеснік прэм’ер-міністра.
Такі падыход дазволіць, з аднаго боку, павысіць адказнасць наймальніка за заказаныя месцы, абгрунтаванасць і дакладнасць сфарміраванага заказу, а з другога боку, забяспечыць умовы для рэалізацыі дадатковых ільгот для навучэнцаў, а затым і выпускнікоў, маладых спецыялістаў для замацавання іх на першым працоўным месцы, такіх як павышэнне стыпендый тым, хто паспяхова вучыцца, выплата разавых субсідый і матэрыяльнай дапамогі, прадастаўленне арэнднага жылля і іншыя.
Дарэчы, прыклад, а разам з тым і ўсе перавагі такой падрыхтоўкі прывёў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі, навукі і кадраў Міністэрства сельскай гаспадаркі Уладзімір Аляксеевіч Самсановіч, праўда, на ўзроўні вышэйшай адукацыі. Але, падаецца, гэты вопыт можа быць перанесены і на іншыя ўзроўні адукацыі.
— Каля 900 чалавек мы ўзялі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы на мэтавую падрыхтоўку. З іх каля 400 заключалі дагаворы непасрэдна з гаспадаркамі, а — не толькі заключылі дагавор з пэўнай гаспадаркай, але і атрымліваюць ад яе пэўныя даплаты і стыпендыі, — расказаў спецыяліст. — І сёння мы бачым рэальную зацікаўленасць у кіраўнікоў гаспадарак ва ўдзеле ў такой падрыхтоўцы, бо яны могуць выбіраць ці дабаўляць неабходную менавіта ім спецыялізацыю будучага спецыяліста.
Аднак, як выявілася, не ўсе арганізацыі сёння гатовы да такой формы работы. Напрыклад, як адзначыла намеснік старшыні канцэрна “Беллегпрам” Таццяна Міхайлаўна Старчанка, сёлета канцэрнам разам з Міністэрствам адукацыі была праведзена неабходная работа для арганізацыі мэтавага прыёму ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі для прадпрыемстваў канцэрна. Аднак гэтыя прыдпрыемствы адмовіліся ад такога ўзаемадзеяння. І гэта пры тым, што галіна адчувае істотную патрэбу ў кадрах.
— Дзяржаўны заказ ці мэтавая падрыхтоўка — гэта тое, што запатрабавана эканомікай у цяперашні час і на найбліжэйшую перспектыву, але мы не павінны пазбаўляць чалавека магчымасці атрымаць адпаведную адукацыю, нават калі ён не мае гэтага працоўнага месца. Таму не варта абмяжоўвацца толькі дзяржаўным заказам, тым больш што мы павінны быць прыцягальнымі і для іншых краін і рыхтаваць у тым ліку і спе-цыялістаў для замежных дзяржаў, — выказаў меркаванне М.У.Мясніковіч.
Тым не менш усе прысутныя пагадзіліся з перспектыўнасцю выкарыстання мэтавай падрыхтоўкі. Колькі ж рыхтаваць рабочых і спецыялістаў на такіх умовах — 50% у прафесійна-тэхнічных установах і 30% у сярэдніх спецыяльных, як прапануе Міністэрства адукацыі, ці неяк інакш — адкрытае пытанне для абмеркавання.
Зрэшты, мэтавая падрыхтоўка — гэта не што іншае, як яшчэ адна спроба прыцягнуць наймальнікаў, заказчыкаў да ўдзелу ў падрыхтоўцы кадраў, прычым гаворка ідзе не толькі пра колькасныя, але і якасныя паказчыкі.
— Нам трэба дакладна вызначыцца, што неабходна дзяржаве, і менавіта гэтыя напрамкі фінансаваць з дзяржаўнага бюджэту, — падкрэсліў А.А.Тозік. — Ці трэба працягваць падрыхтоўку спецыялістаў па няпрофільных спецыяльнасцях у сярэдніх спецыяльных установах адукацыі? Ці трэба нам у такой колькасці і з такой якасцю рыхтаваць юрыстаў у сельскагаспадарчых каледжах?
Варта адзначыць, што ў гэтым пытанні — структуры падрыхтоўкі кадраў — ужо назіраюцца значныя пазітыўныя змены. Так, як расказаў В.А.Богуш, структура падрыхтоўкі кадраў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй пастаянна арыентуецца на патрэбы рынку працы. За апошнія тры гады павялічыўся выпуск спецыялістаў па тэхнічных і тэхналагічных, сельскагаспадарчых, педагагічных, медыцынскіх, будаўнічых спецыяльнасцях. Адначасова назіраецца памяншэнне выпуску спецыялістаў па эканамічных і юрыдычных спецыяльнасцях. У цэлым структура падрыхтоўкі рабочых кадраў па масавых прафесіях адлюстроўвае структуру кадраў, занятых у пэўных відах дзейнасці.

Рыхтуем для ўчора, неабходна — для заўтра

Удзел заказчыкаў кадраў у падрыхтоўцы спецыялістаў павінен спрыяць вырашэнню яшчэ адной важнай задачы — павышэнню якасці падрыхтоўкі спецыялістаў. Прычым гэта актуальна па розных напрамках — ад вызначэння неабходных кваліфікацый выпускнікоў да ўдзелу ў абнаўленні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі.
— У нас адсутнічае сістэма незалежнай атэстацыі і прафесійнай кваліфікацыі выпускнікоў. Недастаткова ўвагі ўдзяляецца практычнаму навучанню. Асноўная прычына — састарэлая матэрыяльная база ўстаноў адукацыі, — адзначыў А.А.Тозік. — У большасці навучальных устаноў абсталяванне нават не сённяшняга дня, а ўчарашняга. У выніку мы працягваем рыхтаваць спецыялістаў у многіх выпадках нават не для сёння, а для ўчора. А неабходна — для заўтра.
Па інфармацыі Міністэрства адукацыі, больш за 80% машын і абсталявання ва ўстановах адукацыі маральна састарэла. Пры гэтым, упэўнены ў ведамстве, вырашэнне праблемы матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння падрыхтоўкі кадраў сіламі самой сістэмы адукацыі немагчыма.
Па словах В.А.Богуша, перспектыўнымі напрамкамі абнаўлення тэхнікі і тэхналагічнага забеспячэння адукацыйнага працэсу з’яўляюцца далейшае развіццё сістэмы рэсурсных цэнтраў, якія працуюць па сеткавым прынцыпе, выкарыстанне матэрыяльнай базы заказчыкаў кадраў, перанос практычнай дзейнасці навучэнцаў на тэрыторыю наймальніка.
Аднак пры гэтым на рэспубліканскім узроўні неабходна стварыць умовы і механізмы, якія б зацікавілі рэальны сектар эканомікі ўдзельнічаць у абнаўленні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі, напрыклад, праз пэўныя падатковыя льготы ці іншыя шляхі.
Акрамя таго, у мэтах аб’яднання намаганняў бізнесу і прафесійнай адукацыі плануецца стварэнне тэрытарыяльных адукацыйных кластараў па відах эканамічнай дзейнасці, якія аб’яднаюць на аснове пагадненняў аб супрацоўніцтве і ўзаемадзеянні арганізацыі рэальнага сектара эканомікі, установы вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі.
— Шмат нараканняў, што адукацыя адстае і не паспявае рыхтаваць кадры для галін, якія хутка развіваюцца. Таму, працуючы над праграмай перспектыўнага развіцця нашай краіны да 2030 года, неабходна прадугледзець спецыяльны раздзел аб падрыхтоўцы кадраў: якіх і колькі рыхтаваць, — даў даручэнне міністэрствам адукацыі, эканомікі і працы і сацыяльнай абароны прэм’ер-міністр краіны М.У.Мясніковіч.

Аптымізацыя — не разавая акцыя

І ўсё ж, якой бы ні была матэрыяльна-тэхнічная база, без педагога з адпаведнай кваліфікацыяй немагчыма якаснае навучанне спецыяліста, рабочага. Сёння адукацыйны працэс ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі забяспечваюць больш за 10 тысяч работнікаў, з іх 3,6 тысячы выкладчыкаў і 4,1 тысячы майстроў вытворчага навучання; ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі — 11,4 тысячы выкладчыкаў. Якасны аналіз структуры педагагічных кадраў выклікае пэўную трывогу. У першую чаргу гэта ўзроставы дысбаланс. Так, доля педагагічных работнікаў да 30-ці гадоў ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі складае 19%, у сярэдніх спецыяльных — 16,8%. А перадпенсіённы і пенсіённы ўзрост маюць амаль 30% педагагічных работнікаў прафтэхсістэмы і амаль 40% — у сярэдніх спецыяльных установах адукацыі. Прычына такога становішча — нізкі ўзровень аплаты працы.
— Неабходна істотна падняць узровень майстроў вытворчага навучання. Яны павінны быць цэнтральнай фігурай у прафесійна-тэхнічных вучылішчах, — падкрэсліў А.А.Тозік. — У былыя часы існавала сістэма: калі запрашалі чалавека з вытворчасці майстрам вытворчага навучання, яму пакідалі сярэднюю галіновую заработную плату. Магчыма, варта вярнуцца да гэтага вопыту. Але пры ўмове, што майстры вытворчага навучання павінны валодаць не толькі высокімі прафесійнымі якасцямі, але і якасцямі настаўніка.
Крыніцай жа для ажыццяўлення такога павышэння могуць стаць вызваленыя сродкі ў выніку аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі. Гэта аб’ектыўная неабходнасць. Справа ў тым, што ў апошнія 3 гады назіраецца тэндэнцыя змяншэння напаўняльнасці ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, што непазбежна вядзе да павелічэння кошту падрыхтоўкі навучэнцаў. Расходы на падрыхтоўку аднаго навучэнца на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі (сістэмы Міністэрства адукацыі) складаюць 26,6 млн рублёў у год, на падрыхтоўку аднаго навучэнца ў прафтэхустанове — 28,9 млн рублёў у год. Але гэта сярэднія лічбы, у рэгіёнах яны вагаюцца ад прыкладна 22 млн рублёў у Мінску да больш чым 30 млн рублёў у Віцебскім рэгіёне.
— Міністэрству адукацыі, іншым органам дзяржаўнага кіравання, якія маюць у падначаленні ўстановы прафесійнай адукацыі, аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму трэба абгрунтавана падысці да вызначэння аптымальнай колькасці ўстаноў прафесійнай адукацыі, — падкрэсліў у гэтай сувязі першы намеснік міністра адукацыі. — Неабходна выключыць наяўнасць устаноў прафесійнай адукацыі з неабгрунтавана малой колькасцю навучэнцаў, калі за кошт неэфектыўнага выкарыстання плошчаў рэзка ўзрастае кошт навучання аднаго навучэнца. Заснавальнікам устаноў адукацыі неабходна забяспечыць сярэднюю колькасць навучэнцаў у межах 300—700 чалавек, фарміраваць шматпрофільныя, шматфункцыянальныя каледжы з гнуткімі адукацыйнымі праграмамі прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і дадатковай адукацыі дарослых.
Пры гэтым, як падкрэсліў спецыяліст, аптымізацыя — гэта не разавая акцыя. З 2015 года ўводзіцца штогадовы маніторынг працэсу аптымізацыі і ацэнка яго вынікаў. Разам з тым аптымізацыя — гэта не заўсёды закрыццё ўстановы, гэта і магчымае перапрафіляванне ў адпаведнасці з запытамі рынку, развіццё за кошт пашырэння пераліку адукацыйных паслуг, арганізацыі падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі дарослага насельніцтва, беспрацоўных і асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
— Кошт падрыхтоўкі кадраў у сістэме прафесійнай адукацыі ва ўсіх краінах даволі высокі, і таму многія дзяржавы ствараюць умовы (прэферэнцыі) наймальнікам кадраў усіх форм уласнасці для ўдзелу ў фінансаванні адукацыйнага працэсу, — адзначыў В.А.Богуш. — Прымяняецца так званая дуальная сістэма. Дзяржава аплачвае развіццё ўстаноў адукацыі, падрыхтоўку па агульнаадукацыйных, агульнапрафесійных і спецыяльных дысцыплінах, а наймальнік — вытворчае навучанне і практыку. Надышоў час і нам абмеркаваць магчымасць такога механізма фінансавання.

***

Удзельнікі пасяджэння не абмежаваліся абмеркаваннем толькі акрэсленых пытанняў. Падчас шматгадзіннай напружанай работы гучала шмат прапаноў, заўваг і па іншых напрамках. Усе яны будуць дэталёва прааналізаваны рабочай групай і павінны стаць асновай для распрацоўкі канкрэтных дакументаў, якія будуць спрыяць далейшаму развіццю сістэмы прафесійнай падрыхтоўкі рабочых і спецыялістаў.

Алена МАРКЕВІЧ.