Неабыякавыя нататкі

- 10:40Нам пішуць

На жаль, у ХХІ стагоддзі надзвычай мала гавораць аб маштабнай шкодзе брыдкаслоўя. Матам многія нават ужо не лаюцца — яму аддаюць перавагу ў выбары лексікі.

З п’янствам, наркаманіяй, курэннем мы хоць спрабуем змагацца. Мат чуем штохвілінна. Брыдкаслоўе падштурхоўвае нават на злачынствы: на фоне агульнай абыякавасці ствараецца ілюзія беспакаранасці. Многія сучаснікі чамусьці сталі не заўважаць, калі лаюцца бабулі і дзядулі, мужчыны і жанчыны, юнакі і дзяўчаты. І зусім не ў хвіліны агрэсіі і сваркі, а ў сяброўскай гутарцы.

Сёння на брыдкаслоўі актыўна развіваецца мастацкая літаратура. Сучаснікі наіўна мяркуюць, што тым самым робяць гаворку персанажа больш каларытнай.

Заўважым, што і на тэлебачанні ўсё часцей сталі выкарыстоўваць мат. Многія рэжысёры, артысты мяркуюць, што без мата не адлюстраваць рэчаіснасці.

Па статыстыцы, сярод нас прыкладна 60—70% брыдкасловаў, якія інакш размаўляць проста не могуць.

Лексікограф Уладзімір Даль адмовіўся ўключыць мат у “Слоўнік жывой вялікарускай мовы”. Але ў гэтым слоўніку ёсць адказ на пытанне, што такое “брыдкаслоўе”: паходзіць ад назоўніка “брыдота”, а гэта “ўсё што агідна, брыдка і богамярзотна”.

Мат закрануў і віртуальную прастору. Многія карыстальнікі інтэрнэту мяркуюць, што ім можна пісаць што заўгодна. Але нават ананімнасць не схавае аўтара. Трэба памятаць, што можа быць распачата судовая справа: брыдкаслоўе расцэньваюць як абразу ў грамадскім месцы, якая прыніжае гонар.

Давайце будзем ўважлівыя да таго, што мы кажам.

Канстанцін КАРНЯЛЮК.