Неадкладнага навядзення парадку ў галіне запатрабаваў кіраўнік дзяржавы

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад кіраўніцтва сістэмы аховы здароўя ўжо да пачатку наступнага года вырашыць усе выяўленыя праблемныя пытанні ў гэтай сферы. Аб гэтым стала вядома па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы.

Як было адзначана, неабходнасць такой размовы на ўзроўні прэзідэнта наспела даўно, паколькі праблемы збіраліся. Аднак на фоне гучных дасягненняў і поспехаў у айчыннай медыцыне своечасова не былі заўважаны хібы і недахопы ў рабоце галіны, якія месцамі перараслі ў сістэмныя правапарушэнні.

“Напэўна, вось гэтыя поспехі і пахвала з боку міжнародных арганізацый, СААЗ вам закружылі галаву. Падумаеш, дробязь нейкая… Людзі скардзяцца, чэргі ў паліклініках, хамства з боку ўрачоў павальнае. Адкрыйце любы СМІ, у інтэрнэце паглядзіце, сацыяльныя сеткі — вы там убачыце сваю работу”, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

“Пры ўсіх сацыялагічных апытаннях, якое ні праводзіш, як мінімум у пяцёрку негатыву вы заўсёды трапляеце. Скардзяцца на абыякавасць, дрэннае стаўленне, асабліва там, дзе людзі лечацца, — на месцах, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Хірургія, гінекалогія, тэрапія, кардыялогія… Знаходзяцца на лячэнні звычайныя людзі. Паглядзіце на іх, як яны рэагуюць на вашу работу, — там праблем вельмі шмат”.

“З мінулага года мне стала паступаць інфармацыя аб тым, што колькасць спраў карупцыйнага характару ў медыцыне рэзка ўзрасла — амаль у два разы. На жаль, факты карупцыі здараюцца ўсюды, але ў ахове здароўя праблема стала не кропкавай, а скразной, сістэмнай. Яна закранула не асобных службовых асоб, а практычна ўсю вертыкаль — ад прыватнікаў, ваеннаслужачых, дзяржаўных служачых да Міністэрства аховы здароўя, а можа, і вышэй, следства разбярэцца. Мной была пастаўлена прынцыповая і жорсткая задача — не знайсці “стрэлачнікаў”, а літаральна выкарчаваць гэтую заразу дашчэнту, дакапацца да галоўных арганізатараў гэтай беззаконнасці. Такім чынам, не трэба было нічога гадаць, гэта было маё даручэнне кантралюючым і праваахоўным органам. Прычыну я вам назваў”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Як растлумачыў прэзідэнт, самае важнае было — выявіць перадумовы і прычыны, якія прывялі да ўзбуджэння пакуль 95 крымінальных спраў, дзе фігуруюць дзясяткі мільёнаў долараў злачынных сродкаў. У выніку праведзенай работы амаль 100 чалавек трапілі пад следства. “Калі яно завершыцца, суд вызначыць, хто і наколькі вінаваты. Але тыя факты, якія выкрыты, сумненняў не выклікаюць”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама выказаў меркаванне, што пры ўсёй маштабнасці аператыўных мерапрыемстваў Камітэт дзяржаўнай бяспекі спрацаваў спакойна і акуратна. “Я думаю, што і іншыя структуры могуць гэты вопыт пераняць, каб не ламаць арганізацыі, не хапаць каго папала, каб арганізацыі, наколькі гэта магчыма, працавалі, таму што там працуюць людзі. А невінаватыя ні ў якім разе не павінны несці адказнасці”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

“Усе, хто знаходзіцца ў гэтай зале, не выпадковыя ўдзельнікі. Я палічыў неабходным асабіста запрасіць кіраўнікоў, хто па сваіх функцыянальных і службовых абавязках адказвае за самае дарагое, за багацце нашай краіны — жыццё і здароўе людзей, — прадоўжыў кіраўнік дзяржавы. — Акрамя таго, сістэма аховы здароўя — гэта яшчэ і значная частка эканомікі. Там працуе больш грамадзян, чым у сферах транспарту і сувязі разам узятых, — каля 270 тысяч чалавек. А доля аховы здароўя ў валавым унутраным прадукце (3,2 працэнта) не намнога меншая, чым у будаўнічай галіне”.

Паводле слоў прэзідэнта, апошнія паўгода ўсё грамадства было ўзбударажана станам спраў у медыцыне ў сувязі з разглядам правапарушэнняў.

“Я хацеў, каб усе ведалі гэтую інфармацыю і не было тых, хто наракае: “Навошта так жорстка?”, — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта здароўе людзей, і гэта вялікія грошы, якія мы ўкладваем і якія нехта вырашыў прысвоіць праз цэны на медтэхніку і лякарствы. Менш за ўсё я хачу, каб гэтыя гучныя правапарушэнні негатыўна паўплывалі на стаўленне грамадства да айчыннай сістэмы аховы здароўя. Такія выпадкі ні ў якім разе не павінны кідаць цень на сумленных і прыстойных работнікаў аховы здароўя, урачоў, медсясцёр, і, зразумела, прыстойных людзей у нашай сістэме большасць”.

Прэзідэнт запатрабаваў, каб ніхто не быў прыцягнуты да адказнасці дарэмна, ні ў якім разе ніхто не мае права падазраваць чалавека невінаватага. “Але той, хто заблытаўся ў карупцыйным павуцінні, — мы яго адтуль выцягнем і адправім туды, дзе ён павінен быць. Ні для каго гэта не з’яўляецца сакрэтам, я аб гэтым гавару часта”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт перад кіраўніцтвам галіны і кантралюючых органаў паставіў пытанне, чаму сталі магчымы выяўленыя факты, у тым ліку карупцыйнага плана. “Чаму гэта стала магчыма? Вы растлумачце, каб людзі вас сёння пачулі і зразумелі прычыну. Так, нямала, — сотня пакуль трапіла пад следства. Але ж працуюць (у сістэме аховы здароўя. — Заўв. БелТА.) 270 тысяч, і пляма на іх усіх лягла. У чым вінаватыя тыя людзі, якія сумленна выконваюць свой абавязак? У чым вінаватыя яны перад вамі, перад тымі чынушамі, якія бралі хабары ў Міністэрстве аховы здароўя, перад кіраўнікамі арганізацый, прытым з вялікімі імёнамі? Сотня тысяч долараў у тайніках, гаражах. Як гэта магло адбыцца, чаму так здарылася? Я ж, назначаючы вас, звярнуў на гэта вашу ўвагу”, — сказаў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да міністра аховы здароўя Валерыя Малашкі. Аналагічнага плана пытанні ён адрасаваў і першаму намесніку міністра Дзмітрыю Піневічу.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, як у час наведвання адной з бальніц ён папярэджваў міністра і тады яшчэ віцэ-прэм’ера Васіля Жарко, каб яны ўважліва вывучылі сітуацыю ў сферы цэнаўтварэння. “Вы мне далажылі бойка потым, што ўсё ў нас у парадку. А аказваецца — не. Я ж вас папярэджваў, што вы адказваеце за сістэму. Ківаць няма на каго,— падкрэсліў беларускі лідар. — Вы куды глядзелі? Там жа затрыманы непасрэдна вашы падначаленыя. Вы мне вось сумленна скажыце, вы здольны кіраваць міністэрствам? Бо калі вы не здольны, далей будзе горш”.

“Апраўдвацца тут няма чым. Сорамна, зразумела, у першую чаргу гэта нядобрасумленнасць асобных кіраўнікоў. І, вядома, цяжка растлумачыць паводзіны асобных нашых кіраўнікоў. Але разам з тым сістэму мы ў цэлым плануем мяняць. Празрыстасць закупак павінна быць першапачаткова”, — сказаў міністр.

Валерый Малашка далажыў аб запланаваных мерах па навядзенні парадку ў галіне, планах па павышэнні якасці медабслугоўвання насельніцтва на розных узроўнях, забеспячэнні неабходнага асартыменту і прымальных цэн на лекавыя сродкі, гарантаванні празрыстасці правядзення тэндараў, змяненнях у рабоце з кадрамі.

У цэлым міністр запэўніў, што зробіць усё для таго, каб выправіць недахопы і каб сістэма аховы здароўя працавала стабільна.

Для цяперашняга складу кіраўніцтва Міністэрства аховы здароўя вызначаны час — да пачатку наступнага года кардынальна выправіць сітуацыю ў галіне, выкараніць карупцыйныя з’явы, а таксама тое, што дае аснову для іх. Важныя і пытанні павышэння іміджу ведамства. Прэзідэнт анансаваў на пачатак года вялікую нараду па тэме аховы здароўя, дзе комплексна будуць разгледжаны стан і перспектывы галіны.

Аляксандр Лукашэнка асабліва папярэдзіў цяперашніх кіраўнікоў аб недапушчальнасці ўцягнення і датычнасці да проціпраўных дзеянняў, інакш будуць прыняты самыя жорсткія меры. “Не дай бог мне даложаць хоць пра самую малую зачэпку па персаналіях, па кіраўніцтве Міністэрства аховы здароўя, я буду настойваць на тым, каб памножылі на тры. Мінімум атрымаеце каэфіцыент 3. Калі дзесьці патуранне да каго-небудзь будзе, то вам будзе павелічэнне”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *