Неардынарная

Ёсць сярод нас людзі неардынарныя (незвычайныя, небанальныя, нетрывіяльныя — назавіце, як хочаце). Але калі яны нарадзіліся ўжо такімі, гэтага ў іх не адняць праз усё жыццё. Іх неардынарнасць палягае ў поглядзе на свет, на людзей, з якімі яны кантактуюць, урэшце, на сваю прафесію… І яны прыцягваюць да сябе іншых людзей, бо для тых свет становіцца таксама неардынарным. Цікавым, захапляльным, каляровым, а не сумна-шэрым. Такая неардынарная настаўніца выяўленчага мастацтва, а яшчэ майстар графікі і аўтарскіх лялек працуе ў сярэдняй школе № 19 Гомеля — Наталля Віктараўна Барысевіч.

“У мяне ніколі не было думкі, што я буду педагогам, — гаворыць Наталля Віктараўна. — Я заўсёды хацела быць мадэльерам. Я стаяла такая юная, у Віцебскім універсітэце, гэта быў першы набор на спецыяль­насць мадэльераў, набіралі ўсяго тры чалавекі, а конкурс быў — 14 чалавек на месца… Але акадэмічная падрыхтоўка, якую я атрымала ў школе імя І.В.Ахрэмчыка (сённяшняя гімназія-каледж мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка. — Заўв. аўт.), дала сваё — і я паступіла. Паспяхова вучылася, ездзіла па ўсім Савецкім Саюзе, многа дзе пабывала, а потым мяне запрасілі ў Мінскі дом мадэлей, дзе я рабіла свае праекты… Я ўвогуле чараўніца”.

Затым, па словах Наталлі Віктараўны, па сямейных прычынах ёй давялося пераехаць у Гомель, дзе яна таксама шукала работу мадэлье­ра, але там з гэтым не атрымалася. “Я жыла літаральна ў двары тэатра, але ў тэатры таксама адмовілі, сказалі, што ў іх ёсць свае мастакі”.

І аднойчы напаткала гомельскую сярэднюю школу № 19 з архітэктурна-мастацкім ухілам, дзе і знайшла сваё сапраўднае шчасце. Пры­знаюся шчыра: я не вывучала ні псіхалогію, ні педагогіку, нават не ўяўляла, як трэба працаваць з дзецьмі… Прыйшла ўпершыню на ўрок і перад гэтым пытаюся ў завуча: “А што мне рабіць?” А ён, такі мужчына з барадой, мастак, кажа: “Хадземце”. Ён заводзіць мяне ў клас, як у клетку з ільвом — са мной. Па перыметры сядзяць дзеці і глядзяць на мяне. Я ў страшэнным жаху. Іду назад да дзвярэй, а ён з адваротнага боку дзверы трымае і не пускае. І я зразумела, што не выберуся з гэтай клеткі, што мне трэба вучыць дзяцей…”

Па словах Наталлі Віктараўны, нейкія стандартныя вучэбныя праграмы ёй былі проста нецікавыя, і таму яна выпрацавала сваю — арыгінальную, неардынарную, нестандартную. Давала шмат майстар-класаў. Ёй і сёння часта даводзіцца сустракацца са многімі настаўнікамі выяўленчага мастацтва, якія памятаюць яе адкрытыя ўрокі і з удзячнасцю ўспамінаюць гэты вопыт.

Аўтарская лялька Н.В.Барысевіч.

А сваё галоўнае шчасце Наталля Віктараўна знайшла менавіта ў дзецях, у сваіх вучнях. “Для мяне вельмі важная гэтая зрокавая энергетыка, калі працуеш з дзецьмі, — прызнаецца настаўніца. — Калі працуеш з дарослымі людзьмі, гэтага не адчуваеш. Не таму, што мы, дарослыя, дрэнныя. Мы проста адаптаваныя да жыцця. А дзеці… Ведаеце, гэта як чысты струмень. У іх няма дна, няма чамадана з золатам. Калі дзіця любіць цябе, яно і будзе цябе любіць. Калі яно не любіць цябе, яно і не будзе цябе любіць і не будзе хаваць гэтай нелюбові. Вось гэтая работа з такой чыстай энергетыкай і не дае мне старэць. Мне ўжо, здаецца, і нямала гадоў, а я самая прыгожая, самая казачная, самая незвычайная. І ўсё таму, што вакол мяне цудоўныя дзеці. Я іх вельмі люблю”.

Наталля Віктараўна — шматгранны чалавек. Робіць аўтарскія лялькі (іх цяжка зблытаць з такімі ж узорамі ў гэтым жанры іншых аўтараў: гэтыя іранічныя персанажы як быццам выхаплены з нашага жыцця, а не падгледжаны з кніг ці фільмаў), выступае з персанальнымі выставамі, як мастак афармляе розныя гарадскія і рэспубліканскія мерапрыемствы, у прыватнасці, была мастаком-выканаўцай галоўнай сцэнічнай пляцоўкі ў Мазыры на свяце “Дажынкі”. Яна крыху дзіўны чалавек. А можа быць, якраз неардынарны. На пытанне: “Колькі гадоў вы працуеце ў гомельскай сярэдняй школе № 19?” — яна так і не змагла адказаць дакладна: “Я не памятаю… Можа, 24 ці 26. А, можа, 100 гадоў. Мне так сорамна, але я не магу ўспомніць. Я такая легкадумная, што не магу запомніць такія рэчы. І зарплата мяне не хвалюе, мне ніколі не бывае многа і ніколі не бывае мала. У мяне заўсёды ўсё ёсць”.

А ўсё, што ёсць у Наталлі Віктараўны, — гэта найперш яе выхаванцы. “Для мяне самае важнае — гэта падарыць прафесію мастака дзецям, — гаворыць яна. — Пры гэтым я разумею, што гэта не вучылішча, а школа. Але, ведаеце, гэтая дзіўная рэч — мастацтва! Пекар усё жыццё будзе пячы хлеб, бухгалтар усё жыццё будзе лічыць. А мастак — гэта цуд. Ён вяртаецца ў чалавека, кім бы ён ні працаваў на сваёй асноўнай рабоце. Я сустракаю сваіх выпускнікоў праз гады, а яны мне расказваюць, што вярнуліся да мастацтва. Напрыклад, псіхолагі, мае выпускніцы, пачынаюць займацца арт-тэрапіяй… Гэта як код, як нітачка. Яны адразу і не ўсведамляюць гэтага. Але мінаюць гады — і нітачка вяртаецца да іх. Мастацтва да іх розным шляхам, але вяртаецца. Гэтую нітачку я ім падарыла”.

Наталля Віктараўна згадвае сваю выпускніцу, якая вучыцца ў Санкт-Пецярбургу па тэхналагічнай спецыяльнасці, але нядаўна яна патэлефанавала ёй і сказала, што купіла мальберт… “Гады праходзяць, але ўсё гэта ўсё роўна прарастае ў чалавеку”, — гаворыць Наталля Віктараўна. Згадвае яна і пра яшчэ адну сваю выпускніцу Кацю, якая захацела пасту­паць на архітэктурны факультэт БНТУ. Дзяўчына прыйшла і сказала, што дакладна мае намер паступаць. У Наталлі Віктараўны былі спачатку сумненні. Але калі Каця засталася ў кабінеце маляваць, яна сказала вахцёру: “Вы яе не праганяйце. Няхай малюе”. Калі раніцай яна прыйшла на работу, у Каці было 5 малюнкаў! А неяк Наталля Віктараўна сказала: “Як хочацца сесці і наесціся клубнікі на цэлы год!” А потым Каця тэлефануе Наталлі Віктараўне: “Я паступіла! Жывапіс здала на “дзявятку”. Мой малюнак насілі і паказвалі іншым абітурыентам, як трэба маляваць”. І прыносіць ёй вядро клубнікі… Пасля заканчэння БНТУ Каця паступіла вучыцца яшчэ ў адну УВА ў Германіі. “Яна прыяз­джае да мяне кожны год і хваліцца, што нямецкія выкладчыкі ставяць яе ў прыклад іншым студэнтам, паказваюць ім яе работы: “А вось гэта беларуская школа”.

Напрыканцы гутаркі з Наталляй Віктараўнай я не мог не пацікавіцца, якія яе любімыя мастакі, на каго яна арыентуецца. І вось што яна адказала (гэта таксама сведчыць пра неардынарнасць яе асобы): “Калі я была маленькай, мае бацькі прывучалі мяне да жывапісу, да класічнай музыкі. Яны куплялі шмат мастацкіх альбомаў. І я вельмі любіла разглядваць гэтыя альбомы. І тады я ўбачыла Мадыльяні: вачніц няма, а вочы глядзяць… Адыду ў бок, зноў пагляджу: а вочы глядзяць. Мяне заварожвала гэтая сітуацыя. Як так — вачэй няма, але яны глядзяць?”

Мікола ЧЭМЕР.