Недапушчальна разглядаць інтэрнэт як некіруемую прастору

- 11:13Інфармацыйная гадзіна

Прэм’ер-міністр Аўстраліі Скот Морысан заклікаў краіны G20 прыняць меры адносна сацыяльных сетак пасля тэрарыстычнай атакі ў Крайстчэрчы, якая трансліравалася ў Facebook, паведамляе аўстралійскі партал навін Business Insider.

Скот Морысан напісаў пісьмо старшыні G20, прэм’ер-міністру Японіі Сіндза Абэ, у якім адзначаецца недапушчальнасць разгляду інтэрнэту як некіруемай прасторы.

“Вельмі важна, каб сусветная супольнасць працавала разам, каб гарантаваць, што тэхналагічныя кампаніі выконваюць свае маральныя абавязацельствы па абароне грамадства, якому яны служаць і ад якога атрымліваюць прыбытак”, — гаворыцца ў пісьме.

У прыватнасці, Скот Морысан лічыць неабходным, каб сацсеткі ўкаранілі больш эфектыўныя сродкі абароны, якія не дадуць тэрарыстам магчымасці распаўсюджваць праз іх сваю ідэалогію. “Калі яны могуць напісаць алгарытм, каб рэклама, якую яны хочуць бачыць, магла адлюстроўвацца на вашым мабільным тэлефоне, то я цалкам упэўнены, што яны могуць напісаць алгарытм для адсейвання ненавісніцкага кантэнту на платформах сацыяльных сетак”, — цытуе словы Морысана аўстралійская вяшчальная карпарацыя ABC.

Найбуйнейшы ў гісторыі Новай Зеландыі тэракт у Крайстчэрчы быў учынены 15 сакавіка. Ахвярамі атакі тэрарыстаў на дзве мячэці сталі амаль 50 чалавек. Нападзенне ў прамым эфіры трансліравалася ў сацсетцы Facebook і загружалася на YouTube. Прадстаўнікі Facebook паведамілі пра блакіраванне 1,5 млн копій відэа тэракта.