Недзе знікла ўначы палкавая разведка

- 14:55Да 70-годдзя Вялікай Перамогі

Міністэрства юстыцыі СССР у 1972 годзе адзначыла Вілейскі раён у ліку лепшых па прафілактыцы правапарушэнняў сярод непаўналетніх. Адным са складнікаў такога поспеху былі гутаркі і лекцыі, якія па некалькі разоў на месяц праводзіў са школьнікамі старшыня раённага народнага суда Г.А.Церахаў. Сустрэчы вельмі падабаліся навучэнцам, бо Георгій Аляксеевіч не толькі знаёміў іх з прававымі нормамі, але і расказваў пра тое, што давялося яму перажыць у часы Вялікай Айчыннай вайны, калі ён быў разведчыкам адной з гвардзейскіх дывізій. На фронт ён трапіў у 17 гадоў. Многія навучэнцы, якія прыходзілі на яго лекцыі, былі ў такім жа ўзросце. Франтавыя гісторыі з цікавасцю слухалі і навучэнцы ПТВ, якім былы разведчык выкладаў асновы савецкага права на працягу 10 гадоў пасля выхаду на пенсію. Некаторыя з ваенных эпізодаў, запісаныя самім Георгіем Аляксеевічам, мы прапаноўваем чытачам.

Прызвалі мяне ў войска з Астрахані 15 лютага 1943 года. Сярод прызваных побач са мной былі 50 юнакоў, якія таксама нарадзіліся ў 1925 годзе. Усіх нас фарсіраваным маршам перакінулі пад Сталінград, хаця з немцамі ў гэтай аблозе ўжо было пакончана. Салдаты паміж сабой гаварылі, што чакаецца новае контрнаступленне нямецкага генерала Манштэйна. Але праз тры тыдні становішча на фронце стабілізавалася, і нас каго куды разаслалі. Разам з пяццю таварышамі трапіў у 358-ы запасны стралковы полк, які размяшчаўся ў Тацішчаўскіх лагерах за 40 км ад Саратава. З нас пачалі рыхтаваць камандзіраў разлікаў станковага кулямёта “Максім”.
У пачатку ліпеня 1943-га разгарнуліся жорсткія баі на Курскай дузе, і пачалася гульня на нервах байцоў: то збіралі ў маршавую роту для адпраўкі пад Курск, то давалі адбой. Так працягвалася тры тыдні. У канцы ліпеня нас, нарэшце, павезлі на захад і ўжо ў эшалоне паведамілі, што едзем на Курскую дугу. У Маскве цягнік на тры дні затрымалі, а потым накіравалі на Паўночна-Заходні фронт да Старой Русы. Апошняя чыгуначная станцыя, на якой мы выгрузіліся, называлася Поле. Да перадавой заставалася 10—15 кіламетраў. Уся зямля вакол станцыі на некалькі соцень метраў была ўзарана бомбамі і снарадамі. За ўсю маю ваенную біяграфію я нідзе больш не бачыў такіх “параненых” участкаў зямлі. Мяне накіравалі ў 53-ю Гвардзейскую, Маскоўскую, двойчы Чырванасцяжную, добраахвотніцкую стралковую дывізію, у 157-ы гвардзейскі стралковы полк, у роту станковых кулямётаў, якая дзейнічала каардынавана з палкавой разведкай.
Да перадавой падыходзілі цёмным познім вечарам. Калі былі кіламетраў за пяць ад яе, пачулі артылерыйскія стрэлы і выбухі снарадаў. Добра былі бачны і нямецкія асвятляльныя ракеты. Відовішча можна было назваць нават прыгожым, калі б не пачуццё страху. Яно не было моцным, але прысутнічала. Але дазволь мне тады: не хочаш на перадавую — не ідзі, я ўсё ж пайшоў бы. Потым пасля шпіталяў такое жаданне прайшло. І чым больш ваяваў, тым страшней было ісці ў кожны наступны бой. Няпраўда, што ў “бітага” акопніка страх знікае. Страшна ўсім байцам.
Тыдні праз два страх перад смерцю крыху зменшыўся, таму што змірыўся з абставінамі, прыйшоў да пераканання: на гэтай вайне калі не заб’юць, дык абавязкова пакалечаць. Я бачыў, як кожны дзень гінулі таварышы па роце, як стагналі ад невыноснага болю параненыя. Як палымнела, асабліва на снезе, кроў таварышаў… Часам, асабліва ў лютую сцюжу, думалася: няхай бы хутчэй — ці забілі, ці паранілі, толькі б няцяжка.
Па ежу нам прыходзілася хадзіць у тыл прыкладна за 1—1,5 кіламетра. Дастаўлялі яе, адзначу, рэгулярна і своечасова. Аднойчы, атрымаўшы ў тэрмас і снеданне, і абед, я вяртаўся ў акопы. І аказаўся пад артналётам ворага. Каб хоць неяк абараніць сябе, ускочыў у бліжэйшую яму. Раптам адчуў, што нешта мяккае і маленькае таксама скокнула ў яму і падкацілася да мяне. Калі абстрэл закончыўся, з-пад мяне выскачыў… заяц. Ні лавіць яго, ні страляць па ім я не стаў. Убачыўшы на вайне, як лёгка людзі (у фашыстаў жа таксама твары нібыта чалавечыя) могуць забіваць сабе падобных, я пранікся асаблівым пачуццём павагі да свету жывёльнага. У ім узаемаадносіны намнога больш простыя і сумленныя.
9 лістапада 1943 года немцы на нашым участку абароны актывізаваліся. З іх боку пачалася разведка боем. Але кулямёты маўчалі, толькі салдаты пастрэльвалі з вінтовак. “Стрэляныя” кулямётчыкі, — сказаў нехта побач са мной. — Без вострай неабходнасці на вялікай адлегласці не страляюць, каб не выклікаць на сябе агонь артылерыі”. Калі фашысты падышлі да нас бліжэй, метраў на 400—500, я адкрыў агонь са свайго “Максіма”. Не ведаю, ці трапіў я ў каго-небудзь, але нямецкія артылерысты адкрылі агонь у адказ і першым жа стрэлам вывелі мяне са строю…
Пасля шпіталя мяне зноў накіравалі ў тую ж дывізію і ў той жа полк. Але на гэты раз у роту аўтаматчыкаў, якая ўвесь час знаходзілася побач з палкавой разведкай. Мы ўсімі сіламі прыкрывалі разведчыкаў пры паляванні на “языкоў”. Таму што ні адзін разведчык пры выкананні задання не меў права ні жывым, ні параненым, ні мёртвым папасці ў лапы фашыстаў. Затым нашаму аддзяленню аўтаматчыкаў загадалі перамясціцца і стаць на стыку з суседняй дывізіяй. Месца аказалася забалочаным, і мы, калі падступала смага, пілі ваду з варонкі ад вялікай бомбы. Памятаю як зараз, што побач з варонкай ляжалі двое забітых савецкіх салдат. Вада ў варонцы была чырвонай, здавалася, што ад крыві чалавечай, хаця мы разумелі, што такі колер ёй надаюць асаблівасці глебы.
Менавіта пры гэтым размяшчэнні роты мне аднойчы давялося зведаць сапраўдны страх. Згодна з загадам, “курсіраваў” ноччу побач са сваім “Максімам” на адведзеным мне ўчастку абароны. Зрэдку пастрэльваў, але больш рухаўся з аўтаматам туды-сюды ўдоўж траншэі. Неба было ўсеяна зоркамі. Раз-пораз кідаў свае позіркі ў гэтую вечную прыгажосць. Не памятаю дакладна, мала ці многа часу прайшло ў такім няспынным руху, толькі раптам на нейтральнай паласе метраў за 70—100 справа ад сябе пачуў падазроны шоргат. Не доўга думаючы, навёў кулямёт на гэтае месца і разрадзіў усю стужку з 250 патронаў. Ніхто з нашых на маю страляніну не адрэагаваў. Затое мой пункт узяў пад аб-стрэл нямецкі снайпер. Яго кулі роўненька трапілі ў шчыт майго кулямёта. Калі ў небе крыху пасвятлела, убачыў, што варожая разведка пракапала ў снезе цэлую траншэю, каб падкрасціся да мяне. Лічаныя метры, і я мог бы стаць “языком” для немцаў.
На гэтым жа ўчастку фронту, але ў другім месцы, адбыўся яшчэ адзін цікавы выпадак. Як звычайна раніцай усё наша аддзяленне сабралася на снеданне. Быў вельмі густы туман. Снедалі моўчкі, лішняя гамана на фронце толькі шкодзіць. Раптам з туману на адлегласці дзесяці метраў ад нас выйшлі два немцы з аўтаматамі напагатове. І яны, і мы спалохаліся аднолькава. Праз імгненне мы схапіліся за аўтаматы, сінхронна з ворагамі націснулі на куркі, але зброя не спрацавала ні ў нас, ні ў немцаў. Яны сарыентаваліся хутчэй, павярнуліся і схаваліся ў тумане. Аўтаматы нашы раптам прачнуліся, і не адну сотню куль выпусцілі мы ўслед ворагам. Але ні параненых, ні мёртвых немцаў пасля таго, як туман рассеяўся, мы не ўбачылі. Быццам бы і не было гэтага эпізоду.
У пачатку студзеня 1944 года салдаты адчулі, што вось-вось пачнецца наступленне Чырвонай Арміі. Сталі больш актыўнымі дзеянні палкавой разведкі і нашага аддзялення аўтаматчыкаў. 9 студзеня, калі мы прыкрывалі чарговае паляванне разведчыкаў на “языка”, немцы гранатамі і агнём са стралковай зброі прымусілі нас адысці, а пасля накрылі яшчэ мінамётным агнём. Пацярпелі многія байцы, мне таксама рассекла асколкам левую нагу. Месяцы праз паўтара, пасля шпіталя, мяне накіравалі ў 23-ю гвардзейскую стралковую дывізію ў палкавую разведку 68-га гвардзейскага стралковага палка.
Ці цяжка чалавеку забіваць чалавека, калі ты ведаеш, што ён вораг тваёй краіны, што ён прыйшоў забіваць або ператвараць у рабоў тваіх родных, сяброў, знаёмых? Няпростае гэта пытанне. Са свайго аўтамата ППШ я ў немцаў на сярэдняй адлегласці не страляў, бо не вельмі верыў у дакладнасць зброі. На блізкай адлегласці па жывым праціўніку страляць не давялося. Раскажу, як аднойчы мой аўтамат выратаваў мне жыццё. Разрыўная куля трапіла ў дыск зброі, разбурыла некалькі патронаў, але другую сценку аўтамата так і не прабіла. Звычайная куля магла б прабіць абедзве сценкі зброі, але цела ўсё роўна не закранула б, таму што страціла б свой запал хуткасці. Адзенне таксама з’яўляецца перашкодай на шляху кулі. У выпадку са мной мог загарэцца порах патронаў у аўтамаце, але ад гэтага, лічу, вялікай шкоды не было б.
…Пра Вялікую Айчынную вайну напісана шмат, і я не прэтэндую на ролю першаадкрывальніка. Нагледзеўся і на разведку боем, і на баі мясцовага значэння, і ўмацаваўся ў думцы, што акопніку застацца жывым надзвычай цяжка. Памятаю, што ў маёй юнай галаве з першых ваенных дзён пульсавала рашэнне: забіць хаця б аднаго фашыста. Задача для радавога акопніка амаль невыканальная, таму што немцы ў абароне паводзілі сабе вельмі асцярожна, без асаблівай патрэбы не высоўваліся. Ніколі не бачыў, каб іх камандаванне пасылала салдат браць нашы кулямёты грудзьмі.
Аднойчы я як разведчык з некалькімі таварышамі шукаў праходы, па якіх ноччу можна адправіцца па “языка”. Лінія фронту на той час праходзіла па рацэ Вялікай. А наш участак абароны знаходзіўся на лініі гарадоў Пскоў — Востраў — Апочка. Адлегласць паміж акопамі была не менш як 500 метраў. Наш пункт баявой аховы знаходзіўся метраў за 100—150 ад нямецкага агнявога пункта, у канцы зарослага хмызняком яра, які вёў у наш бок. Пры такой адлегласці ад праціўніка паводзіць сябе належала ціха. Раптам убачыў, як з-за варожага дота выйшаў немец, прайшоў метраў 20 і пачаў знімаць штаны. Нягледзячы на забарону камандзіра, я схапіў карабін, зарадзіў яго патронам з трасіруючай куляй, папрасіў таварыша прасачыць за трапнасцю і стрэліў. Убачыў, што куля трапіла фашысту ў грудзі. Сяржант груба вылаяў мяне і прыгразіў аддаць пад трыбунал. Але ў гэты час з-за дота выйшаў другі немец і стаў шукаць таварыша. Не доўга думаючы, я зноў зарадзіў карабін такім жа патронам і трапіў гэтаму фашысту ў правы бок. За другі стр эл сяржант нават ударыў мяне і зноў прыгразіў трыбуналам. Целы абодвух ворагаў праляжалі да цемнаты. Зразумела, немцы адразу даведаліся пра гібель сваіх салдат, але вырашылі, пэўна, што забіў іх снайпер. Нашу баявую ахову яны не заўважылі. Не маглі фашысты ўявіць, што мы знаходзімся так блізка. Такім чынам мне ўдалося пазбегнуць трыбунала, якім палохаў не толькі сяржант, але і камандзір узвода. Магла чакаць мяне і штрафная рота — самае мяккае пакаранне ў выпадку, калі б нас прыкмецілі. Пасля гэтага страх смерці амаль прапаў, па-юнацку лічыў, што ўжо нешта здзейсніў на свеце, двух фашыстаў забіў. Усё ж пасля, на працягу некалькіх дзён, адчуваў сябе дрэнна. Думалася, што, магчыма, забітыя мной немцы звычайныя рабочыя або сяляне, што ваявалі яны не па сваёй волі, што дома іх чакаюць дзеці. Я ўсяляк пераконваў сябе, што памыляюся, што яны такія ж, як і ўсе фашысты, і забіваюць ні ў чым не вінаватых людзей з задавальненнем. Але гэтыя думкі дапамагалі мала.
Калі мне ўручылі процітанкавае ружжо (ПТР), афіцэр папярэдзіў, што ад зін патрон для яго каштуе 100 рублёў, таму страляць у “адзінокага” фашыста з ПТР забаронена. Але здабываць патроны для гэтай зброі было няцяжка, бо яны валяліся іншы раз і ў траншэях, і за брустверам. Таму я дазваляў сабе страляць па розных мішэнях, і ніхто з начальства заўваг мне не рабіў.
26 красавіка 1944 года пры спробе ўзя ць “языка” разгарэўся бой, у якім загінулі некалькі маіх таварышаў. Мяне параніла асколкам гранаты.
Пасля шпіталя зноў перакінулі на новы ўчастак фронту, дзе чакаўся бой мясцовага значэння сіламі адной ці дзвюх рот. Планавалася ўзяць высотку, што была метраў за 200—300 ад нас. Перад боем камандзір роты папрасіў мяне, кажучы па-салдацку, “заткнуць глотку” нямецкім кулямётам, якія, канечне, адкрыюць агонь па байцах, што пойдуць у атаку. Страляць трэба было па амбразурах нямецкіх доўгачасовых земляных агнявых пунктаў (дотаў). Першы раз сутыкнуўся з тым, што роту адпраўлялі ў атаку без артпадрыхтоўкі. У полі зроку былі чатыры доты. Пачаў па іх страляць. Два агнявыя пункты праціўніка замаўчалі адразу, але ажылі яшчэ два. Іх я таксама падавіў. Амаль без страт мы занялі нямецкія траншэі. Гэта, на мой погляд, вельмі рэдкі выпадак на вайне. Нашы салдаты замацаваліся ў акопах праціўніка, а немцы адступілі. Прайшло хвілін 15—20. Я выбраў ужо, дзе, на бліжэйшым узгорку, зрабіць новую агнявую пазіцыю, нават узняўся, каб перабегчы да яе. І тут убачыў, як з-за суседняга ўзгорка ў наш бок паляцелі нямецкія гранаты. Цяпер пачалі адступаць мы. Вораг заняў былыя пазіцыі і страляў нам у спіны. Страляў не толькі з траншэі. Некаторыя з немцаў, схаваўшыся за дрэвамі, вялі агонь адтуль. Дастаць іх аўтаматнымі ці кулямётнымі чэргамі было немагчыма. Хіба толькі параніць. І то лёгка. Падумаў, што немцы таксама баяцца смерці і стараюцца атрымаць лёгкае раненне, каб хутчэй адправіцца ў тыл і пазбегнуць небяспекі.
Між тым нахабства праціўніка злавала ўсё больш, і, нягледзячы на забароны камандзіра, я пачаў з ПТР расстрэльваць фрыцаў, што хаваліся за дрэвамі. Паспеў выстраліць восем разоў, і ўсе восем разоў трапна. Наўрад ці хто з фашыстаў застаўся жывым. Запомніўся жалобны эпізод гэтага бою: на самым узгорку наш салдат стаў на калена, каб зручней было страляць, і… быў забіты. Паміраючы, ён нейкі час яшчэ страляў, слабеючыя пальцы працягвалі націскаць на курок. Салдат прастаяў так да заканчэння бою, пакуль да яго не падышлі байцы. Зброю з рук ён так і не выпусціў.
Тым часам немцы падверглі мяне артналёту: на маім ПТР зрэзала дульны тормаз, а ў мяне трапілі 7—8 асколкаў, тры з іх — у лоб. Адчуванне было, што па галаве ўдарылі добрай палкай. Мільганула думка, што забіты. Толькі чаму ж не падаю? Пальцамі знайшоў рану, абмацаў лоб і зразумеў, што костка цэлая, не прабітая. Значыць, пашанцавала. Шрамы на лбе засталіся на ўсё жыццё. Асколкам зачапіла мезенец правай рукі. Ён так і застаўся крыху крываватым. Асколак засеў і ў мякаці вялікага пальца левай рукі. Я прасіў выдаліць яго, калі быў у шпіталі. Але хірург сказаў, што пры выдаленні можа быць закрануты жыццёва важны нерв і мне дадуць нестраявую. Трэба сказаць, потым па жыцці гэты асколак мне не перашкаджаў. Толькі праз 25 гадоў ён пачаў рухацца, я нават пальцамі намацваў яго ў розных частках цела.
У верасні 1944 года мяне перавялі ў каманду тых, хто амаль паправіўся пасля ранення і праз 2—3 дні павінен быў ехаць на фронт для ўзяцця Рыгі. Але нечакана нас накіравалі ў школу малодшых лейтэнантаў. 26 красавіка 1945 года прысвоілі афіцэрскае званне, і ў той жа дзень увесь наш выпуск у эшалоне адправілі на Берлін. На тэрыторыі Польшчы цягнік змяніў кірунак на поўдзень Германіі, і менавіта ў вагонах ужо на нямецкай тэрыторыі мы даведаліся пра Перамогу. Мяне прызначылі камандзірам узвода ПТР у асобны батальён аховы Дрэздэна.