Недзіцячыя “забавы”

Днямі двое падлеткаў, стаміўшыся ад камп’ютарных гульняў, вырашылі “пазабаўляцца” і віртуальныя гульні перанесці ў свет рэальны: прыхапіўшы нядаўна набытую пнеўматычную зброю, яны пачалі страляць у пасажырскія аўтобусы. Адбылося гэта не дзе-небудзь на “дзікім захадзе”, а ў зусім звычайным раённым цэнтры Беларусі — Маладзечне. А літаральна днём пазней падлетак, забаўляючыся з пнеўматычным ружжом, сур’ёзна параніў свайго таварыша. І падобныя выпадкі апошнім часам ужо не рэдкасць. Тыя віды злачынстваў, якія, здаецца, яшчэ зусім нядаўна былі “прэрагатывай” выключна дарослых, сёння ўсё часцей здзяйсняюць дзеці. Не ўлічваць гэты факт пры правядзенні прафілактычнай работы немагчыма. Пра гэта ішла гаворка на пасяджэнні калегіі Міністэрства ўнутраных спраў, прысвечаным пытанням прафілактыкі злачыннасці і правапарушэнняў непаўналетніх, што днямі прайшло ў Мінску.
Пасля мерапрыемства наш карэспандэнт сустрэўся з Алегам Уладзіміравічам Максімавым, старшым інспектарам упраўлення прафілактыкі Міністэрства ўнутраных спраў, каб даведацца, якія новыя выклікі часу павінны ўлічвацца прадстаўнікамі розных ведамстваў пры правядзенні прафілактычнай работы.

— Алег Уладзіміравіч, у папярэднія гады спецыялісты адзначалі ўстойлівае зніжэнне падлеткавай злачыннасці. А якая сітуацыя сёння?
— Сапраўды, калі прааналізаваць даныя за некалькі апошніх гадоў, то адзначаецца пэўная тэндэнцыя да зніжэння падлеткавай злачыннасці. Прычым гаворка ідзе пра істотнае зніжэнне. Напрыклад, у 2009 годзе падлеткамі здзейснена больш за 5 тысяч злачынстваў, у 2010 — 4777. Сёння лічбы значна меншыя. Так, па выніках 8 месяцаў бягучага года гаворка ідзе пра 1646 крымінальных спраў, дзе ўстаноўлена віна непаўналетніх. У мінулым годзе, дарэчы, за аналагічны перыяд было зафіксавана 2255 злачынстваў з А.У. Максімаўудзелам непаўналетніх. Зніжэнне — 27%. І калі ў мінулым годзе за 8 месяцаў удзельнікамі злачынстваў сталі 1832 падлеткі, то сёлета — 1238 маладых людзей.
Пры гэтым важна разумець, што мы гаворым пра пэўную катэгорыю непаўналетніх — ад 14 да 18 гадоў. Згодна з заканадаўствам нашай краіны, крымінальная і адміністратыўная адказнасць наступае з 16 гадоў, але па шэрагу артыкулаў, за цяжкія злачынствы, адказнасць наступае з 14-гадовага ўзросту. Прычым, як паказвае практыка, найбольш небяспечны ўзрост з пункта гледжання ўступлення ў канфлікт з законам, 15-16 гадоў.

— Магчыма, такое зніжэнне колькасці злачынстваў з удзелам непаўналетніх звязана з памяншэннем агульнай колькасці дзяцей?
— Гэты фактар, безумоўна, адыгрывае сваю ролю. Але ён далёка не адзінкавы. Гэта пацвярджаецца тым, што ўзровень злачыннасці на 100 тысяч насельніцтва ва ўзросце 14 — 18 гадоў знізіўся з 1301 факта ў 2003 годзе да 866 у 2012 годзе. Відавочна, што сваю ролю адыгрывае і прафілактычная работа, прычым не толькі супрацоўнікаў міліцыі, але і іншых ведамстваў — адукацыі, культуры.

— А якія віды злачынстваў учыняюцца непаўналетнімі найбольш часта?
— У асноўным гэта маёмасныя злачынствы. Лічбы гавораць самі за сябе: з 1646 злачынстваў бягучага года 983 — менавіта крадзяжы, а дадайце да гэтага яшчэ разбой (20 выпадкаў), махлярства (112), грабяжы (104), якія таксама адносяцца да маёмасных. Таму на гэты напрамак прафілактычнай работы неабходна звяртаць асаблівую ўвагу. Разам з тым, безумоўна, радуе той факт, што з часам становіцца менш цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, якія ўчыняюць непаўналетнія. Так, знізілася колькасць забойстваў — у мінулым годзе былі чатыры выпадкі, цяжкіх цялесных пашкоджанняў — 12. Але кожны такі выпадак уражвае і прымушае задумацца: як здараецца так, што дзеці і падлеткі даходзяць да такой жорсткасці, што здольны забіць свайго аднагодку ці дарослага чалавека…
Непакоіць і тое, што сёння падлеткі становяцца ўдзельнікамі злачынстваў, якія, здаецца, яшчэ зусім нядаўна былі “прэрагатывай” выключна дарослых.

— Напрыклад?
— Вось апошні выпадак: у Маладзечне двое падлеткаў з пнеўматыкі абстралялі гарадскія аўтобусы. Без аніякіх прычын. Відаць, проста сумна стала. І гэта не адзінкавы выпадак. Днём пазней падлетак у Давыд-Гарадку з пнеўматычнага ружжа параніў свайго сябра. На гэты раз здарэнне адбылося выпадкова, тым не менш за гэта прадугледжана крымінальная адказнасць аж да пазбаўлення волі. Раней падлеткі ў падобных “гульнях” са зброяй наогул не ўдзельнічалі.
Ці, напрыклад, злачынствы, звязаныя з высокімі тэхналогіямі. Раней іх учынялі выключна дарослыя, а за мінулы перыяд бягучага года зафіксаваны ўжо 34 такія злачынствы з удзелам непаўналетніх. Прычым гаворка ідзе як пра банальнае прысвойванне чужых банкаўскіх картак і абналічванне грошай, так і пра злачынствы, звязаныя з распрацоўкай хакерскіх праграм. Гэта якраз той выпадак, калі веды не ідуць на карысць. Тут жа можна прыгадаць і такі від злачынстваў, як распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў з дапамогай сеткі інтэрнэт. На жаль, сёння падлеткі не толькі церпяць у выніку такіх злачынстваў, але і самі становяцца іх ініцыятарамі.
Яшчэ адзін з актуальных напрамкаў — антынаркатычныя праграмы. Тут неабходна гаварыць у цэлым пра тое, якая сёння сітуацыя з распаўсюджваннем наркотыкаў у краіне: на жаль, праблема становіцца ўсё больш актуальнай, і ў адносінах да падлеткаў таксама. Так, за 8 месяцаў бягучага года зафіксавана 60 злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў, з удзелам непаўналетніх супраць 41 у мінулым годзе. Тут варта нагадаць, што, згодна з нашым заканадаўствам, крымінальная адказнасць прадугледжана за захоўванне, выраб, набыццё і збыт наркатычных сродкаў.
У маладзёжным асяроддзі найперш гаворка ідзе пра распаўсюджванне, ужыванне курыльных сумесей, так званых “спайсаў”. Са свайго боку мы ўжо не першы год удзяляем асаблівую ўвагу гэтай праблеме. Так, у мінулым годзе правялі рэспубліканскую акцыю “Стоп спайс”, распрацавалі інфармацыйнае пісьмо, каб растлумачыць людзям не толькі шкоду ад ужывання гэтых сумесей, але і тое, што распаўсюджванне іх цягне за сабой рэальную адказнасць.
Работу па процідзеянні распаўсюджвання наркотыкаў, асабліва сярод моладзі, неабходна працягваць і далей. Трэба яшчэ многае зрабіць, у тым ліку і давесці да супрацоўнікаў устаноў адукацыі неабходную інфармацыю: каб педагогі ведалі і маглі вызначыць асноўныя прыкметы ўжывання наркотыкаў, каб было наладжана ўзаемадзеянне ў выпадку выяўлення падобных фактаў.
Больш за тое, сёння ідзе гаворка пра неабходнасць увядзення адказнасці за ўжыванне алкаголю і наркотыкаў непаўналетнімі. Зараз ні ў адным прававым акце не замацавана норма, якая б забараняла ўжыванне алкаголю і наркотыкаў не толькі непаўналетнімі, але і малалетнімі. Таму МУС прапаноўвае прадугледзець у Законе “Аб правах дзіцяці” норму, якая б забараняла асобам ва ўзросце да 18 гадоў курыць, ужываць алкагольныя, слабаалкагольныя напіткі або піва, ужываць наркотыкі, псіхатропныя рэчывы і аналагі, а таксама ў Кодэксе аб адміністратыўных правапарушэннях — адказнасць бацькоў за такія дзеянні дзяцей.

— Дарэчы, пра адказнасць бацькоў. У мінулым годзе Міністэрства ўнутраных спраў ініцыіравала ўвядзенне забароны знаходжання дзяцей на вуліцы ў начны час без суправаджэння дарослых і, адпаведна, увядзенне адказнасці бацькоў за парушэнне гэтай нормы. Як паказала практыка, наколькі актуальнай была гэтая мера?
— Больш за 1000 бацькоў прыцягнуты да адказнасці за знаходжанне іх дзяцей у начны час на вуліцы без суправаджэння. Гэтая лічба гаворыць сама за сябе: праблема існуе, і з ёй неабходна працаваць. Непаўналетнім без суправаджэння дарослых няма патрэбы ў начны час знаходзіцца на вуліцы. Яшчэ раз падкрэслю: у інтарэсах іх асабістай бяспекі. Колькі выпадкаў, калі гэта заканчваецца здзяйсненнем непаўналетнімі злачынстваў ці калі яны самі станавіліся ахвярамі проціпраўных дзеянняў. Вось адзін з апошніх: ноччу ў бальніцу аднаго з раённых цэнтраў паступіў падлетак з траўмамі. Як высветлілася, пабоі яму нанеслі яго ж аднакласнікі, канфлікт узнік з-за дзяўчыны. У выніку маладому чалавеку былі нанесены цяжкія цялесныя пашкоджанні. Просты кантроль бацькоў за дзецьмі ў начны час мог папярэдзіць бяду.

— А як працуе яшчэ адно мінулагодняе новаўвядзенне: змяненне парадку накіравання падлеткаў у спецыяльныя выхаваўчыя ўстановы?
— За 8 месяцаў бягучага года ў спецыяльныя выхаваўчыя ўстановы было накіравана каля 120 чалавек, за аналагічны перыяд мінулага года — каля 70. Статыстыка дазваляе гаварыць пра тое, што змяненні былі своечасовымі і неабходнымі. Калі малады чалавек здзяйсняе 4, 5, а то і 10 правапарушэнняў, з ім праводзіцца неабходная прафілактычная работа на месцы, але калі меры адміністратыўнага ўздзеяння, якія да яго прымяняліся, не прыносяць неабходнага выніку, то накіраванне ў спецыяльную выхаваўчую ўстанову проста неабходна. Прынцып непазбежнасці пакарання павінен працаваць заўсёды як адзін з асноўных прынцыпаў прафілактыкі.

— Але ж часам самі суб’екты прафілактыкі — установы адукацыі — не зацікаўлены ў раскрыцці правапарушэнняў іх навучэнцаў…
— Гэтая праблема сапраўды раней мела месца. Але ва ўзаемадзеянні з Міністэрствам адукацыі былі прыняты меры, каб такія пытанні зараз не ўзнікалі. Да таго ж па ініцыятыве МУС з 1 мая па 1 верасня праводзілася рэспубліканская міжведамасная праграма «Клопат», адной з задач якой і было паляпшэнне ўзаемадзеяння паміж суб’ектамі прафілактыкі.
Супрацоўнікі органаў унутраных спраў прытрымліваюцца пазіцыі, што выяўленне ўстановай адукацыі правапарушэння падлетка не павінна быць адмоўным паказчыкам дзейнасці. Наадварот, бо замоўчванне праблем не прывядзе да чагосьці добрага. Чым раней выявім, тым прасцей будзе выправіць сітуацыю. Калі, напрыклад, падлетак прыходзіць на заняткі ў стане алкагольнага ап’янення, задача супрацоўнікаў школы паведаміць пра гэта інспектару па справах непаўналетніх, далей гэты супрацоўнік будзе кваліфікавана працаваць з падлеткам. Калі ж малады чалавек разумее, што нікуды далей за сцены ўстановы адукацыі інфармацыя аб яго правапарушэннях не пойдзе, то з кожным разам яго паводзіны будуць усё больш дзёрзкімі. Зноў-такі павінен захоўвацца прынцып непазбежнасці пакарання.

— Але ж прафілактыка — гэта не толькі пагроза пакарання. На якія іншыя напрамкі дзейнасці ў гэтай сферы неабходна звярнуць асаблівую ўвагу?
— У першую чаргу — на карысную занятасць дзяцей і падлеткаў. Як паказвае практыка, толькі адзінкавыя злачынствы падлеткаў — гэта вынік запланаваных дзеянняў, абсалютная большасць — гэта непрадказальныя дзеянні, вынік таго, што падлетак не ведае, чым сябе заняць, і проста, як кажуць, апынуўся не ў той час не ў тым месцы. Безумоўна, арганізацыя занятасці дзяцей — гэта сфера адказнасці бацькоў: яны павінны клапаціцца пра тое, каб дзіця мела захапленне, ведаць, з кім сябруе іх сын ці дачка, як арганізаваны іх вольны час. Аднак, як паказвае практыка, кожны другі з бацькоў нават не назаве імя блізкага сябра свайго дзіцяці. Да таго ж шмат сем’яў, дзе бацькі злоўжываюць алкаголем і вядуць асацыяльны лад жыцця.
З другога боку, не заўсёды і суб’екты прафілактыкі спрацоўваюць на 100%. Праблемы з году ў год адны і тыя ж. Здаецца, сістэма адукацыі, культуры, грамадскія арганізацыі прапаноўваюць мноства магчымасцей для арганізацыі вольнага часу дзяцей. Але пытанне ў тым, што гэта не заўсёды адпавядае запытам дзяцей. Трэба шукаць новыя формы, каб дзіця ў гуртку, секцыі, аб’яднанні магло атрымаць тое, што не можа атрымаць на вуліцы і дома.

Алена МАРКЕВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.