Нефармальная сустрэча

У чацвер, 10 кастрычніка, міністр адукацыі Ігар Карпенка правёў нефармальную сустрэчу са старшакласнікамі сярэдняй школы № 217 Мінска. У верасні міністр наведваў гэтую навучальную ўстанову ў межах праекта “Школа актыўнага грамадзяніна” і паабяцаў школьнікам запрасіць іх да сябе, каб яны маглі азнаёміцца з працоўнымі буднямі міністэрства.

Для вучняў 8—11 класаў і іх педагогаў быў адкрыты кабінет для перагавораў і сустрэч, дзе яны даведаліся пра правілы дзелавога этыкету і пратаколу. Затым юным гасцям паказалі, як су­працоўнікі міністэрства працуюць з дакументамі. І, зразумела, па запрашэнні міністра яны пабылі ў яго працоўным кабінеце. Як адзначыла дырэктар сярэдняй школы № 217 Алена Падлубная, уражанняў ад убачанага хопіць надоўга.

Цэнтральнай жа падзеяй для школьнікаў і іх педагогаў стала ня­змушаная размова з міністрам адукацыі. Спачатку, каб госці атрымалі поўную карцінку аб структуры і дзейнасці галіновага ведам­ства, Ігар Васільевіч паведаміў, што апарат міністэрства — гэта ўсяго 90 супрацоўнікаў і 10 памочнікаў, якія забяспечваюць развіццё ўсіх узроўняў адукацыі.

У цяперашні час у краіне працуюць больш за 8 тысяч устаноў адукацыі, якія прадстаўляюць усе яе ўзроўні. Навучанне і выхаванне больш за 3 млн дзяцей, навучэнцаў, студэнтаў і слухачоў забяспеч­ваюць каля 430 тысяч работнікаў сістэмы адукацыі. Рэспубліка Беларусь у рэйтынгу дзяржаў па індэксе чалавечага развіцця па паказчыках у сферы адукацыі адносіцца да дзяржаў з вельмі высокім узроўнем.

“Сёння адбываецца магутны працэс змены адукацыйнай парадыгмы: цяпер настаўнік не з’яўляецца галоўнай крыніцай інфармацыі. У сувязі з гэтым узнікае пытанне: як сучаснаму вучню сарыентавацца ў вялікім патоку інфармацыі? І дапамагаць яму павінен педагог”, — заўважыў міністр. Разам з тым роля настаўніцкай дзейнасці на фарміраванне сацыялізаванай асобы па-ранейшаму з’яўляецца ключавой. Менавіта настаўнікі на сваіх уроках і ў пазаўрочнай дзейнасці дапамагаюць кожнаму вучню раскрыць свае самыя лепшыя якасці і здольнасці. Інтэрнэт на такое не здольны.

У нашы дні ва ўсіх сферах прафесійнай дзейнасці вітаецца крэатыўнасць і ўменне працаваць у камандзе. Як адзначыў міністр, патрэбны не проста высакакласныя спецыялісты, а людзі, здольныя генерыраваць ідэі і прапаноўваць алгарытмы іх укаранення ў жыццё і вытворчасць. Светам правяць тэхналогіі, але яны нічога не варты без чалавечых рэсурсаў. Каб кіраваць такімі тэхналогіямі, неабходна пастаянна вучыцца і самаўдас­канальвацца. Наша адукацыя дае такую магчымасць: яна забяспечвае трывалую аснову для росту і развіцця кожнаму жадаючаму.

Фарматам сустрэчы школьнікаў з міністрам стаў дыялог. Старшакласнікі актыўна задавалі пытанні. Напрыклад: “Сёння папулярнай і запатрабаванай з’яўляецца кітай­ская мова. Ці не здаецца вам, Ігар Васільевіч, што настане час — і кітайская выцесне такую пашыраную сёння англійскую мову?”

“Такое наўрад ці здарыцца. У нас кітайская мова як асноўная замежная вывучаецца толькі ў 24 школах краіны (з агульнай колькасці крыху больш за 3000). У Кітаі дзейнічаюць 11 цэнтраў беларускай мовы і культуры, што свед­чыць і пра зацікаўленасць з іх боку да нашай краіны. А ўвогуле, я за нацыянальную разнастайнасць. Сёння важна ведаць розныя мовы, культуры і традыцыі. Прынамсі, у нашай краіне жывуць (і добра ўжываюцца) грамадзяне розных нацыянальнасцей. Вось гэтага згубіць нельга”, — заўважыў Ігар Карпенка.

Адказваючы на пытанне наконт больш шырокага распаўсюджвання беларускай мовы, міністр заўважыў, што тут кожнаму беларусу трэба пачынаць з сябе. І калі ёсць жадаючыя вучыцца на беларускай мове, то гэтую ініцыятыву трэба падтрымліваць. Дарэчы, у самім Міністэрстве адукацыі ўвесь дакументаабарот вядзецца як на рускай мове, так і на беларускай. 

Адна са школьніц пахваліла ініцыятыву БДУ, дзе будучым абітурыентам прапануюць на тыдзень акунуцца ў студэнцкую атмасферу, і прапанавала пашырыць такую практыку. Міністр падтрымаў яе прапанову, адзначыўшы, што прафесійная матывацыя вельмі важная рэч. Такая дзейнасць універсітэта дапамагае абітурыенту да выбару будучай прафесіі падыходзіць больш удумліва. “Выдатна, калі вы не бегаеце з сертыфікатамі ЦТ па ўніверсітэтах, а падаяце дакументы мэтанакіравана”, — сказаў Ігар Карпенка.

Напрыканцы сустрэчы адбыўся абмен падарункамі. Міністр адукацыі ўручыў школьнікам мячы і кнігі, а яны яму — памятны сувенір, зроблены ўласнымі рукамі. Навучэнцы сярэдняй школы № 217 сталіцы, ужо спускаючыся ў гардэроб, пачалі эмацыянальна дзяліцца ўражаннямі. Сустрэча атрымалася.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.