Нейрапсіхалагічны падыход і метад біяэнергапластыкі ў рабоце з дзецьмі з АПФР: вопыт педагога Святланы Казловіч

- 15:06Образование

Нетрадыцыйныя метады і прыёмы ў карэкцыі маўленчых парушэнняў практыкуе настаўнік-дэфэктолаг дзіцячага сада № 3 Пружан Святлана Казловіч, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

— У прафесію я прыйшла 20 гадоў назад. Яна складаная, спецыфічная, прадугледжвае велізарную адказнасць, бо мы маем справу з дзецьмі з АПФР, — гаворыць педагог. — Самае галоўнае ў маёй рабоце — гэта любоў і індывідуальны падыход да кожнага выхаванца, уменне прымаць яго такім, які ён ёсць, радавацца разам з ім поспехам, суперажываць няўдачам.

Святлана Іванаўна працуе ў пункце карэкцыйна-педагагічнай дапамогі з выхаванцамі, якія маюць нязначныя маўленчыя парушэнні. Прымяняе розныя метады і прыёмы, у тым ліку нетрадыцыйныя, якія падтрымліваюць у дзяцей пазнавальную актыўнасць, папярэджваюць стамленне, павялічваюць у цэлым эфектыўнасць лагапедычнай работы.

— Пры карэкцыі гукавымаўлення добра паказаў сябе метад біяэнергапластыкі, калі спалучаюцца рухі органаў артыкуляцыйнага апарату з рухамі пальцаў рук, — працягвае суразмоўніца. — Істотную ролю пры гэтым мае развіццё кінестэтычных адчуванняў органаў артыкуляцыі. Развіваючы тонкую маторыку, мы актывізуем пэўныя аддзелы галаўнога мозга, якія адказваюць за маўленне. Метад біяэнергапластыкі выклікае цікавасць у дзяцей яшчэ і таму, што я заўсёды выкарыстоўваю гульнявыя персанажы, пальчаткі, лічэнне, музычнае суправаджэнне, вершы і дэманстрацыйны матэрыял.

Адразу Святлана Іванаўна развучвае з хлопчыкамі і дзяўчынкамі практыкаванні без выкарыстання рухаў рук, суправаджае працэс толькі рухамі сваёй вядучай рукі для таго, каб дзеці прывыклі да незвычайных рухаў. Выхаванцы пачынаюць паўтараць за педагогам. Важна сачыць за тым, каб кісць рукі дзіцяці не напружвалася, рухі былі плаўнымі і разняволенымі, каб былі сінхроннасць і дакладнасць у дзеяннях маўленчых органаў і кісцей. Рука павінна знаходзіцца на ўзроўні сонечнага спляцення паралельна падлозе або сагнутым нагам. Пасля таго як дзіця асвоіла практыкаванне з вядучай рукой, педагог прапануе выканаць практыкаванні другой рукой, а затым дзвюма. Працягласць выканання кожнага задання — 6—8 секунд.

Прыклады артыкуляцыйных практыкаванняў:

  • «Бегемот». Дзіця трымае адкрытым рот з адначасовым паказам верхніх і ніжніх зубоў. Практыкаванне суправаджаецца сцісканнем і расцісканнем кісцей рук.
  • «Усмешка». Дзіця ўтрымлівае моцна расцягнутыя вусны ва ўсмешцы, зубы сціснутыя, іх не відаць. Адначасова пальцы сціскаюцца ў кулак.
  • «Трубачка». Дзіця адкрывае рот, высоўвае язык і загінае яго бакавыя краі ўгару. Адпаведна пальцы самкнутыя і выцягнуты наперад.
  • «Горка». Дзіця шырока адкрывае рот, паказвае зубы, кончыкам языка ўпіраецца ў ніжнія зубы, спінка языка паднімаецца ўгару, тым часам кісць рукі прымае форму горкі.

— Для развіцця звязнага маўлення выкарыстоўваю тэхнікі візуалізацыі інфармацыі, — адзначае Святлана Іванаўна. — У першую чаргу інфаграфіку, якая спрыяе хуткаму запамінанню інфармацыі і ўзнікненню асацыяцый. Інфаграфіка прадстаўлена ў розных відах мнематэхнікі (табліцы, схемы). Зрокава абапіраючыся на апорныя схемы, выхаванцы з лёгкасцю завучваюць вершы і складаюць звязныя тэксты. Пры складанні табліц або схем на кожнае слова ці маленькае словазлучэнне прыдумваецца малюнак (сімвал). Такім чынам, увесь тэкст замалёўваецца схематычна. Гледзячы на схемы-малюнкі, дзіця лёгка перадае тэкставую інфармацыю.

Педагог цікавіцца нейрапсіхалагічнымі прыёмамі, якія развіваюць міжпаўшарнае ўзаемадзеянне. Пры яго несфарміраванасці не адбываецца паўнавартаснага абмену інфармацыяй паміж левым і правым паўшар’ем, кожнае з якіх спасцігае навакольны свет па-свойму. Нейрапсіхалагічны падыход прадугледжвае карэкцыю парушэнняў маўленчых і псіхічных працэсаў праз рух.

Святлана Казловіч прымяняе люстраное маляванне, калі дзіця малюе дзвюма рукамі сіметрычныя лініі, спіралі, васьмёркі, кінезіялагічныя практыкаванні, такія як «колца» (па чарзе перабіраць пальцы рук, злучаючы ў кольца з вялікім пальцам паслядоўна ўказальны, сярэдні і г. д.), «кулак — рабро — далонь» (на плоскасці стала па вуснай інструкцыі трэба паказаць тры становішчы рукі: кулак, далонь і далонь рабром), «замок» (скрыжаваць рукі далонямі адна да адной, сашчапіць пальцы ў замок), кінезіялагічныя дарожкі і іншыя.

Дзякуючы практыкаванням у дзяцей паляпшаецца памяць, увага, прасторавыя ўяўленні і, як вынік, павялічваецца ўзровень інтэлектуальных здольнасцей, актывізуецца работа галаўнога мозга. Заняткі праходзяць у гульнявой форме, у камфортнай атмасферы.

Для паспяховай работы вялікае значэнне мае ўзаемадзеянне з калегамі і бацькамі.

— Бацькам кажу, што менавіта яны самыя галоўныя памочнікі сынам і дочкам у рашэнні задач па развіцці маўлення. Ад іх цярпення, увагі залежыць канчатковы вынік, — падкрэлівае Святлана Іванаўна. — Арганізую круглыя сталы, семінары, запрашаю наведаць заняткі, паўдзельнічаць у выкананні заданняў разам са сваім дзіцем.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота з архіва ўстановы