Непапяровы эфект

- 15:27Сацыяльны ракурс

Як яго дасягнуць у прафілактыцы?

Як развіваць жыццёвыя навыкі пераадолення цяжкасцей у падлеткаў? Што робіцца для сацыяльнага развіцця падлеткаў у нашай краіне? Як эфектыўна займацца прафілактыкай? На гэтыя і іншыя пытанні шукалі адказы ўдзельнікі круглага стала “Практыка сацыяльна-псіхалагічнай работы з моладдзю па развіцці канструктыўных жыццёвых навыкаў пераадолення цяжкасцей”, арганізаванага камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама, грамадскім аб’яднаннем “Пазітыўны рух”, прадстаўніцтвам Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь.

Сучаснасць выклікае

Заяўленую тэму ўдзельнікі круглага стала разглядалі з розных бакоў і дзяліліся сваім вопытам па фарміраванні пазітыўнай асобы навучэнцаў праз прымяненне інавацыйных падыходаў мабільнай работы з моладдзю, развіццё жыццёвых навыкаў пры дапамозе медыяцыі, работу з траўмай і крызіснай інтэрвенцыяй, доступ падлеткаў да паслуг у сферы здаровага ладу жыцця, іх сацыяльнае развіццё шляхам далучэння да культурна-забаўляльнай дзейнасці і інш. Адной з самых гарачых стала тэма прафілактыкі злоўжывання наркотыкамі ў маладзёжным асяроддзі.

Прафілактыка ў рэальнасці і прафілактыка ў справаздачы аб зробленай рабоце — не заўсёды адно і тое ж. Справаздача можа змяшчаць пералік мноства праведзеных прафілактычных мерапрыемстваў, а эфектыўнасць гэтых мер на самай справе ў лепшым выпадку вельмі невысокая або зусім нулявая. Больш за тое, на круглым стале прагучала інфармацыя нават пра тое, як пасля прафілактычнай гутаркі падлетак, наслухаўшыся аповедаў пра распаўсюджванне наркотыкаў, пайшоў шукаць “закладкі”.

Так, распаўсюджванне псіхатропных рэчываў і наркаўжыванне ў маладзёжным асяроддзі прыносіць грамадству ўсё новыя выклікі. Іх агляд зрабіў для прысутных урач-псіхіятр-нарколаг асістэнт кафедры псіхіятрыі і медыцынскай псіхалогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Уладзімір Пікірэня.

Некаторыя даныя, прыведзеныя спецыялістам, шакіруюць, нягледзячы на тое, што інфармацыі пра распаўсюджанасць наркотыкаў мы атрымліваем вельмі многа. Так, лічыцца, што ў свеце зараз 5,6% (275 млн) людзей хаця б раз на працягу года ўжываюць наркотыкі. 76% смерцей ад наркотыкаў звязана са злоўжываннем апіёідамі, толькі 1 з 6 з тых, каму гэта патрэбна, атрымлівае медыцынскую дапамогу. У 2017 годзе, дарэчы (хаця якое тут можа быць дарэчы?), быў сабраны самы багаты “ўраджай” опіумнага маку, на 25% вырасла плошча плантацый какаіну. І гэта пры тым, што вайна наркотыкам аб’яўлена даўно і вядзецца жорстка.

Як бачна, мы і сапраўды жывём у свеце ўсё большых выклікаў з боку тых, хто распаўсюджвае наркотыкі. Сярод іх — мноства (і гэта не перабольшванне ) інтэрнэт-магазінаў, якія прапаноўваюць псіхатропныя рэчывы, працуючы пры гэтым у рэчышчы сучаснага прасоўвання тавараў — скідкі, рэклама, акцыі, запрашэнне на “работу” з пэўнымі бонусамі. Таксама такія прадаўцы апошнім часам сталі расказваць сваім пакупнікам пра тое, як знізіць шкодныя наступствы ад наркотыкаў, што заклікана выклікаць давер да іх гандлю. Так неназойліва наркагандляры захопліваюць моладзь.

Асабістых кантактаў паміж прадаўцамі і пакупнікамі пры гэтым няма, што ўскладняе барацьбу з распаўсюджваннем наркотыкаў. Інтэрнэт-магазіны, канечне, закрываюць, але на месцы кожнага з іх узнікаюць новыя — і гэта адзін з самых сур’ёзных выклікаў сучаснасці.

Большасць людзей спрабуюць псіхаактыўныя рэчывы (не толькі наркотыкі, любыя іншыя) у падлеткавым і маладым узросце, прычым ужо сярод старшакласнікаў 70% маюць вопыт ужывання алкаголю (першая спроба, згодна з данымі беларускіх даследчыкаў, адбываецца ў 14 гадоў), 40% — перыядычна кураць, 20% спрабавалі якія-небудзь іншыя рэчывы, каб атрымаць стан змененай свядомасці, гаворачы мовай медыкаў.

Маштаб — міжнародны

Праблема распаўсюджвання і злоўжывання наркотыкамі актуальная, зразумела, не толькі для Беларусі, яна носіць міжнародны маштаб. Выпрацаваны міжнародныя стандарты па прафілактыцы злоўжывання наркотыкамі — пра іх расказала старшыня праўлення БГА “Пазітыўны рух” Ірына Статкевіч.

Перш за ўсё, мабыць, варта разабрацца, што ў міжнароднай практыцы лічыцца злоўжываннем наркотыкамі. Дынаміка цяжару наркаманіі дзеліцца на 5 этапаў: адсутнасць ужывання псіхаактыўных рэчываў; эксперыментаванне — мінімальнае ўжыванне, звычайна звязанае з адпачынкам; пачатковая стадыя — параўнальна ўстойлівая звычка, схільнасць да прыёму больш, чым аднаго прэпарату, першае праяўленне адмоўных наступстваў; злоўжыванне і, нарэшце, наркатычная залежнасць, прыстасаванне ладу жыцця да пошуку і прыёму наркотыкаў. А мэта прафілактыкі — пазбегнуць або адцягнуць ужыванне наркотыкаў, калі ўжо ёсць факты іх ужывання — папярэдзіць развіццё хваробы. Акрамя таго, стварыць бяспечнае асяроддзе, якое спрыяе развіццю патэнцыялу кожнага дзіцяці. Адсюль вынікае, што без пазітыўнага ўзаемадзеяння дзяцей, моладзі з сем’ямі, школай, грамадствам прафілактыка не будзе дзейснай.

Згодна з міжнароднымі даследаваннямі, прафілактыка ўжывання наркотыкаў яшчэ нядаўна абмяжоўвалася выпускам брашур, якія папярэджвалі моладзь пра небяспеку наркотыкаў. На паводзіны падлеткаў такая мера практычна не ўплывала. І, думаю, многія спецыялісты, у тым ліку педагогі, пацвердзяць гэты вывад. Іншыя, сучасныя, меры куды больш эфектыўныя ў гэтым плане.

Сярод іх вылучаюцца, напрыклад, тыя, што ставяць мэту ўмацаваць ахоўныя сямейныя навыкі: навучанне бацькоў навыкам выхавання ў сям’і, навучанне дзяцей асобасным уменням і навыкам зносін, практычныя заняткі для сем’яў.

Ёсць у прафілактычным арсенале і такія меры, як праграмы для падлеткаў з індывідуальнымі псіхалагічнымі “ўразлівасцямі” (пошук вострых адчуванняў, імпульсіў-насць, трывожнасць, чуллівасць). Падлеткам неабходна дапамагаць спраўляцца з эмоцыямі, далучаючы іх да рознай дзейнасці, вучыць на практыцы прымяняць асобасныя і сацыяльныя навыкі.

Працуюць на прафілактыку праграмы па паляпшэнні атмасферы ў школе, якія ўключаюць стратэгіі барацьбы з непрымальнымі паводзінамі і стратэгіі адабрэння добрых паводзін, а таксама правядзенне палітыкі па ўтрыманні дзяцей у навучальнай установе (для дзяцей з сем’яў з нізкім і сярэднім узроўнем даходаў) і іншыя меры.

Нельга, канечне, гаварыць, што падобная практыка не прымяняецца ў беларускіх школах і іншых установах. Адзін з цікавых прыкладаў прафілактыкі дэвіянтных паводзін, у тым ліку адцягвання падлеткаў ад дрэнных кампаній, дзе і наркотыкі могуць прапанаваць, я бачыла ў адной з мінскіх школ. Там для дзяцей з сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, кожнае лета арганізоўваюць лагер, а педагогам дапамагаюць валанцёры з профільнага ўніверсітэта. Але і сумныя лекцыі, і названыя вышэй брашуры яшчэ не рэдкасць у нашых навучальных установах. Між тым падлічана, што кожны долар, патрачаны на прафілактыку (на эфектыўную, канечне), спрыяе эканоміі сама менш дзесяці долараў у будучыні.

У адказ

Існуюць, безумоўна, і іншыя прапановы па павышэнні эфектыўнасці антынаркатычнай прафілактыкі.

— Трэба разумець, што ў часткі падлеткаў ёсць ужо нейкі ўласны вопыт ужывання псіхатропных рэчываў або зносін з тымі, хто іх ужывае, — заўважае У.І.Пікірэня. — Неабходна рабіць папраўку на гэта і, расказваючы пра шкоду курэння, напрыклад, не гаварыць, што ўсе курцы паміраюць ад раку, маючы на працягу жыцця чорныя зубы і жоўтую скуру. Вопыт падлеткаў часта супярэчыць такім сцвярджэнням, і дзеці ім не павераць.

Горш за ўсё, калі слова дарослых разыходзіцца са справай: “Вам курыць нельга, але сам я куру”. Якая ж тут прафілактыка?! Не спрацоўваюць таксама і запалохванне, і невыбіральнае тэсціраванне на наркотыкі, і лекцыі для “птушачкі”. Выклікаюць непрыязнасць у падлеткаў некампетэнтнасць тых, хто размаўляе з імі, камунікатыўны бар’ер, пазіцыя дарослых “пажыві з маё”, розныя ўлікі, якія больш ствараюць праблем, чым дапамагаюць.

Сапраўды, улікі ўсялякага роду задумваліся з самымі добрымі намерамі — дапамагчы тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Але калі навакольныя даведваюцца, што падлетак стаіць на ўліку, гэта, бывае, шкодзіць прафілактыцы, адштурхоўвае падлетка ад “памочнікаў”. Дапамога на ананімных пачатках тут можа аказацца больш эфектыўнай. Ну, ці хаця б неабходна строга берагчы тайну кожнага падлетка, які трапіў на ўлік.

А яшчэ ў тых, хто працуе з нарказалежнымі, ёсць думка, што вельмі строгая крымінальная адказнасць па некаторых “наркатычных” справах прыводзіць да боязі спажыўцоў звяртацца па дапамогу.

І пры гэтым падлеткавы ўзрост застаецца ўзростам эксперыментаў, таму без актыўнай прафілактыкі тут не абысціся. Эфекту, на думку медыкаў, а дакладней, псіхіятраў і нарколагаў, можна дасягнуць рэсацыялізацыяй людзей з крымінальным мінулым, даступнай кваліфікаванай і ананімнай дапамогай тым, хто ўжывае наркотыкі, іншымі мерамі на ўзроўні дзяржавы з удзелам грамадскіх аб’яднанняў. Як прагучала на сустрэчы, забараніць ужываць наркотыкі можна, але гэта ўсё роўна, што забараніць людзям хварэць — так хваробу не пераможаш. Адных забарон для прафілактыкі злоўжывання наркотыкамі мала.

Ёсць і больш простыя крокі, даступныя кожнай структуры, якая займаецца прафілактыкай, у тым ліку ў сістэме адукацыі, — навучанне спецыялістаў камунікацыі з дзецьмі і падлеткамі, павышэнне іх кваліфікацыі ў галіне рызыкоўных паводзін, уважлівыя (і не ў сэнсе напісання шматлікіх папер) адносіны да дзяцей з нядобранадзейных сем’яў, актыўнае выкарыстанне заняткаў па сістэме “роўны вучыць роўнага”, праграмы, якія даюць падлеткам альтэрнатыву жыццёвага шляху, асабліва тым, у каго родныя знаходзяцца або пабывалі ў зняволенні.

Канечне, у той ці іншай ступені такія меры ў нас выкарыстоўваюцца, і пра іх таксама гаварылі на круглым стале — прыцягненне падлеткаў да актыўнай культурна-забаўляльнай дзейнасці для іх сацыяльнага развіцця і сацыяльнай адаптацыі, правядзенне гарадскіх квестаў з тымі ж мэтамі і інш. Але, як паказвае жыццё, падобныя меры прымяняюцца яшчэ недастаткова шырока, магчыма, не ў кожным выпадку на высокім узроўні. Прафілактыка нарказалежнасці — справа доўгатэрміновая, патрабуе і часу, і сродкаў, і сіл, дасведчанасці тых, хто ёй займаецца. Непапяровы падыход тут, бясспрэчна, неабходны.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота аўтара і з адкрытых крыніц інтэрнэту.