Непарыўна звязаны са школай

Лёсы прадстаўнікоў пяці пакаленняў сям’і Смунёвых — Кліменціёнак з Віцебшчыны непарыўна звязаны са школай. Агульны стаж гэтай педагагічнай дынастыі — больш за 130 гадоў. Адметна, што ў яе ўваходзяць ажно пяць настаўнікаў матэматыкі, а таксама сацыяльны педагог, гісторык і па сумяшчальніцтве педагог-арганізатар.

Валянціна Мікалаеўна алянціна Мікалаеўна Кліменціёнак.

Прыклад для некалькіх пакаленняў

Сёння найстарэйшым прадстаўніком дынастыі з’яўляецца выдатнік адукацыі Валянціна Мікалаеўна Кліменціёнак. Ужо 41 год яна, як некалі матуля і стрыечны дзядуля, выкладае з дзяцінства любімую матэматыку і 26 гадоў узначальвае сярэднюю школу № 23 Віцебска. Валянціна Мікалаеўна з радасцю назірае за тым, як у малодшых прадстаўнікоў дынастыі ўсё таксама складваецца паспяхова. З гордасцю і вялікай цеплынёй успамінае сваю матулю Ніну Маркаўну. Менавіта яна стала прыкладам педагога, чалавекам, на якога хацелася быць падобнай.

Да пачынальнікаў педагагічнай дынастыі адносяцца Ніна Маркаўна Смунёва (Бочкіна) і яе дзядзька Іван Рыгоравіч Бочкін. Прафесійны выбар абодвух быў звязаны з царыцай навук — матэматыкай. Лёс Ніны Маркаўны быў поўны жыццёвых выпрабаванняў, але яны не зламалі, а загартавалі яе і зрабілі моцным чалавекам, які быў здольны не толькі справіцца з уласнымі праблемамі, але і дапамагчы іншым. Калі ёй было ўсяго 10 гадоў, загінуў бацька. Яго брат Іван Рыгоравіч, наколькі гэта было магчыма, стараўся замяніць пляменніцы самага блізкага чалавека, апякаў дзяўчынку. Менавіта дзякуючы яму з’явілася асаблівая цікавасць да матэматыкі. Іван Рыгоравіч выкладаў гэты прадмет, шмат гадоў узначальваў Віцебскі палітэхнікум. 

Ніне Маркаўне давялося перажыць многа сур’ёзных выпрабаванняў. Не па чутках яна ведала, што значыць быць малалетнім вязнем. У 1944 годзе яна апынулася ў Германіі ў канцлагеры “Унтэрлюсс”. На шчасце, дзяўчыне ўдалося выжыць і вярнуцца на радзіму. Па прыездзе дамоў яна скончыла 9 класаў Чашніцкай вячэрняй школы працоўнай моладзі. Затым вучылася ў Лепельскім педагагічным вучылішчы. У 1949 годзе, як і марыла, атрымала прафесію настаўніка. Першым месцам работы стала Каралёўская сямігадовая школа Віцебскага раёна, дзе Ніна Маркаўна выкладала матэматыку. Праз тры гады яна была пераведзена на такую ж пасаду ў вёску Задуброўе Віцебскага раёна, з якой было звязана ўсё яе далейшае жыццё. Агульны педагагічны стаж склаў 36 гадоў.

Ніна Маркаўна была прыкладам не толькі для сваіх дзяцей, але і для многіх аднавяскоўцаў. Яна заўсёды вылучалася актыўнай жыццёвай пазіцыяй і неабыякавасцю. Была дэпутатам Суражскага гарпасялковага Савета дэпутатаў працаўнікоў Лёзненскага раёна Віцебскай вобласці па Задуброўскай выбарчай акрузе. За добрасумленную працу адзначана многімі граматамі. Асабліва дарагой узнагародай для яе стаў юбілейны медаль “60 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне ў 1941—1945 гадах”. 

— У сям’і маіх бацькоў трое дзяцей, і наша жыццё заўсёды было непарыўна звязана са школай, дзе працавала матуля, — успамінае дзіцячыя гады Валянціна Мікалаеўна Кліменціёнак. — Мы з сястрой, калі прыйшоў час выбіраць, вырашылі, як і мама, стаць настаўніцамі матэматыкі. А брат узяў прыклад з таты, які быў інжынерам-электрыкам, і пайшоў у гэтую сферу.

Ніна Маркаўна Смунёва.

Валянціна Мікалаеўна асабліва ўдзячна маці за тое, што яна паказала важнасць ведаў, з малых гадоў фарміравала ў яе імкненне вучыцца самастойна і з цікавасцю, цаніць адукацыю. Чатырохгадовай дзяўчынкай яна была запісана ў сельскую бібліятэку і хутка стала адным з самых частых яе наведвальнікаў. Калі брат выконваў дамашняе заданне, сядзела побач з ім і такім чынам многае запамінала. У выніку ў школу пайшла на год раней, паколькі на той момант ужо ўмела ўсё, што было неабходна для паступлення ў першы клас.

Важную ролю ў жыцці адыграла і першая настаўніца Кацярына Дзмітрыеўна Юрчанка. У памяці Валянціны Мікалаеўны засталіся самыя светлыя ўспаміны аб гэтым важным у яе лёсе чалавеку. Увесь час, пакуль вучылася ў пачатковых класах, яна лічыла сваім абавязкам кожную раніцу зайсці да настаўніцы і па дарозе ў школу паднесці яе сумку. Сёння Валянціна Мікалаеўна прыгадвае гэта з усмешкай: магчыма, і не было такой неабходнасці, але гэта тады было для яе важным і патрэбным, хацелася проста лішні раз прайсці побач з Кацярынай Дзмітрыеўнай. А ў 4 класе дзяўчынка ўжо стала важатай і дапамагала першакласнікам і другакласнікам, у якіх былі цяжкасці з вучобай…

Матывацыя і ўласны выбар

Валянціна Мікалаеўна даўно не ўяўляе свайго жыцця без вучняў і матэматыкі. Спачатку выкладала яе ў віцебскай школе № 18. 10 гадоў працавала намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце ў старшых класах сярэдняй школы № 19. Ужо 26 гадоў узначальвае віцебскую сярэднюю школу № 23. Якую б пасаду ні займала, яна ніколі не рабіла перапынку ў сваёй настаўніцкай дзейнасці. 

— Пэўны час спрабавала сябе нават у ролі метадыста ў аддзеле адукацыі, аднак ужо праз паўгода вярнулася ў школу, — расказвае Валянціна Мікалаеўна. — Вельмі хутка я адчула, што знаходжуся не на сваім месцы, што мне вельмі не хапае вучняў, урокаў, неабходнасці даваць ім матэматычныя веды і слушныя парады, накіроўваць па жыцці. Ва ўстанове адукацыі асаблівая атмасфера, кожны дзень не падобны на ўчарашні і па-свайму цікавы. Калі сэрцам адчуў гэтую непаўторную музыку школьнага жыцця, ужо не можаш без яе абысціся, як бы ні было часам няпроста. Да таго ж, са школай мяне цесна звязала матэматыка, якая і праз гады не страціла для мяне цікавасць.

Валянціна Мікалаеўна з дзяцінства захапілася матэматыкай. Штодня займалася ёй дома: брала маміны зборнікі для самастойных і кантрольных работ таго класа, у якім вучылася, і адно за адным выконвала заданні. І сёння ў дамашняй бібліятэцы як сямейная рэліквія і рарытэт захоўваецца мамін падручнік геаметрыі 1948 года, выдадзены пад рэдакцыяй А.П.Кісялёва. Калі прыйшоў час вызначацца з прафесіяй, ніякіх сумненняў не заставалася: паступаць толькі на матэматычны факультэт. У памяці найбольш яскрава захаваліся першыя ўрокі. Ужо падчас практыкі яны прайшлі паспяхова і пакінулі шмат станоўчых эмоцый. Першы ўрок у якасці маладога спецыяліста Валянціна Мікалаеўна давала ў 9 класе. Рыхтавалася дасканала, аднак асаблівага хвалявання ўжо ў той час не адчувала — для яе, дзіцяці з настаўніцкай сям’і, гэта была звыклая, родная атмасфера.

Адзін з прынцыпаў работы Валянціны Мікалаеўны — пачынаць выкладаць матэматыку з 5 класа і год за годам весці сваіх вучняў да важнага моманту заканчэння школы. Як кіраўнік установы адукацыі яна таксама стараецца, каб педагогі ў дзяцей мяняліся толькі ў тых сітуацыях, калі па-іншаму немагчыма. Пераканана: так настаўнік адчувае большую, павышаную адказнасць за лёсы сваіх навучэнцаў. Яшчэ адзін прынцып: абавязкова прадастаўляць вучням магчымасць вучыць матэматыку на павышаным узроўні. Валянціна Мікалаеўна даўно стала прыхільнікам профільнай адукацыі. 

— На маю думку, профільнае навучанне дазваляе стварыць аптымальныя ўмовы для больш сур’ёзных адносін да вучобы, падрыхтоўкі да будучага паступлення, — тлумачыць В.М.Кліменціёнак. — Безумоўна, гэта не значыць, што нейкія прадметы з часам павінны знікнуць з вучэбнага плана. Проста важна разумець, на што варта зрабіць стаўку. У пачатковых класах настаўнік ужо бачыць задаткі дзяцей, праводзяцца дыягностыка, гутаркі з бацькамі. Дзякуючы такому падыходу можна вызначыць, да чаго дзіця праяўляе найбольшую цікавасць. Гэта дае магчымасць ранняй дыферэнцыяцыі па профілях. Ужо ў пятым класе варта пачаць на павышаным узроўні вывучаць пэўныя прадметы за кошт факультатыўных заняткаў. У такім выпадку потым лягчэй будзе вызначыцца з профільнымі прадметамі і больш шансаў не памыліцца з імі. 

Вольга Леанідаўна Крылова.

Валянціна Мікалаеўна робіць стаўку на матывацыю. Па ўласным вопыце ведае, што матывацыя, нібы сонечны прамень, асвятляе шлях, на якім заўсёды патрэбны цярпенне і працаздольнасць, настойлівасць і сістэматычнасць. Сваім вучням, дзецям і ўнукам заўсёды старалася прывіць жаданне дасягнуць пастаўленых мэт самастойна, знайсці сваё месца ў жыцці, каб прыносіць карысць грамадству і сваёй сям’і. Калі ў маладога чалавека ёсць сапраўднае імкненне стаць спецыялістам у пэўнай сферы, то ён робіць для гэтага ўсё магчымае. Валянціне Мікалаеўне было радасна назіраць за тым, як яе ўнучка (зараз ужо таксама настаўніца матэматыкі) рыхтавалася да паступлення, усё лета актыўна рашала задачы, пры неабходнасці звярталася да бабулі па дапамогу. 

Малодшая сястра Валянціны Мікалаеўны Вольга таксама скончыла матэматычны факультэт Віцебскага педагагічнага ўніверсітэта. 20 гадоў працавала настаўніцай у віцебскай сярэдняй школе № 6. Работу сваю вельмі любіла. Паспявала яшчэ і супрацоўнічаць з кабінетам матэматыкі абласнога інстытута развіцця адукацыі, вяла падрыхтоўчыя курсы ў тэхнічным каледжы. Аднак, на жаль, Вольга Мікалаеўна пайшла з жыцця рана. 

Музыка школьнага жыцця

Сваёй галоўнай задачай як кіраўніка Валянціна Мікалаеўна лічыць стварэнне ва ўстанове адукацыі, якая ёй даверана, аптымальных умоў для таго, каб кожны вучань мог максімальна развівацца і дасягаць вышынь, да якіх ён здольны. Калектыў яна мудра накіроўвае на пастаяннае ўдасканаленне, самаразвіццё, прывівае жаданне ўвесь час асвойваць штосьці новае. 

— Кіраўніку важна накіраваць калектыў на вырашэнне пастаўленых мэт і задач, — зазначае В.М.Кліменціёнак. — Для гэта неабходна бесперапынна развівацца самому, прадумваць усё на крок наперад, быць у курсе апошніх інавацый і рэальна ацэньваць магчымасці свайго калектыву. Гэта значыць, ведаць не толькі моцныя, але і слабыя яго бакі, адчуваць моманты, у якія сваіх супрацоўнікаў трэба проста выслухаць, падбадзёрыць маральна, каб яны ўпэўнена ішлі наперад. 

Сама Валянціна Мікалаеўна з цікавасцю адносіцца да разнастайных інавацый. Сваёй апантанасцю яна зараджае калектыў, які пад яе кіраўніцтвам смела бярэцца ўвасабляць у жыццё штосьці новае. Некалькі гадоў назад, з 2015 па 2018 год, было цікава рэалізоўваць Праграму прымірэнняў у рабоце з цяжкімі падлеткамі. Зараз тэма медыятараў стала папулярнай, а тады рабіліся толькі першыя крокі ў гэтым кірунку. Удалося назапасіць каштоўны вопыт, які і сёння дапамагае ў рабоце з моладдзю. 

Валянціна Мікалаеўна ганарыцца сваёй установай адукацыі і калектывам, гаварыць пра іх можа бясконца. У апошнія гады ў сярэдняй школе № 23 вядзецца работа над двума творчымі (даследчымі) праектамі абласнога ўзроўню: “Павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці педагога сродкам пабудовы індывідуальнай траекторыі” і “Укараненне мадэлі навучання матэматыцы на аснове прынцыпаў сістэмнай дыферэнцыяцыі, навучання ад сярэдняга ўзроўню абагульненасці і індывідуальнага тэмпу навучання ва ўмовах камунікацыі”. 

З 2004 года калектыў працуе над вывучэннем гісторыі мікрараёна Маркаўшчына горада Віцебска. У 2018 годзе распрацаваны пешаходны маршрут “Экалагічная сцежка Маркаўшчыны”. У верасні 2019 года на будынку ўстановы адукацыі адкрыта мемарыяльная дошка ў памяць аб выпускніку школы А.Р.Тувальскім, які загінуў пры выкананні інтэрнацыянальнага доўгу ў Афганістане. У яго памяць кожны год у лютым у школе праходзіць фестываль афганскай песні.

Працяг у дзецях і ўнуках

Дачка Валянціны Мікалаеўны таксама пайшла ў школу па прыкладзе бабулі і маці. Аднак яна выбрала для сябе зусім іншую спецыяльнасць, ніяк не звязаную з матэматыкай, і стала сацыяльным педагогам. Падчас вучобы на старшых курсах Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава ўладкавалася ў школу і падпрацоўвала, каб хутчэй набірацца вопыту. 

— Спачатку былі думкі цалкам парушыць сямейную традыцыю і стаць ветэрынарам, бо я заўсёды любіла жывёл, — гаворыць Вольга Леанідаўна Крылова. — Аднак у пэўны момант я прыняла іншае рашэнне — стаць сацыяльным педагогам, дапамагаць дзецям, якія адчуваюць тыя ці іншыя цяжкасці. Безумоўна, уплыў на мяне аказалі родныя і мая першая настаўніца Ларыса Львоўна Падліпская. Пра тое, што зрабіла выбар на карысць школы, не шкадую. Сваю місію бачу ў тым, каб дапамагаць дзецям і дарослым. Стараюся знайсці ключык да кожнага дзіцяці і яго бацькоў і не перастаю паўтараць: важна не вешаць ярлыкі, а рабіць усё магчымае, каб чалавек змог пераадолець цяжкасці.

Здаецца, унучка Валянціны Мікалаеўны Ніна зусім нядаўна сама была школьніцай і разам з бабуляй рашала задачы і прыклады. Гэтая акалічнасць аказала свой уплыў, а магчыма, усё было прадвызначана на генетычным узроўні. Ніна скончыла факультэт матэматыкі і інфармацыйных тэхналогій Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. У студэнцкія гады часта працавала ў дзіцячых аздараўленчых лагерах. Сёння ў яе, кваліфікаванага настаўніка матэматыкі, за плячамі ўжо чатыры гады работы ў сферы адукацыі. Першы час у сярэдняй школе № 33 Віцебска яна была выхавальніцай групы прадоўжанага дня, дзе набыла важны вопыт работы ў дзіцячым калектыве. У мінулым годзе ў гэтай жа ўстанове адукацыі яна выкладала матэматыку і была класным кіраўніком. У школе Ніна паспела стаць сваёй і для вучняў, і для калег. Зараз маладая настаўніца знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку. Неўзабаве дружная вялікая сям’я з хваляваннем чакае папаўнення. Пазней Ніна плануе вярнуцца да сямейнай справы — выкладання матэматыкі.

Дарэчы, муж Ніны Яўген Аляксандравіч Шаўчэнка — таксама педагог. Ён выкладае гісторыю ў сярэдняй школе № 23 Віцебска, з’яўляецца педагогам-арганізатарам. Так што сямейны педагагічны савет па добрай традыцыі сістэматычна працягвае збірацца, каб падзяліцца радасцямі і хваляваннямі, параіцца са сваякамі-калегамі. Дынастыя мае працяг.

Таццяна ШЫМКО.
Фота з архіва В.М.Кліменціёнак.