Непаўторнае свята развітання са школай

Непрыметна адгучалі для адзінаццацікласнікаў званкі апошніх школьных лінеек, паспяхова вытрыманы чатыры выпускныя экзамены — і вось надышоў гэты доўгачаканы і крыху сумны момант — момант развітання са школай і дзяцінствам, уступлення ў дарослае жыццё.

Мінулы тыдзень адзначыўся ў краіне паўсюдным правядзеннем выпускных вечароў. Развіталіся з бесклапотнымі школьнымі гадамі і выпускнікі Магілёўскай вобласці. Варта адзначыць, што нямала маладых людей, якія скончылі школы, ліцэі і гімназіі рэгіёна з выдатнымі вынікамі. Напрыклад, толькі ў Магілёве сёлета 38 выпускнікоў-медалістаў.

Лепшыя выпускнікі школ Магілёва па традыцыі сабраліся ў гарадскім Цэнтры культуры і вольнага часу, дзе асабіста ад мэра горада і іншых прадстаўнікоў гарадской улады атрымалі заслужаныя медалі, дыпломы і каштоўныя падарункі.
— Сучасным юнакам і дзяўчатам уласцівы творчы падыход, неардынарнае мысленне, імкненне да дасягнення пастаўленых мэт, працавітасць і адказнасць, — адзначыў старшыня Магілёўскага гарвыканкама Уладзімір Міхайлавіч Цумараў, вітаючы прысутных. — Упэўнены, што стараннасць, навыкі і глыбокія веды выпускнікоў, якія сабраліся ў гэтай зале, стануць надзейным падмуркам іх паспяховай прафесійнай будучыні.

У тым, што апраўдаць такія спадзяванні ў выпускнікоў атрымаецца, сумненняў няма, бо яны, пасталелыя, самастойныя, ужо цалкам гатовы адправіцца ў вялікае плаванне па рацэ жыцця. У гэтае плаванне ў мінулую сераду адплыла брыганціна з выпускнікамі сярэдняй школы № 45 абласнога цэнтра.
Сёлета ў навучальнай установе было 50 выпускнікоў, і кожны з гэтых юнакоў і дзяўчат чымсьці адметны. Адны вылучыліся ў вучобе, другія дасягнулі пэўных поспехаў у спорце, трэція рэалізавалі свае здольнасці ў творчасці, чацвёртыя — актывісты грамадскага жыцця. Прыбраныя, у сукенках і касцюмах, яны сабраліся ў актавай зале роднай школы разам з настаўнікамі, роднымі, сябрамі, якія прыйшлі правадзіць іх у дарослае жыццё. Але, нягледзячы на вялікую падтрымку блізкіх, у зале ўсё роўна адчувалася хваляванне маладых людзей. Змешанае з пачуццём непаўторнасці моманту, яно стварала зусім асаблівую атмасферу.
З урачыстымі словамі віншавання і пажаданняў да выпускнікоў звярнуліся дырэктар школы Уладзімір Васільевіч Маціеўскі і яго намеснік па вучэбнай рабоце Марына Вітальеўна Васількова. Яны выказалі ўпэўненасць у тым, што ў новым, самастойным жыцці дзеці стануць годнымі і запатрабаванымі ў грамадстве людзьмі, пасля чаго пад апладысменты прысутных уручылі выпускнікам атэстаты аб сярэдняй адукацыі.
Ад імя настаўнікаў школы выпускнікоў цёпла віталі іх класныя кіраўнікі Сяргей Аляксандравіч і Аксана Віктараўна Шыбека, Наталля Іванаўна Кандратава. У форме песні павіншавалі сваіх дзяцей са знамянальнай падзеяй у жыцці і бацькі. Дадзена было слова і самім выпускнікам. Ад іх перад прысутнымі выступілі Валерыя Кухарава, Настасся Ляшэнка, Антон Саракач і Ганна Хвесік. Маладыя людзі выказалі шчырую падзяку за працу ўсім педагогам, а яшчэ запэўнілі, што кожны з сённяшніх выпускнікоў будзе імкнуцца стаць годным грамадзянінам роднай Беларусі.

Заканчэннем афіцыйнай часткі вечара стаў развітальны школьны вальс. Прыгажуні дзяўчаты ў элегантных сукенках і галантныя юнакі ў класічных касцюмах кружыліся ў парах пад павольныя гукі музыкі. Не хаваючы слёз, глядзелі на сваіх дзяцей, якія так хутка і непрыметна сталі дарослымі, бацькі і настаўнікі. Сум чытаўся і ў вачах саміх выпускнікоў, бо яны больш ніколі не сядуць за школьныя парты, не вернуцца ў дзяцінства. Але ў поглядзе дзяцей была і накіраванасць у будучыню, поўную надзей.
Не менш цёпла і ўрачыста прайшло развітанне са школай і ў Горках. На вялікую дарогу жыцця тут ступілі 305 выпускнікоў. Па словах начальніка мясцовага аддзела адукацыі, спорту і турызму Святланы Браніцкай, дзесяць дзяцей у гэтым годзе скончылі курс агульнай сярэдняй адукацыі з залатымі медалямі, што сведчыць аб якасці адукацыйных паслуг, якія аказваюцца ў Горацкім раёне.
Характэрнай асаблівасцю выпускнога балю ў Горках стала шэсце маладых людзей па цэнтральным праспекце горада, якое завяршылася ў летнім амфітэатры. Сацыяльны аб’ект з’явіўся ў райцэнтры пасля рэспубліканскага свята “Дажынкі” і цяпер актыўна выкарыстоўваецца ў арганізацыі масавых мерапрыемстваў, напрыклад, выпускнога балю. Прасторныя трыбуны змяшчаюць усіх, хто пажадаў раздзяліць з выпускнікамі імгненне ўступлення ў дарослае жыццё, а сцэна амфітэатра дазваляе прысутным атрымаць асалоду ад выдатных канцэртных нумароў, якія рыхтуюць для выпускнікоў, бацькоў і педагогаў мясцовыя артысты.

У былых адзінаццацікласнікаў Горацкага раёна, выпускнікоў сярэдняй школы № 45 Магілёва, як і ў іншых выпускнікоў вобласці, вечары развітання са школай пакінулі толькі станоўчыя эмоцыі і ўражанні, бо кожнае свята атрымалася непаўторным, урачыстым, кранальным. Несумненна, гэты дзень запомніцца ўсім на доўгія гады.

 

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.