Непаўторныя гукі дзіцячай душы

- 11:40Адукацыйная прастора

У Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжы мастацтваў імя Яўгена Глебава 51 год працуе сапраўдны майстар і фанат сваёй справы — прафесійны, самаадданы і неверагодна творчы выкладчык па класе акардэона Раіса Яфімаўна СІНЕЛОБАВА. Яна вучыць не проста чытаць ноты з ліста, а іграць душой, адчуваючы і разумеючы музычны інструмент. Нядзіўна, што многія яе вучні становяцца пераможцамі шматлікіх конкурсаў.

Раіса Сінелобава і Ульяна Астанковіч.

Любоў да акардэона

Палюбіць музыку і акардэоннае мастацтва Раісе Яфімаўне дапамог старэйшы брат — выкладчык па баяне і яе “натхняльнік”. З яго лёгкай рукі яна паступіла і паспяхова скончыла спачатку музычную школу № 1 Магілёва, а пасля музычнае вучылішча імя М.А.Рымскага-Корсакава (зараз Магілёўскі дзяржаўны музычны каледж імя М.А.Рымскага-Корсакава). І ў 1970 годзе прыйшла працаваць у сённяшнюю гімназію-каледж мастацтваў імя Яўгена Глебава, якая, праўда, за 50 гадоў некалькі разоў мяняла сваю назву.

Педагагічная сфера дзейнасці Р.Я.Сіне­лобавай ахоплівае пачатковае звяно, бо менавіта ў гэты перыяд навучання асабліва патрабуецца прафесійная інтуіцыя. “Сваіх будучых выхаванцаў сустракаю ў дзіцячых садках і пачатковых класах агульнаадукацыйных школ, дзе праводжу канцэрты з ­удзелам сваіх вучняў і арганізоўваю сустрэчы з бацькамі, папулярызуючы акардэоннае мастацтва. Такім чынам мой клас папаўняецца адоранымі дзецьмі”, — расказвае педагог.

Зразумела, што вялікае значэнне ў фарміраванні выканальніцкіх навыкаў вучняў дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту, у 6—8 гадоў, мае пачатковы перыяд навучання, паколькі менавіта на гэтым этапе закладваюцца асноўныя навыкі і прыёмы. Менавіта ад правільнага пачатку навучання залежыць усё наступнае развіццё вучня. І хоць акардэон — цікавы, адметны музычны інструмент, аднак ён дастаткова складаны для адаптацыі. І ад педагога залежыць, ці зможа ён абудзіць цікавасць да музыкі і інструмента або знішчыць яе назаўсёды.

Р.Я.Сінелобава — сапраўдны гуру ў музычным свеце, які дакладна ведае, як знайсці падыход да дзіцяці, як зацікавіць яго і зрабіць так, што яно будзе чакаць кожнага ўрока з нецярпеннем. “Да мяне прыходзяць дзеткі ў 5-гадовым узросце, якіх я запрашаю на падрыхтоўчыя заняткі, а пасля яны паступаюць да нас у 1 клас. Заняткі з такімі малышамі — гэта тытанічная праца, і калі цябе не палюбіць дзіця, то потым і не прыйдзе займацца, але ў мяне неяк гэта ўсё атрымліваецца, — з цеплынёй у голасе прызнаецца Раіса Яфімаўна. — Часам нават, калі замыкаю клас, дзеткі ў мяне пытаюцца, ці можна прыйсці яшчэ раз, на што я адказваю: “Канечне, прыходзьце яшчэ многа-многа разоў!” Паверце, такі давер дзіцяці дарагога варты. Я стараюся зрабіць усё магчымае, каб дома вучню было прасцей зазірнуць у нотны сшытак і пазаймацца на інструменце”.

Раіса Яфімаўна суправаджае сваіх выхаванцаў з 5—6 гадоў і да 10—12. Канечне, за гэты час здараецца рознае. Але нават калі нехта з вучняў выпадкова страчвае цікавасць да акардэона, яна дакладна ведае, як іх матываваць: “Пачынаю расказваць, што прафесія музыканта сучасная, што цікава быць выканаўцам і ігра на акардэоне зноў у трэндзе. Дадаю, што акардэон — гэта неверагодны, унікальны інструмент, які спалучае ў сабе гучанне фартэпіяна і гармоніка, што дазваляе выконваць на ім любыя творы. Уменне іграць на акардэоне адкрывае мноства магчымасцей: дазваляе ўдзельнічаць у музычных конкурсах і фестывалях, атрымліваць узнагароды, абменьвацца вопытам і заводзіць новыя знаёмствы. Акрамя таго, ігра на гэтым інструменце станоўча ўплывае і на фізічнае развіццё: паляпшаецца маторыка, канцэнтрацыя, памяць, хуткасць рэакцыі і ўвогуле актыўнасць мозга”.

Дапамагчы вучню раскрыцца

Адзін з прынцыпаў, якія на ўроках выкарыстоўвае Р.Я.Сінелобава, — гэта стварэнне сітуацыі поспеху: “Я настройваю вучня на поспех. Як гаварыў знакаміты Канстанцін Ушынскі, “толькі поспех падтрымлівае цікавасць вучня да вучэння”, і я з гэтым цалкам згодна, — дадае выкладчыца па акардэоне. — Таму маё педагагічнае крэда — дапамагчы дзіцяці раскрыцца, даць адчуць сваю значнасць. Для мяне кожнае дзіця — асоба са сваім маршрутам дасягнення поспеху. Імкнуся знайсці ў душы выхаванца патрэбную струнку, якая адгукнецца прыгожым непаўторным гукам і дапаможа паверыць у сябе!”

З першых урокаў Раіса Яфімаўна стараецца далучыць дзяцей да ўдзелу ў ансамблі, трыа і дуэтах, бо і такая форма работы спрыяе з’яўленню ўпэўненасці, пачуцця сцэнічнай свабоды, а таксама прывівае любоў да публічных выступленняў. “Па вопыце ведаю, што іграць у ансамблі вучням падабаецца. Абавязкова пры гэтым выкарыстоўваю гульнявыя моманты, якія дазваляюць наладзіць больш цесныя ўзаемаадносіны з вучнямі. Не абыходжу ўвагай і бацькоў, бо ў многім ад іх залежыць, ці будзе паспяховым навучанне. І вось так разам крок за крокам мы рухаемся наперад. Увогуле, у маім класе не застаецца ніводнага не захопленага музыкай вучня”, — тлумачыць педагог.

Р.Я.Сінелобава — умелы арганізатар класнай работы, патрабавальны педагог, тонкі псіхолаг, які з любоўю ставіцца да дзяцей і імкнецца выхаваць у іх лепшыя чалавечыя якасці. Сваёй галоўнай педагагічнай задачай лічыць развіццё і ўдасканальванне творчага таленту дзіцяці. Пры гэтым яна пастаянна імкнецца павышаць сваю прафесійную кампетэнтнасць. Такая адда­насць педагагічнай дзейнасці, безумоўна, прыносіць плён, і яе вучні рэгулярна займаюць прызавыя месцы на рэгіянальных, рэспубліканскіх, міжнародных конкурсах ва Украіне, Прыбалтыцы, Расіі і, безумоўна, у Беларусі. Так, у 2019—2020 гадах яе выхаванцы паўдзельнічалі ў васьмі міжнародных конкурсах і на кожным станавіліся пераможцамі і лаўрэатамі І ступені. А на знакамітым Рэспубліканскім конкурсе імя І.І.Жыновіча (праводзіцца кожныя 3 гады) усе апошнія разы прызнаваліся лепшымі: у 2012 годзе лаўрэатам I ступені стала Валерыя Гусяінава, у 2015 годзе — гран-пры заваявала Марыя Дзмітрыева, у 2018 годзе — лаўрэатам I ступені была прызнана Ульяна Астанковіч, а лаўрэатам II ступені — Аліса Мартынава. Вучні Раісы Яфімаўны неаднаразова станавіліся лаўрэатамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

У якасці салістаў выхаванцы Р.Я.Сіне­лобавай выступалі з камерным аркестрам “Віртуозы Масквы”. А Марыя Дзмітрыева, Паліна Сініца, Аліса Мартынава, Ульяна Астанковіч прымалі ўдзел у міжнародных фестывалях “Масква збірае сяброў”. “Па запрашэнні славутага “залатога акардэаніста” Расіі Валерыя Коўтуна мае юныя выканаўцы ўдзельнічалі ў канцэртах на сцэне Крамлёўскага палаца. У 2016 годзе 10-гадовая Аліса Мартынава выступала ў Яраслаўлі з аркестрам рускіх народных інструментаў пад кіраўніцтвам заслужанага дзеяча мастацтваў Расіі Яўгенія Агеева, а знаёмства з вядомым расійскім баяністам прафесарам Вячаславам Сямёнавым дало Алісе творчае натхненне”, — з гонарам расказвае педагог.

Прафесіянал з вялікай літары

За час працы Раіса Яфімаўна паказала высокі ўзровень прафесійнай кампетэнтнасці, ініцыятыўнасці і крэатыўнасці, за што неаднаразова ўзнагароджвалася ганаровымі граматамі Мiнiстэрства адукацыi і ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага гарвыканкама, мае званне “Лепшы па прафесіі”. Калегі ставяцца да яе з павагай і цеплынёй, гавораць, што яна шматгранная, мэтанакіраваная, харызматычная асоба з унікальным педагагічным талентам.

“Раіса Яфімаўна заўсёды ветлівая, тактоўная і добразычлівая як у адносінах да вучняў, так і ў зносінах з калегамі. На мой погляд, яна адзін з лепшых музычных педагогаў нашай краіны, прафесіянал з вялікай літары, неверагодна таленавіты і з любоўю да дзяцей у сэрцы”, — падкрэслівае ды­рэктар Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў імя Яўгена Глебава Аляксандр Яўгеньевіч Курсакоў.

Па яго словах, Р.Я.Сінелобава мае адметны дар — адразу бачыць, на якім інструменце зможа іграць дзіця. “Раіса Яфімаўна адчувае таленавітых дзяцей і робіць з іх “брыльянты”, асабліва з дзяўчынак, а таму многія лепшыя акардэаністкі нашай краіны — яе вучаніцы. Да таго ж яна для іх заўсёды прыклад для пераймання і ўзор, як павінна выглядаць лэдзі. Баць­кі таксама вельмі паважаюць гэтага педагога і прыслухоўваюцца да яе парад. А яшчэ яна ніколі не дазваляе сваім вучням выйсці на сцэну неахайнымі, заўсёды сама падбірае касцюмы для іх. Калі ж яны выяз­джаюць куды-небудзь, то клапоціцца пра кожнага, нібы матуля. Яна ўнікальны чалавек і педагог, пры гэтым вельмі сціплы”.

На маё ж пытанне, што можа зрабіць педагог сёння, Раіса Яфімаўна працытавала аднаго з яркіх музыкантаў ХХ стагоддзя Артура Шнабеля: “Педагог у лепшым выпадку можа адчыніць дзверы. А прайсці ў іх вучань павінен сам”. І дадала: “Нашы дзеці — гэта надзея, сэнс, сутнасць будучыні, таму нам трэба даць магчымасць ім праявіць сябе, дапамагчы стаць творцамі свайго часу. А таму сваім калегам хочацца пажадаць цярпення і педагагічнага майстэрства, а таксама нагадаць словы Марка Квінціліяна: “Няхай суровасць настаўніка не будзе змрочнай, а яго ласкавасць не будзе расслабляльнай”. Канечне, здароўя ўсім, жадання працаваць і новых педагагічных перамог!”

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота з архіва Р.Я.Сінелобавай.