Нестандартны ўрок у інтэграваным класе

- 12:28Спецыяльная адукацыя

У практыцы кожнага педагога можа настаць момант, калі ён бачыць зніжэнне цікавасці школьнікаў да заняткаў па сваім прадмеце. Вырашыць гэтую праблему, на мой погляд, дапамогуць нестандартныя формы правядзення ўрокаў, якія наблізяць школьнае навучанне да рэчаіснасці. Дзяцей зацікавяць і заняткі, на якіх трэба паказаць не толькі свае веды, але і кемлівасць, творчасць. У гэтым я пераканалася, працуючы настаўнікам-дэфектолагам у класах інтэграванага навучання і выхавання з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Нестандартны ўрок — гэта імправізаваныя вучэбныя заняткі, якія маюць нетрадыцыйную структуру. Нетрадыцыйныя формы работы на ўроку дазваляюць настаўніку працягла ўтрымліваць пазнавальны інтарэс навучэнцаў, фарміруюць актыўную пазіцыю дзіцяці ў спасціжэнні і адпрацоўцы новых ведаў на практыцы. З дапамогай нетрадыцыйных урокаў можна вырашыць праблему дыферэнцыяцыі навучання, арганізацыі самастойнай пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў. Такія заняткі павышаюць цікавасць вучняў да прадмета і, як вынік, спрыяюць лепшаму засваенню матэрыялу.
Разгледзім найбольш распаўсюджаныя тыпы нестандартных урокаў, якія можна рэалізаваць у рабоце з дзецьмі з АПФР.
На ўроках біялогіі ў дапаможнай школе першага аддзялення можна практыкаваць правядзенне ўрока-даследавання, на якім дзеці з дапамогай настаўніка вучацца аналізаваць аб’екты навакольнага свету, робяць высновы, выводзяць азначэнні, правілы, паняцці. Такія ўрокі прадугледжваюць арганізацыю практычнай даследчай дзейнасці пры вывучэнні раздзелаў па прадмеце. Матэрыял падручніка пабудаваны так, што для настаўніка нескладана вызначыць урокі, на якіх дзеці будуць займацца вывучэннем аб’ектаў навакольнага свету. Прыкладам такога ўрока можа быць урок-даследаванне па тэме “Корань. Будова кораня” (7 клас дапаможнай школы першага аддзялення), на якім дзеці пад кіраўніцтвам настаўніка даследуюць будову кораня, параўноўваюць будову і развіццё кораня ў гароху, фасолі, традэсканцыі, бульбы, развіваюць навыкі работы з біялагічнымі тэрмінамі, падручнікам і практычныя ўменні па адрозніванні і вызначэнні каранёў, тлумачаць новыя паняцці, аналізуюць вынікі сваёй дзейнасці і робяць высновы.
Вельмі цікавай формай правядзення ўрока з’яўляецца ўрок мудрасці. Такія ўрокі мэтазгодна праводзіць па прадметах карэкцыйнага кампанента, а менавіта па развіцці эмацыянальна-валявой сферы з навучэнцамі дапаможнай школы першага аддзялення. Матэрыялам для правядзення гэтых заняткаў могуць паслужыць розныя народныя і аўтарскія казкі і апавяданні з кнігі М.А.Андрыянава “Філасофія для дзяцей (у казках і апавяданнях)”. У гэтым дапаможніку можна знайсці матэрыял па раздзелах: размовы аб прыгажосці, размовы пра высокае, размовы пра сэрца і любоў, размовы пра маральнасць, размовы пра волю і інш. Гэта могуць быць як лірычныя казкі, якія кранаюць душу, так і праўдападобныя апавяданні для розуму. Творы добра запамінаюцца і лёгкія для наступнага аналізу. Пры дапамозе пытанняў педагог наўмысна выводзіць дзіця за рамкі сюжэта твораў і такім чынам дапамагае яму знайсці аналогію ў рэальным жыцці.
Форму прэс-канферэнцыі можна выкарыстоўваць пры правядзенні ўрокаў па прыродазнаўстве, біялогіі, геаграфіі, на ўроках літаратурнага чытання. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы па геаграфіі “Прырода нашай краіны. Асноўныя заняткі насельніцтва” (7 клас першага аддзялення дапаможнай школы) можна правесці ўрок у форме прэс-канферэнцыі. На этапе падрыхтоўкі настаўнік-дэфектолаг прадумвае склад удзельнікаў, дапамагае ў фармулёўцы пытанняў. Напрыклад, на ўрок у якасці ўдзельнікаў можна запрасіць прадстаўніка службы занятасці насельніцтва горада, настаўніка-прадметніка, прадстаўніка краязнаўчага музея і г.д. Мэтазгодна для ўдзелу ў гэтым уроку далучыць бацькоў, прафесійная дзейнасць якіх звязана з пытаннем, якое вывучаецца. У ролі вядучага прэс-канферэнцыі выступае сам настаўнік-дэфектолаг, які сочыць за рэгламентам правядзення, паслядоўнасцю вырашэння пытанняў. Навучэнцаў можна падзяліць на групы, якія прадстаўляюць розныя школьныя СМІ. Па выніках правядзення прэс-канферэнцыі кожная група рыхтуе насценгазету па пытаннях, якія будуць абмяркоўвацца на наступным уроку, падводзяцца вынікі па тэме, якая вывучаецца.
Правядзенне ўрокаў у форме ўрока-сюрпрызу найбольш папулярнае сярод педагогаў-практыкаў, бо яны спрыяюць утрыманню ўвагі навучэнцаў, прадугледжваюць частую змену відаў дзейнасці. Урок-сюрпрыз падыходзіць для правядзення заняткаў па прадметах як дзяржаўнага, так і карэкцыйнага кампанентаў вучэбнага плана. Дзецям заўсёды цікава, калі ўрок пачынаецца з таго, што нехта прыходзіць у госці і прыносіць з сабой заданні-сюрпрызы, за выкананне якіх можна атрымаць не толькі добрую адзнаку, але і падарунак-сюрпрыз (цукерку, фрукт, дробныя цацкі і інш.).
Напрыклад, настаўнік у пачатку ўрока гаворыць, што на адрас школы прыйшоў ліст ад герояў казкі М.Носава “Прыгоды Нязнайкі і яго сяброў”:
“Запрашаем вас на заняткі, якія праводзяцца кожную… у нашым клубе. Спадзяёмся, што вам будзе цікава ў нас. У наш клуб вядзе патаемная лесвіца. Яна складаецца з васьмі прыступак. На кожнай з іх трэба напісаць слова, у якім будзе столькі літар, колькі кубікаў на гэтай прыступцы. Усе словы пачынаюцца з літары А. Адгадайце гэтыя словы і прыходзьце да нас!”
Такім чынам, дзеці трапляюць у казку, у якой за выкананне заданняў-сюрпрызаў атрымліваюць падарункі. Для падрыхтоўкі ўрокаў гэтага тыпу па рускай мове можна парэкамендаваць кнігу “Падарожжа па краіне слоў”, аўтары І.Б.Голуб, М.М.Ушакоў. Сюжэты, якія прапаноўваюцца ў гэтай кнізе, падыходзяць як для прадметных урокаў, так і для карэкцыйных заняткаў.
Можна прапанаваць незвычайны ліст, які прыйшоў на імя вучняў і змяшчае праблемную сітуацыю, пры вырашэнні якой навучэнцы робяць выснову пра тэму ўрока, які будзе, і фармулююць задачы, ажыццяўляюць пастаноўку мэты на работу, якая павінна адбыцца:
“Добры дзень, Максім і Рыта. Мяне завуць Цукерка. Я жыву… вёсцы, …вялікім доме. …мяне ёсць сабака Шарык. Ён любіць спаць… домам. Яшчэ ёсць кошка Мурка. Яна адпачывае… домам…дыванку. … веснічак я разбіла вялікую клумбу і пасадзіла… ёй кветкі. А адразу… домам… нас пачынаецца лес, …якім расце шмат ягад і грыбоў. …садзе расце смачная і салодкая маліна. Напішыце мне адказ. Раскажыце… свой горад”.
Вельмі падабаецца дзецям, калі да іх у госці прыходзяць казачныя героі, якія прыносяць з сабой заданні-сюрпрызы і заахвочваюць за іх выкананне. Гэта могуць быць словы, склады, з якіх потым складаецца фраза або слова, якія нясуць ацэнку дзейнасці на ўроку.
Асаблівую ўвагу хочацца ўдзяліць такой форме правядзення заняткаў, як урок-казка. На мой погляд, гэты від нетрадыцыйных урокаў больш падыходзіць для правядзення заняткаў карэкцыйнага кампанента, бо нясе ў сабе вялікі развіццёвы патэнцыял як пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў, так і эмацыянальна-валявой сферы. Заняткі такога тыпу могуць быць рэалізаваны на працягу некалькіх урокаў.
Каб урок быў удалым, педагог павінен дакладна ведаць магчымасці навучэнцаў. Уключэнне дзяцей у дзеянне казкі, калі яны самі становяцца яе героямі, а не проста пасіўнымі слухачамі, спрыяе зняццю трывожнасці, няўпэўненасці, дае магчымасць паглядзець на сябе з іншага боку.
Урокі-падарожжы і завочныя экскурсіі вельмі папулярныя ў настаўнікаў і настаўнікаў-дэфектолагаў у пачатковай школе, нярэдка практыкуюцца ў 5—6 класах. Гэтая яркая і цікавая форма мае асаблівасці: наяўнасць карты падарожжа або маршрутнага ліста, на якіх адзначаюцца ўсе прыпынкі, вызначаецца транспарт, уключаюцца элементы ролевай гульні. Урок-падарожжа (экскурсія) дапамагае падтрымліваць матывацыю дзейнасці дзіцяці на ўроку. Пахвала, падтрымка настаўніка і аднакласнікаў, спаборніцкі момант, адсутнасць напружання падчас урока стымулююць дзіця больш даведацца, даюць радасць ад актыўнага дзеяння.
Вельмі цікавымі з’яўляюцца ўрокі ў выглядзе форм пазакласнай работы: ранішнік, спектакль, канцэрт, інсцэніроўка мастацкага твора, “вячоркі”, “клуб знаўцаў”. Аднак такія ўрокі прадугледжваюць вялікую колькасць удзельнікаў. Пры гэтым існуе магчымасць уключэння навучэнцаў з АПФР у агульную дзейнасць у класе пры правядзенні сумесных урокаў настаўнікам-прадметнікам і настаўнікам-дэфектолагам. Напрыклад, пры правядзенні пазакласнага чытання па рускай літаратуры і літаратурным чытанні можна падрыхтаваць урок-канцэрт, на якім выступяць усе навучэнцы, будзе падрыхтавана афіша, распрацаваны анонс урока, разасланы запрашэнні.
Пры правядзенні ўрокаў па сацыяльна-бытавой арыенціроўцы з навучэнцамі дапаможнай школы першага аддзялення пры вывучэнні раздзела “Гатаванне ежы” можна праводзіць урокі-“вячоркі”, падчас якіх арганізаваць чаяванне разам з бацькамі. Дарослыя падрыхтуюць песні, прыпеўкі, вершы, загадкі па прапанаванай тэме. Падчас такіх “вячорак” можна абмяркоўваць правілы прыёму гасцей, правілы паводзін за сталом, у гасцях і г.д. Такія ўрокі спрыяюць разняволенню дзяцей, дапамагаюць наладзіць дыялог паміж дзецьмі, бацькамі і настаўнікамі. З дапамогай такіх урокаў можна вырашаць не толькі адукацыйныя, развіццёвыя задачы, але і выхаваўчыя, задачы асобаснага развіцця, праводзіць карэкцыю сямейных адносін.
Урок-залік разгледзім на прыкладзе правядзення абагульняльнага ўрока па прадмеце “Руская мова” (7 клас дапаможнай школы першага аддзялення), тэма “Састаў слова”. Для яго правядзення неабходна падрыхтаваць: заліковы ліст для навучэнца, заліковыя кніжкі на кожнага навучэнца, мультымедыйнае абсталяванне, наглядны і дэманстрацыйны матэрыял. У экспертную камісію можна запрасіць настаўнікаў-прадметнікаў, педагога-псіхолага, намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце.
Пачынаецца ўрок з эмацыянальнага настрою на работу, паведамляецца тэма ўрока, задачы ўрока. Навучэнцы знаёмяцца з правіламі правядзення ўрока-заліку: атрымліваюць лісты-заданні (карткі), у якіх неабходна выканаць чатыры-пяць заданняў. Парадак выканання можа быць адвольным. Пасля выканання кожнага задання лісты перадаюцца ў экспертную камісію, выстаўляюцца балы ў заліковы ліст. Кожнае заданне мае сваю вартасць. Агульная максімальная колькасць за ўсе заданні складае 10 балаў. У канцы ўрока падводзяцца вынікі здачы заліку, віншаванне навучэнцаў з паспяховай здачай. Адзнакі выстаўляюцца ў заліковыя кніжкі.
Падчас работы над тэмай педагагічнага вопыту я прааналізавала актыўнасць навучэнцаў на ўроках стандартных і нестандартных тыпаў. Больш актыўна сябе паводзілі навучэнцы на ўроках з незвычайным сцэнарыем, пры наяўнасці гульнявой, займальнай формы. Цікавасць навучэнцаў пацвярджалася вялікай колькасцю адказаў, у большасці сваёй правільных, павялічвалася колькасць дапаўненняў. Укараненне інфармацыйна-камп’ютарных тэхналогій таксама дазваляе прыдумваць новыя нестандартныя ўрокі.
Прааналізавана паспяховасць навучэнцаў па прадметах “Матэматыка”, “Руская мова”, “Біялогія”, “Геаграфія” (нестандартныя ўрокі праводзіліся 1 раз на тыдзень па адным прадмеце). Зыходзячы з вынікаў за 2013/2014 навучальны год, можна зрабіць выснову, што паспяховасць на ўроках па гэтых прадметах павялічваецца пры выкарыстанні нестандартных урокаў, што яшчэ раз пацвярджае павышэнне пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў з АПФР падчас нестандартных урокаў.
Прывяду некаторыя рэкамендацыі па правядзенні нестандартных урокаў:
1. Нетрадыцыйнаму ўроку павінна папярэднічаць старанная падрыхтоўка, і ў першую чаргу распрацоўка сістэмы канкрэтных мэт навучання, развіцця і выхавання.
2. Пры выбары форм нетрадыцыйных урокаў настаўніку-дэфектолагу неабходна ўлічваць узровень падрыхтаванасці і спецыфічныя асаблівасці асобных навучэнцаў і групы ў цэлым.
3. Пры выбары форм нетрадыцыйных урокаў настаўніку-дэфектолагу неабходна кіравацца прынцыпам “з дзецьмі і для дзяцей”, ставіць адну з асноўных мэт — выхаванне навучэнцаў у атмасферы дабра, творчасці, радасці.
Разнастайнасць тыпаў нестандартных урокаў дазваляе выкарыстоўваць іх на ўсіх ступенях адукацыі дзяцей з АПФР і на розных прадметах. Нестандартныя ўрокі лепш запамінаюцца, іх асабліва добра выкарыстоўваць на ўводных і абагульняльных уроках.

Таццяна ПАРАДНЯ,
настаўнік-дэфектолаг, намеснік дырэктара па вучэбнай
рабоце сярэдняй школы № 8 Наваполацка.