“Несцерка” — барацьба інтэлекту, а не тоўстых апраў

Мінулыя амаль па-зімоваму халодныя выхадныя сталі самымі гарачымі за ўвесь бягучы год для соцень самых эрудзіраваных школьнікаў і студэнтаў. Тэмпературу эмоцый на працягу двух дзён усталёўваў Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі, які ўжо 22-і раз сабраў у сваіх сценах удзельнікаў Міжнароднага турніру па інтэлектуальных гульнях “Несцерка”. На гэты раз у ім прынялі ўдзел 140 каманд, што і стала рэкордам турніру за ўсю яго гісторыю. Акрамя беларускіх каманд, вымераць свой IQ на турнір прыехалі маладзёжныя каманды са Смаленска, Масквы і Санкт-Пецярбурга.

Адкрываючы турнір, Саіда Махмудаўна Вафіна, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі, адзначыла: “Кожны год я чую новыя і новыя лічбы. “Несцерка” прырастае новымі гульцамі, камандамі, новымі гарадамі. Са страхам і радасцю назіраю за тым, што наша Мармуровая зала ледзь-ледзь умяшчае ў сябе гульнявыя сталы і ўсіх гульцоў”.

Дырэктар грамадскага аб’яднання “Беларуская ліга інтэлектуальных каманд” Сяргей Міхайлавіч Буян патлумачыў такое павелічэнне колькасці гульцоў тым, што інтэлект высока цэніцца ў нашай краіне. Чарговым доказам гэтага стала і вераснёвая перамога ў Рэспубліканскім конкурсе “Педагог года” Сяргея Яўгенавіча Верацілы, кіраўніка аб’яднання па інтарэсах “Інтэлектуальныя гульні” Лідскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Сёлета турнір “Несцерка” пачаўся з віншаванняў у яго адрас.

Турнір па традыцыі ўключыў дзіцячы і маладзёжны залікі. Школьнікі згулялі ў “Медыяазбуку” і “Медыяскарбонку”, паспрабавалі свае сілы ў “Сваёй гульні” і ў гульні “Што? Дзе? Калі?”. Маладзёжны турнір праходзіў два дні, і ў раскладзе былі “Свая гульня”, “Медыяазбука”, групавы турнір па гульні “Эрудыт-квартэт” і “Што? Дзе? Калі?”.

У барацьбе розумаў сышліся самыя тытулаваныя каманды. Хаця часам спыніцца за крок да перамогі і да чарговага тытула не менш ганарова. Напрыклад, падапечныя Ігара Уладзіміравіча Лівенцава з Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Фрунзенскага раёна “Эўрыка” перад пачаткам турніру атрымалі званне “Лепшая каманда года” па выніках мінулага сезона, хаця і не прайшлі ў юніёрскі фінал.

“Мая каманда — ювенальская, малодшы школьны ўзрост. Наколькі я памятаю, ніколі ювенальская каманда так здорава не гуляла сярод юніёраў (у ювенальскай лізе мы выйгравалі ва ўсіх), — спрабуе знайсці тлумачэнне высокай узнагародзе трэнер. — Але мая каманда была здольна змагацца і з юніёрамі, выйграваць асобныя юніёрскія турніры. Гэта першы выпадак, калі перад фіналам чэмпіянату Беларусі сярод юніёраў ювенальская каманда рэальна разглядалася як прэтэндэнт на чэмпіёнства”.

Для каманды Ліцэя БДУ, напрыклад, інтэлектуальныя турніры — гэта настолькі звычная з’ява, што яны падчас іх навучыліся адпачываць. Гульцы запэўніваюць, што ў параўнанні са штодзённай дамашняй падрыхтоўкай да заняткаў інтэлектуальныя турніры — дробязь.

Каманда васьмікласніц з гімназіі № 3 Магілёва гуляе свой першы сезон, таму асаблівых надзей на перамогу не мае. На мінулых выхадных дзяўчаты ўзялі “бронзу” сярод дзіцячых каманд у Магілёве. Але ўпэўнены, што ацаніць свае сілы таксама карысна, а яшчэ важней ацаніць сапернікаў. Выдыхнуўшы пасля “Медыяазбукі” і настройваючыся падчас перапынку на “Медыяскарбонку”, дзяўчаты жуюць пернікі і прыглядаюцца да іншых гульцоў. Прапаноўваю ім паразважаць пра інтэлектуалаў. Дзяўчаты ўжо засвоілі, што, каб быць знаўцам, неабавязкова шмат ведаць: павінна працаваць логіка, каб знаходзіць правільны адказ, нават калі яго не ведаеш.

“Інтэлектуалы выгадна выдзяляюцца сярод іншых, — заўважае Алёна Пеплер. — “Батанікаў” сярод іх — у акулярах і са стосам кніг пад пахай — амаль не бывае. Ды і ў нашай камандзе далёка не ўсе выдатнікі, але яны выдатна адказваюць на пытанні ў гульнях. Знаўцы — гэта не толькі людзі з тоўстай аправай і выключна “дзясяткамі” ў дзённіках. Магчыма, гэта і тыя людзі, чый патэнцыял навакольныя яшчэ не разгледзелі”.

Вікторыя Канстанцінаўна Юшчанка, загадчык аддзела інтэлектуальнай творчасці Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі, заглядвае глыбей і адзначае, што захапленне інтэлектуальнымі гульнямі — карыснае хобі: “Яно прыносіць карысць чалавеку незалежна ад узросту. Гэта не селі, згулялі, даведаліся, хто першы, і разбегліся. Тэхналогія куды больш глыбокая. Нездарма “Што? Дзе? Калі?” больш за 30 гадоў жыве ў краінах СНД. І проста на інтарэсе гульня не магла б жыць. Гульня прадугледжвае сур’ёзныя трэніроўкі, якія ў сваю чаргу развіваюць чалавека. І не толькі інтэлектуальна. Трэніровачны працэс складаецца з шэрага розных гульняў, якія дазваляюць адчуваць сябе спакойна ў даволі напружаных сітуацыях. Час на абдумванне адказу абмежаваны хвілінай, і гэтае абмежаванне выпрацоўвае хуткую рэакцыю, вучыць хутка мысліць. І калі нават чалавек памыляецца, ён вучыцца не засмучацца, а хутка адаптавацца да сітуацыі і рухацца далей. Гэтае ўменне вельмі дапамагае ў жыцці”.

У выніку інтэлектуальных баталій пераможцамі сярод школьнікаў сталі каманда “Садзік Хана Дзавы” (Мінск, Ліцэй БДУ) і каманда “Мы не ведаем” (Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі і гімназія № 2 Віцебска). У маладзёжным турніры на першую пазіцыю выйшла каманда студэнтаў Мінска “Страпелька”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *