Несці сцяг Радзімы

- 11:40Навіны рэгіёнаў

З мінулага года ў Ленінскім раёне Брэста працуе цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі, размешчаны на базе сярэдняй школы № 27. Яго педагогі вучаць моладзь з гонарам несці сцяг Радзімы і ўмець абараняць яе, не шкадуючы жыцця.

Кіраўніцтва раённага ўпраўлення адукацыі падышло да кадравага камплектавання цэнтра надзвычай адказна. Усе выкладчыкі — прафесіяналы сваёй справы, улюбёныя ў ваенна-патрыятычную работу.

На занятках па дапрызыўнай падрыхтоўцы, якія праводзяць кавалер двух ордэнаў “Чырвоная Зорка” падпалкоўнік запасу Сяргей Леанідавіч Журбенка і капітан запасу Юрый Мікалаевіч Салюк, юнакі вывучаюць не толькі азы ваеннай справы, але і рыхтуюцца стаць дастойнымі абаронцамі сваіх сем’яў, дома, Айчыны. 

Вопытныя выкладчыкі ахвотна дзеляцца з моладдзю жыццёвым вопытам. Так, С.Л.Журбенка, які служыў у Афганістане, вучыць школьнікаў, што ў любой сітуацыі трэба заставацца чалавекам, абараняць слабых і не баяцца прымаць рызыкоўныя рашэнні, каб потым не было сорамна.

У цэнтры прымяняюцца розныя формы навучання і кантролю: тэарэтычныя і практычныя заняткі, тэсты на аснове ІКТ, індывідуальныя і франтальныя апытанні. Ладзяцца сустрэчы з курсантамі ваенных УВА і маладымі афіцэрамі, якія служаць ва Узброеных Сілах. У выніку 8 юнакоў ужо вырашылі звязаць жыццё з ваеннай справай, хаця раней некаторыя з іх пра гэта нават не думалі. 

Разам з хлопцамі ў цэнтры вучацца і дзяўчаты. З імі займаецца Сяргей Анатольевіч Аўдзяйчук, які мае медыцынскую адукацыю. На яго занятках заўсёды цікава і пазнавальна. Тут дзяўчаты даведваюцца пра тое, пра што ім не раскажуць у школе і дома. 

Алена Мікалаеўна Блоцкая праводзіць сумесныя заняткі юнакоў і дзяўчат па аказанні першай медыцынскай дапамогі. Навучэнцы накладваюць павязкі, спыняюць крывацёкі, праводзяць сардэчна-лёгачную рэанімацыю, адпрацоўваюць іншыя важныя навыкі. Вялікую цікавасць у школьнікаў выклікаюць сітуацыйныя задачы, распрацаваныя педагогамі. Пры іх вырашэнні неабходна не толькі паставіць правільны дыягназ па пэўных прыметах, але і якасна аказаць медыцынскую дапамогу. Дэвіз медпадрыхтоўкі — “Выратаваць жыццё лёгка, калі ведаеш як”.

Курс навучання ў цэнтры разлічаны на 35 гадзін і 6 дзён. Развітваючыся з педагогамі, маладыя людзі выказваюць ім падзяку за важныя і карысныя веды, набытыя ўменні і навыкі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.