Несці святло духоўнасці

Спецыяліст павінен валодаць не толькі прафесійнымі ўменнямі і навыкамі, але і духоўнымі якасцямі. Што гэта за якасці? Як паспяхова сфарміраваць іх у навучэнцаў прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі? Падрабязныя, разгорнутыя адказы, пацверджаныя практычнай работай, давалі 25 красавіка ўдзельнікі пашыранага пасяджэння Каардынацыйнага савета па распрацоўцы і рэалізацыі сумесных праграм супрацоўніцтва паміж органамі дзяржаўнага кіравання і Беларускай Праваслаўнай Царквой.

— У апошнія два дзесяцігоддзі беларуская дзяржава і Беларуская Праваслаўная Царква зрабілі шмат для ўмацавання ўзаемнага супрацоўніцтва, што дазволіла закласці асновы для далейшай работы. Асаблівае значэнне надаецца ўзаемадзеянню з установамі адукацыі, у тым ліку прафесійна-тэхнічнымі і сярэднімі спецыяльнымі. Усё гэта з’яўляецца вынікам рэалізацыі праграмы мерапрыемстваў па супрацоўніцтве Міністэрства адукацыі і Беларускай Праваслаўнай Царквы, — звярнуўся да ўдзельнікаў пасяджэння міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка.

Формы такога супрацоўніцтва ва ўстановах прафесійнай адукацыі разнастайныя. Перспектыўным напрамкам з’яўляецца праваслаўнае краязнаўства, вывучэнне культурна-гістарычнай спадчыны беларускага народа, экскурсіі па памятных мясцінах з наведваннем нацыянальных святынь. У духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў вялікае месца адводзіцца маладзёжнаму валанцёрскаму руху, арыентаванаму на развіццё міласэрнасці і дабрачыннасці, аказанне дапамогі інвалідам, дзецям-сіротам, адзінокім грамадзянам, ветэранам вайны і працы.

— Сёння на базе 80 устаноў агульнай сярэдняй, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, прафесійнай адукацыі рэалізоўваецца 5 эксперыментальных інавацыйных праектаў па пытаннях духоўна-маральнага і сямейнага выхавання навучэнцаў з выкарыстаннем патэнцыялу праваслаўных традыцый і каштоўнасцей, што дазваляе надаць сістэмнасць і выніковасць выхаваўчым мерапрыемствам, арганізаваць наша супрацоўніцтва на больш высокім узроўні. Хачу выказаць упэўненасць, што супрацоўніцтва паміж Беларускай Праваслаўнай Царквой і сістэмай адукацыі Рэспублікі Беларусь будзе і надалей развівацца дынамічна і плённа. Наша агульная задача — аб’яднаць інтэлектуальныя сілы грамадства для захавання і памнажэння культурнай спадчыны Беларусі, духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення, — адзначыў Ігар Васільевіч.

У кожным рэгіёне назапашаны багатыя традыцыі такога супрацоўніцтва. Так, прыходы на тэрыторыях Брэсцкай, Барысаўскай, Гродзенскай, Навагрудскай епархій паспяхова супрацоўнічаюць з усімі ўстановамі сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Пра вопыт такой работы ў Тураўскай епархіі паведаміў протаіерэй Дзмітрый Пасечнік. Сумесныя мерапрыемствы разнастайныя як па форме, так і па змесце. Гэта правядзенне заняткаў па асновах праваслаўнай культуры, гутаркі па духоўна-маральным выхаванні, сустрэчы, прымеркаваныя да праваслаўных свят і знамянальных дат. Святары рэгулярна запрашаюцца на 1 Верасня, выпускныя вечары, святкаванні Дня маці, Нараджэння Хрыстова, Вялікадня. Праводзяцца класныя гадзіны, гутаркі з бацькамі. У многіх установах стаў традыцыяй удзел навучэнцаў у добраўпарадкаванні тэрыторый храмаў, месцаў пахавання, помнікаў героям Вялікай Айчыннай і Першай сусветнай войнаў.

Як паведаміў Епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі Веньямін, рэгулярнымі сталі працоўныя дэсанты навагрудскіх навучэнцаў у Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр. У Барысаўскім дзяржаўным політэхнічным каледжы праходзіць традыцыйны вясновы тыдзень дабрыні. У Слонімскім дзяржаўным політэхнічным прафесійным ліцэі створаны атрад “Вера. Надзея. Любоў”. Важным напрамкам з’яўляецца прафілактыка дэвіянтных і суіцыдальных паводзін, наркаманіі, гульняманіі. Рабоце ў гэтым кірунку садзейнічаюць круглы стол “Каштоўнасці ў сучасным свеце”, цыкл лекцый “Я выбіраю жыццё” і інш. Напрыклад, у Шчучынскім дзяржаўным сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі святары на пастаяннай аснове праводзяць цыкл размоў “Жыццё як каштоўнасць і дар Божы”, “Дабро як маральная катэгорыя”.

— Веды, якія даюцца ва ўстановах адукацыі, вельмі важныя, але ў той жа час варта ўдзяляць асаблівую ўвагу духоўна-маральнаму, патрыятычнаму выхаванню навучэнцаў. У эпоху інфармацыйных тэхналогій ствараюцца камп’ютары, робаты. Аднак у іх, на жаль, няма пачуццяў, якімі валодае чалавек. Гэта сфера выхавання, якая дазваляе закладваць духоўна-маральныя каштоўнасці з маленства. Добра, што ў гэтай справе мы знаходзім падтрымку ў асобе міністра адукацыі і Міністэрства адукацыі, — адзначыў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

Важна, што такая падтрымка аказваецца на месцах кіраўнікамі ўстаноў прафесійнай-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Вопытам адпаведнай работы з удзельнікамі пленарнага пасяджэння падзяліліся дырэктар Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа Алена Васільеўна Жураўлёва, дырэктар Мінскага дзяржаўнага ПТК кулінарыі Вера Віктараўна Дзянініс. Абмен вопытам быў працягнуты падчас работы секцый (“Духоўна-маральныя аспекты ў выкладанні дысцыплін ва ўстановах прафесійнай адукацыі” і “Духоўна-маральнае выхаванне — актуальны кірунак сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы ва ўстановах прафесійнай адукацыі”) Рэспубліканскіх педагагічных чытанняў, прысвечаных Тыдню святых жанчын-міраносіц “Святло несці”, якія прайшлі ў рамках пашыранага пасяджэння. Пры садзейнічанні Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па выніках чытанняў выдадзены зборнік, куды ўвайшлі выступленні не толькі беларускіх педагогаў, але і прадстаўнікоў педагагічнай грамадскасці Расіі.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.