Несці веды, свет і дабрыню

- 11:48Адукацыйная прастора

Маладая настаўніца Петкавіцкага вучэбна-педагагічнага комплексу Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці Радміла Міхайлаўна Бруйло — педагог у трэцім пакаленні. Прафесію яна выбрала па прыкладзе сваіх матулі і бабулі. За два гады работы ўпэўнілася, што стаіць на сваім шляху і трапіла ў тую самую ўстанову адукацыі, дзе хочацца працаваць далей.

Радміла Міхайлаўна выкладае рускую мову і літаратуру. Гэтыя прадметы з дзяцінства сталі для яе любімымі. Тым больш што ў Калінкавіцкай гімназіі, дзе вучылася Радміла, іх выкладае яе мама Святлана Васільеўна. Дзяўчына ў выбары прафесіі даўно была цвёрда ўпэўнена, вырашыла працягнуць справу родных.

Да нядаўняга часу ў Радмілы Міхайлаўны быў статус маладога спецыяліста. У новым навучальным годзе яна збіраецца здаваць на другую кваліфікацыйную катэгорыю. Адчувае сябе значна больш упэўнена. Прызнаецца, што пачынаць было няпроста, нават нягледзячы на тое, што было даволі глыбокае ўяўленне аб рабоце ў школе.

— Як аказалася, адна справа — бачыць, як выкладае мама, і зусім іншая — працаваць самой, — дзеліцца ўражаннямі Р.М.Бруйло. — Аднак мне пастаянна і ва ўсім дапамагалі, давалі парады і супакойвалі, калі я хвалявалася, і дырэктар з намеснікамі, і калегі, і родныя. Такая падтрымка значыць вельмі многа. Я з самага пачатку і затым штодня ішла на работу з радасцю і жаданнем працаваць.

Радміла Міхайлаўна жыла і вучылася ў горадзе. Спачатку ёй было нязвыкла, бо трапіла ў значна меншую па памерах сельскую ўстанову адукацыі, аднак неўзабаве яна разгледзела яе асаблівую ўтульнасць і цеплыню. Год маладая настаўніца жыла ў Петкавічах, пасля атрымала пакой у інтэрнаце і пераехала ў Дзяржынск. Вырашэнне кватэрнага пытання, безумоўна, узрадавала. З горада дабірацца на работу зручна. Але галоўнае — Радміла Міхайлаўна ведае: у Петкавічах яе заўсёды з нецярпеннем чакаюць вучні, якіх яна з цеплынёй называе “мае дзеці”.

Маладая настаўніца стараецца перш-наперш стварыць такі псіхалагічны клімат, каб вучні з ахвотай чакалі ўрокаў. Для гэтага ў яе ёсць усё: добрыя, сардэчныя адносіны, любоў да дзяцей, разуменне і цярпенне. Без іх, на думку Р.М.Бруйло, немагчыма стаць сапраўдным педагогам. Сёння яна з удзячнасцю ўзгадвае тых, хто вучыў яе ў гімназіі і затым у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка.

— Дабрыня і цеплыня — гэта тое, з дапамогай чаго я стараюся прывіць любоў да сваіх прадметаў, — расказвае Радміла Міхайлаўна. — Увогуле, з дзецьмі ўсіх класаў у мяне склаліся добрыя адносіны, і ніякіх асаблівых праблем і канфліктаў не ўзнікала. Мне цікава ісці да іх на ўрок, а яны рады мне і чакаюць з добрым настроем. А гэта ўжо вялікі працэнт поспеху, таго, што мне ўдасца іх зацікавіць, што яны будуць актыўнымі і неабыякавымі, вынесуць з урока больш інфармацыі. Я стараюся нікога не пакінуць без увагі, заўважыць і ацаніць стараннасць кожнага, пры неабходнасці дапамагчы.

Другі працоўны год для Радмілы Міхайлаўны быў лягчэйшым у параўнанні з першым. За гэты час яна паспрабавала многія прыёмы, каб знайсці тое, што ёй і яе вучням падыходзіць больш за ўсё. Настаўніца стараецца на сваіх уроках здзіўляць дзяцей нечым новым, нечаканым. Часта падбірае і прапаноўвае цікавыя відэаролікі, прыклады з казак, каб займальна, ярка і даступна пададзеная інфармацыя запомнілася добра і надоўга.

На ўроках літаратуры ва ўсіх класах маладая настаўніца імкнецца развіваць творчыя здольнасці дзяцей. Вучням 5—7 класаў вельмі падабаецца прымаць удзел у сцэнках, маляваць, спяваць. Старшакласнікам больш даспадобы магчымасць паразважац­ь на сур’ёзныя тэмы, выказаць свой пункт гледжання, паспрабаваць сябе ў ролі аўтараў ці крытыкаў.

Радміла Міхайлаўна стараецца прывіць дзецям любоў да чытання. Часам прыходзіцца сустракацца з нежаданнем, аднак вялікіх праблем у гэтым кірунку настаўніца не ўбачыла. Школьнікі ў асноўным чытаюць неабходную літаратуру, некаторыя паспяваюць яшчэ і па жаданні асвойваць дадатковую. Для таго каб дзецям хацелася адкрыць новую кнігу, Р.М.Бруйло стараецца кожны раз прыдумаць нешта новае. Напрыклад, чытае яркі, кароткі эпізод, пасля якога ад вучняў так і сыплюцца пытанні: а што ж было далей? Чаму так адбылося? Чым жа гэта скончылася? Цікава, што настаўніца паспрабавала дзейнічаць і ад процілеглага: наадварот, раіла не чытаць кнігу, нягледзячы на тое, што яна многім падабаецца. Такі спосаб, правільна і своечасова выкарыстаны, таксама дзейнічаў. Дзеці чыталі, а пасля эмацыянальна расказвалі, што на самай справе кніга выдатная і там шмат цікавых момантаў.

У мінулым навучальным годзе Радміла Міхайлаўна праводзіла адкрыты ўрок, на якім сабраліся маладыя спецыялісты — настаўнікі рускай мовы і літаратуры Дзяржын­скага раёна. Гэта быў першы падобны вопыт, і прайшоў ён паспяхова, хоць і прынёс нямала хваляванняў. Адкрытае мерапрыемства дапамагло Р.М.Бруйло зрабіць яшчэ адзін упэўнены крок у сваім прафесійным станаўленні.

— Я вырашыла правесці літаратурную гасцёўню “І на вайне ёсць месца каханню”, — расказвае настаўніца. — Рада, што яна была высока ацэнена. І вучням, і гасцям мой урок спадабаўся. Для мяне гэта адно з самых важкіх дасягненняў за мінулы перыя­д. Значнай падзеяй таксама стала грамата ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Дзяржынскага райвыканкама, якую я атрымала да Дня настаўніка. Родныя мной ганарацца, і я буду старацца працаваць так, каб апраўдаць такія адносіны!

Асобная, ужо на ўласным вопыце апрабаваная тэма — класнае кіраўніцтва. Радміла Міхайлаўна расказвае пра гэтую няпростую і адказную частку педагагічнай дзейнасці са шчаслівай усмешкай. Як правіла, у школе першымі яе сустракаюць менавіта вучні, класным кіраўніком якіх яна з’яўляецца. Клас вельмі згуртаваны, бацькі ва ўсім падтрымліваюць маладую настаўніцу. Сёлета гэтыя дзеці стануць ужо сямікласнікамі. Р.М.Бруйло спадзяецца, што будзе побач з імі і праз некалькі гадоў адправіць з роднай школы ў дарослае жыццё.

Радміла Міхайлаўна вучыць вучняў быць добрымі, сумленымі, выхоўвае іх адукаванымі, развітымі людзьмі. На ўроках мовы і літаратуры, перапынках размаўляе з імі аб тым, што добра, а што дрэнна і недапушчальна, як трэба адносіцца да сваіх бацькоў, Радзімы, будаваць сваё жыццё. У самой Радмілы Міхайлаўны планы і спа­дзяванні на будучыню вельмі простыя і прыгожыя — стаць добрай настаўніцай, жонкай і маці.

Падрыхтавала Таццяна ШЫМКО.