Нетрадыцыйнае маляванне

Паспяховасць навучання дзяцей з цяжкімі і множнымі парушэннямі развіцця выяўленчай дзейнасці залежыць ад разнастайнасці метадаў і прыёмаў, якія прымяняюцца на занятках педагогам. Першапачаткова ў такіх дзяцей адсутнічае патрэба ў маляванні. Іх неабходна шмат чаму вучыць: правільна трымаць інструмент (аловак, пэндзаль) у вядучай руцэ, рабіць дакладныя рухі, эмацыянальна ўспрымаць прастору.

Для навучання выяўленчай дзейнасці дзяцей з цяжкімі і множнымі парушэннямі развіцця прапаную выкарыстоўваць наступныя прыёмы: сумесныя дзеянні дзіцяці і дарослага; дзеянні па перайманні, па прыкладзе; дзеянні з контурнымі выявамі; выкарыстанне прыёмаў накладання і абвядзення шаблонаў, трафарэтаў для стварэння цэласнага вобраза прадмета, які малюецца; папярэдняе разгляданне; паказ па слоўнай інструкцыі педагога малюнкаў, карцінак, суаднясенне прадметаў з выявамі, якія адпавядаюць ім, з наступным іх называннем або паказваннем на іх з дапамогай жэста; назіранні на прагулках за з’явамі прыроды, прадметамі навакольнага свету, жывымі аб’ектамі для наступнага адлюстравання іх у працэсе малявання і г.д.

Методыка навучання дзяцей з ЦМПР мастацкім нетрадыцыйным тэхнікам малявання ўключае тры этапы. Мэта першага этапу — развіваць станоўчую эмацыянальную цікавасць да дзейнасці і яе вынікаў. На другім этапе ў працэсе стварэння беспрадметных выяў дзеці ў рамках сумеснай дзейнасці з педагогам вучацца правільна трымаць інструменты, карыстацца матэрыяламі для стварэння вобраза, адпрацоўваюць уменні і навыкі малявання. На трэцім этапе выхаванцы ствараюць работы самастойна.

На працягу ўсіх трох этапаў практычнай дзейнасці неабходна імкнуцца схіліць дзяцей адказваць на пытанні (вербальным і невербальным спосабам) пра аб’екты, якія малююцца, вылучаць іх сенсорныя характарыстыкі, расказваць пра аб’екты, якія яны ствараюць. Неабходна ўдзяляць час для аказання дапамогі ў зручнай пасадцы дзяцей для работы, неабавязкова за сталом. Гэта можа быць спецыяльнае крэсла, мяккі модуль, інвалідная каляска, дыван. Стол не заўсёды служыць рабочай паверхняй для дзяцей гэтай катэгорыі. Ліст паперы можа знаходзіцца на падлозе, на мальберце. Дзяцей размяшчаю недалёка адно ад аднаго. Удзел гульнявых персанажаў (зайчык вушасты, лялька, медзведзяня і г.д.) падтрымліваюць цікавасць дзяцей да заняткаў. Акрамя таго, выкарыстоўваю вершы, загадкі, мелодыі прыроды. Найбольш эфектыўнай для работы з дзецьмі з цяжкімі і множнымі парушэннямі развіцця з’яўляецца індывідуальная форма арганізацыі заняткаў. Паступова пераходжу да падгрупавой формы работы.

Усё, што трэба перадаць у малюнку, павінна быць не толькі правільна ўспрынята і асэнсавана — дзецям неабходна развіваць уменне валодаць рукой, падпарадкоўваць рухі кантролю рукі і вока, правільна карыстацца алоўкам, пэндзлем, фарбамі і г.д. Для гэтага прымяняю спецыяльныя практыкаванні. Напрыклад, прапаную дзіцяці абвесці пальчыкам па контуры кружок, кветку, лісток, дамаляваць узор і г.д. Дзецям вельмі падабаецца маляваць пальчыкам, далонькай, рабром далонькі. Для гэтага выкарыстоўваю пальчыкавы жывапіс.

Выхаванцы з вялікім жаданнем і цікавасцю робяць віншавальныя паштоўкі для мам, бабуль. Для гэтага выкарыстоўваю тэхніку адбітак з дапамогай тканіны. Палоску тканіны складваем у рулон, не роўна, а са складкамі. Калі тканіна склалася шчыльна — разгладжваем. Верхнюю частку рулона завязваем. На разгладжаную тканіну наносім фарбу, робім адбітак на лісце паперы афарбаваным бокам — і атрымліваецца адбітак ружы для паштоўкі. Каб намаляваць, напрыклад, гронку вінаграду, галінку рабіны, кветкі мімозы, вусеня, прымяняю тэхніку адбітак коркам, накрыўкай. Для гэтай тэхнікі рыхтуюцца коркі, накрыўкі з рознага матэрыялу. Апускаем накрыўку ў фарбу або афарбаваную паралонавую падушачку (або на паверхню накрыўкі пэндзлікам ці паралонам наношу гуаш), а таксама афарбоўваем адваротны бок накрыўкі — контур і адціскаем на лісце паперы. З дапамогай агародніны (бульба, морква, бурак і інш.) робім адбіткі. Агародніну разразаю папалам, выразаю квадрацік, трохвугольнік, ромбік, кружок, кветачку. Дапамагаю дзіцяці апусціць гладкую паверхню агародніны ў фарбу і зрабіць адбітак на лісце паперы. Так мы малюем пацеркі, арнаменты, узоры, мазаікі. Выкарыстоўваю адбіткі ў калектыўных работах для стварэння нацюрморта.

Прымяняю таксама тэхніку фларатыпія. Для гэтага рыхтую лісты розных раслін, пэндзлі, фарбы, клей, паперу для малявання, вільготныя сурвэткі. Разам з дзіцем наносім фарбу пэндзлем або паралонам на лісткі розных раслін (свежых або сухіх) у залежнасці ад тэмы заняткаў і робім адбітак на лісце паперы. Каб фарба лепш утрымлівалася, не скачвалася і добра адбівалася, у яе дабаўляю клей. Напрыклад, калі тэма заняткаў “Маленькае кацяня”, “Жучок”, вялікія лісткі абразаю нажніцамі і надаю ім неабходную форму. Фларатыпію выкарыстоўваю для малявання пейзажа, складання ўзораў, малявання букетаў, дэкаратыўнага малявання.

Дзецям падабаецца наносіць вялікія плямы фарбай. Каб намаляваць настрой, выкарыстоўваю яркія фарбы, перамешваю іх. Разам з дзіцем плямы наносім на адзін бок сагнутага ліста паперы, а потым складваем ліст папалам і адбіваем на другі бок. Калі фарба высахне, для развіцця ўяўлення разглядаем, што атрымался, пры неабходнасці дамалёўваем вочкі, вусікі на пушыстай мордачцы коціка і іншыя дэталі. Такая тэхніка называецца манатыпія. Каб зрабіць адбітак скамечанай паперай, рыхтуюцца матэрыялы: папера, папера для малявання, паралонавая падушачка з фарбай, вільготныя анучкі. Прымяняючы гэтую тэхніку, выконваем тэматычныя малюнкі. У такой тэхніцы дзеці малююць вожыка, кацяня, аблокі. Дапамагаю дзіцяці скамячыць ліст паперы, потым скамечаную паперу прыціскаем да паралонавай падушачкі з фарбай і робім адбітак. Пры гэтым пастаянна прагаворваю дзеянні і хвалю дзіця.

Часам спалучаю тэхнікі. Напрыклад, адбітак з дапамогай валіка з пластылінаграфіяй. Для гэтага спатрэбіцца ліст кардону, складваем яго трубкай. На валік, які атрымаўся, намотваем ніткі рознай фактуры і таўшчыні, афарбоўваем у колеры ў адпаведнасці з тэмай заняткаў. Напрыклад, для тэмы “Матылёк лятае” нітку афарбоўваем зялёнай і сіняй фарбай. Валік прыціскаем да ліста паперы, пракочваем, ствараючы фон, і малюем контур матылька. Дапамагаю дзіцяці раскачаць пластылінавыя палачкі, шарыкі, разам размазваем на гатовым фоне ў пэўным напрамку. Пластылінаграфію выкарыстоўваю для малявання крон дрэў, кветак, лускі рыб. На занятках па тэме “Грыб” малюю контур. Для шапачкі раскачваем шарыкі цёмнага колеру, а для ножкі — са светлага пластыліну і размазваем ад сярэдзіны створанага прадмета.

Для тэхнікі тычка выкарыстоўваю цвёрды пэндзаль, густую фарбу, паперу для малявання, а таксама спецыяльна вырабленыя пэндзлі са спісаных фламастараў і паралону. З дапамогай гэтай тэхнікі малюем з’явы прыроды, афарбоўваем контур жывёл. Разам з дзіцем бяром пэндзаль, апускаем у фарбу і вертыкальна лісту паперы робім адбіткі. Васковыя крэйды, свечкі, парафін выкарыстоўваю для васковага жывапісу, пры дэкаратыўным маляванні.

Заўважаю, што пасля шматразовага паўтарэння тыя простыя малюнкі, за стварэннем якіх дзеці спачатку толькі назіралі, цяпер яны спрабуюць узнаўляць самастойна, няхай і на свой лад. Яны сталі больш уседлівыя, упэўненыя, спрабуюць даводзіць пачатую работу да канца. Работы нашых выхаванцаў неаднаразова ўдзельнічалі ў выставах. Гэта і ёсць вынік і дасягненне ў рабоце з дзецьмі з ЦМПР.

Святлана ДОВАЛЬ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі Жыткавіцкага раённага ЦКРНіР.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *