Нетрывіяльныя заняткі

- 13:33Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

Усё часцей у сваёй рабоце педагогі выкарыстоўваюць інструментарый, які дазваляе рэалізоўваць адукацыйныя мэты і задачы навучання па­за класам, без узаемадзеяння напрамую з вучнямі. Навучаючы дзяцей англійскай мове, я часта звяртаюся да сродкаў дыстанцыйнага навучання. Гэта не толькі павышае цікавасць вучняў да прадмета, развівае крытычнае мысленне, але і дапамагае школьнікам стаць больш самастойнымі і арганізаванымі.

Навучаючы дыстанцыйна, настаўнік выконвае функцыю правадніка, у адрозненне ад звыклых урокаў у класе, дзе ўвесь вучэбны працэс цалкам кантралюецца педагогам. Сучасныя гаджэты перастаюць быць цацкай у руках дзяцей, а становяцца карысным прыстасаваннем, з дапамогай якога школьнікі атрымліваюць патрэбную інфармацыю і замацоўваюць атрыманыя веды. Сярод упадабаных мной сродкаў дыстанцыйнага навучання, акрамя вядомай платформы Moodle, сэрвісы Nearpod, Genially, Learnis, Learning Apps і некаторыя іншыя.

Nearpod — пляцоўка для стварэння інтэрактыўных урокаў у межах як класнай, так і пазакласнай дзейнасці. Пад пазакласнай дзейнасцю ў гэтым выпадку я маю на ўвазе самастойную работу навучэнцаў па-за класам, дыстанцыйна. Сэрвіс дазваляе стварыць паўнавартасны ўрок, які завяршаецца тэстам. Сістэма аўтаматычна апрацоўвае і адпраўляе вынікі на электронную пошту педагога. Таксама можна стварыць толькі прэзентацыю або тэст, зрабіўшы іх часткай урока. Сэрвіс змяшчае багатую бібліятэку, якая складаецца з навучальных відэа, прэзентацый, урокаў, якія настаўнік можа выкарыстоўваць у сваёй рабоце. Калі ёсць неабходнасць і жаданне стварыць нешта сваё, унікальнае, можна зрабіць навучальны ролік, відэа, прэзентацыю, практыкаванне на знаходжанне пары і іншае.

Я часта ствараю свае прэзентацыі, якія навучэнцы могуць адкрыць падчас урока на тэлефоне або планшэце ці пазнаёміцца з імі на працягу двух месяцаў у пэўны час (на жаль, функцыі пастаяннага доступу няма). У слайдах прэзентацыі ёсць магчымасць дапісаць слова, што можна выкарыстоўваць пры зваротнай сувязі для разумення ўзроўню засваення матэрыялу.

У якасці ілюстрацыі матэрыялу краіназнаўчага характару выкарыстоўваю бібліятэку навучальных відэа, у якіх у працэсе прагляду з’яўляюцца пытанні, што патрабуюць неадкладнага адказу. Калі ў бібліятэцы сэрвісу няма неабходнага відэа, выкарыстоўваю іншы рэсурс і ўстаўляю ў сваім уроку спасылку на яго або загружаю відэакантэнт для прагляду.

Пасля выкладання матэрыялу я магу парэкамендаваць вучням прайсці тэст. Па выніках, якія прыходзяць на электронную пошту, бачны не толькі адзнакі, але і правільныя і няправільныя адказы навучэнцаў. Асабліва актуальна гэта было ў перыяд эпідэміі, калі многія адсутнічалі на занятках, але з дапамогай гэтай функцыі маглі прыняць удзел у вучэбным працэсе і не адставаць ад аднакласнікаў.

Сэрвісы Genially, Learnis, Learning Apps падобныя па сваім функцыянале. Genially падыдзе тым, хто шукае магчымасці для стварэння відэаквізаў, мікракурсаў, інтэрактыўных прэзентацый да ўрока, гульняў накшталт “Змейка” і шмат чаго іншага. Гульнявы сэрвіс Learnis вядомы многім сваёй прастатой і даступнасцю. Інтэлектуальная гульня “Твая віктарына” складаецца з пытанняў рознай складанасці і рознага “кошту”. Хто набярэ больш ачкоў, той і выйграе.

“Растлумач мне” заснавана на ўсім вядомай гульні “Кракадзіл”, калі з дапамогай мімікі і жэстаў трэба паказаць тое ці іншае паняцце, а клас будзе адгадваць, што гэта. Вэб-сэрвіс “Інтэрактыўнае відэа” дазваляе стварыць відэа з уключанымі ў яго пытаннямі. Гэта можна зрабіць з любым сваім ролікам, загрузіўшы яго на платформу.

Гэтак жа можна выкарыстоўваць сэрвіс Learning Apps, калі хочацца разнастаіць урок тэстамі ў інтэрактыўным фармаце.

Такім чынам, можна сказаць, што разнастайнасць форм і варыянтаў выкарыстання сэрвісаў велізарная і залежыць ад канкрэтных мэт і задач настаўніка. Але несумненна тое, што названыя платформы дапамогуць арганізаваць вучэбны працэс даступным і нетрывіяльным чынам. Гэта прынясе свой плён у выглядзе зацікаўленых вучняў, якія імкнуцца на ўроку да новых ведаў і кожны раз чакаюць, што ж новае прыдумаў іх настаўнік, чым яны зоймуцца сёння.

Алена ВІНАГРАДАВА, 
настаўніца англійскай мовы гімназіі № 2 Салігорска.
Фота аўтара.