Неўзабаве будуць плады

- 15:06Падзеі, Сацыяльны ракурс

На Лоеўшчыне з’явіўся сад надзеі. 

Кожнае з трох дзясяткаў маладых дрэўцаў мае асабістае імя: Настасся, Арцём, Ігар… Так завуць дзетак Каўпенскага дзіцячага сада — базавай школы, што ў Лоеўскім раёне. Такім чынам школьнікі падтрымалі рэспубліканскую прыродаахоўную акцыю.

— Сярод высадкаў — вішні, яблыні, абрыкосы і грэцкія арэхі. Дрэўцы бацькі школьнікаў прынеслі з дамашніх прысядзібных участкаў. Але ж удзел у добрай справе бралі ўсёй вёскай: да вучняў далучыліся і ўсе 17 чалавек педагагічнага калектыву, — гаво­рыць дырэктар Каўпенскага дзіцячага сада — базавай школы Святлана Лёгкая. — Сад надзеі для нас, дзяцей і супрацоўнікаў школы, — сімвал надзеі на тое, што наша школа будзе жыць! Вучні вызначацца з прафесіяй, паспяхова паступяць у навучальныя ўстановы, будуць праслаўляць сваю родную школу.

Дарэчы, мясцовыя школьнікі маюць вопыт працы ў цяпліцы і на прышкольным участку. Тэорыю асвойваюць на ўроках працоўнага навучання, практыку — пры азеляненні свайго аграгарадка. Таму, упэўнена галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Лоеўскага райвыканкама Таццяна Гаспадарова, школьнаму саду На­дзеі гарантаваны належны догляд:

— Вучні з задавальненнем высаджвалі дрэўцы, а пасля давалі ім свае імёны. Прыемна было назіраць і радавацца ра­зам з дзецьмі. Хацелася б, каб да такіх ініцыятыў далучаліся бацькі школьнікаў і раздзялялі ра­дасць ад удзелу ў чымсьці карысным для наваколля. Гэтыя імкненні да ўпрыгожвання свету вакол сябе варта падтрымліваць у сям’і.

Усе ўстановы адукацыі Лоеўшчыны абавязкова ўключацца ў аналагічны экалагічны рух. Сёлета на Гомельшчыне сады на­дзеі закладзены таксама ў Хойніцкім, Петрыкаўскім, Ельскім і Рагачоўскім раёнах.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.