Неверагоднае — у адкрытым доступе

- 10:57Культура

Паспяховая рэканструкцыя, якая лічылася немагчымай, і карта вобласці ў народным касцюме: прэзентацыя кнігі “Традыцыйнае адзенне Віцебшчыны” адбылася ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці.

Унікальнае тэматычнае выданне ўключае змястоўныя гістарычныя артыкулы, рэдкія фотаматэрыялы і каталогі збораў традыцыйнага адзення. У асобным раздзеле пададзена інфармацыя аб адноўленых супрацоўнікамі дамоў і цэнтраў рамёстваў комплексах мясцовых строяў XVIII—XX стагоддзяў і размешчаны фотаздымкі найлепшых узораў рэканструкцыі народных касцюмаў. На жаль, да нашага часу ні ў адным з раёнаў вобласці не захавалася ніводнага поўнага комплексу мясцовага адзення. Таму доўгі час панавала катэгарычнае меркаванне, што свае традыцыйныя ўборы Віцебшчына незваротна страціла. Збіраць неабходныя для рэканструкцыі і сістэматызацыі звесткі часам даводзілася па драбнічках, кожная з якіх была на вагу золата.

Як паведаміла вядучы метадыст абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Ала Лялькіна, аснову выдання склалі зборы традыцыйнага адзення Віцебскага абласнога краязнаўчага, Бешанковіцкага раённага гісторыка-краязнаўчага, Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага, Чашніцкага гістарычнага, Лепельскага і Пастаўскага раённых краязнаўчых, Талачынскага, Мёрскага і Шумілінскага гісторыка-краязнаўчых музеяў, Нацыянальнага полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў, музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны, музея гісторыі і культуры Наваполацка, рабочай групы па стварэнні гісторыка-краязнаўчага музея Дуброўны. У прыватнасці, дзякуючы старшаму навуковаму супрацоўніку Святлане Салаўёвай у кнізе з’явіўся раздзел, што апісвае 180 рарытэтаў з даваеннай калекцыі абласнога краязнаўчага музея, — фрагменты мяшчанскага касцюма канца XVIII — пачатку XX стагоддзя і сялянскага касцюма канца XIX — пачатку XX стагоддзя.

Акрамя таго, цікавыя экспанаты прадставілі ўстановы адукацыі — Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, Глінская сярэдняя школа Докшыцкага раёна, музей “Гісторыя Заронаўскага краю”, школьныя музеі вёскі Вымна Віцебскага і вёскі Ляды Дубровенскага раёнаў. Пэўная частка аўтэнтычных экспанатаў, а таксама адноўленыя святочныя строі былі ўзяты з музейных фондаў цэнтраў і дамоў рамёстваў вобласці. Аўтарамі-складальнікамі і дызайнерамі афармлення кнігі выступілі вядучыя метадысты абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Ніна Бабровіч і Людміла Вакар, намеснік дэкана мастацка-графічнага факультэта ВДУ імя П.М.Машэрава Галіна Бабровіч.

— Сумесна з дамамі і цэнтрамі рамёстваў мы правялі вялікую работу па вывучэнні і аднаўленні традыцыйнага адзення, — расказала кіраўнік маштабнага праекта, дырэктар абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Кацярына Лабука. — Гэтаму вельмі паспрыялі свята-конкурс майстроў ткацтва “Палатняныя пераплёты” ў межах Міжнароднага фестывалю “Славянскі базар у Віцебску” ў 2013 годзе, святы-конкурсы народнага касцюма “Шыўкі майстэрства”, што прайшлі ў 2015 годзе ў Сянне і праз год у Віцебску, мінулагоднія абласныя выстава-конкурс народнага касцюма “Шыўкі майстэрства” і этнаграфічна-краязнаўчая выстава “Народнае адзенне Віцебшчыны”.

Трэба сказаць, што майстры дамоў і цэнтраў рамёстваў, якія далучыліся да праекта, у сваёй творчасці акумулявалі мясцовы матэрыял, мелі ўласныя напрацоўкі. Таму рэканструкцыі праводзіліся па старадаўніх тэхніках і тэхналогіях апрацоўкі тэкстылю, з выкарыстаннем ручнога ткацтва, аўтэнтычных вышывак, спосабаў аздаблення швоў. У выніку было адноўлена каля ста комплексаў традыцыйнага штодзённага і святочнага адзення. Фота найбольш удалых з іх упрыгожылі кнігу. Цяпер усе жадаючыя могуць даведацца, дзе на Віцебшчыне прыгажуні насілі панёву, як майстрыні клалі шыўкі ці набівалі малюнак на тканіне, могуць атрымаць уяўленне аб мужчынскім насове і ўвогуле пераканацца, наколькі прывабна, стыльна выглядаюць аўтэнтычныя ўборы. Дарэчы, сярод разынак выдання — карта вобласці ў народным касцюме, дзе кожны з рэгіёнаў прадстаўлены сваім непаўторным строем.

У адпаведнасці з навуковай канцэпцыяй альбома, на яго старонках змешчаны этнаграфічны матэрыял памежных раёнаў Смаленскай і Пскоўскай абласцей. Разнастайныя артэфакты і фотаздымкі адзення XIX — першай паловы XX стагоддзя былі ўзяты з экспазіцый і фондаў музея “Смаленскі лён”, Руднянскага гістарычнага, Дзямідаўскага і Усвяцкага гісторыка-краязнаўчых, Веліжскага музеяў, Краснінскага краязнаўчага музея імя Ерашовых, краязнаўчага музея Вялікіх Лук, музея гісторыі Невеля. Найкаштоўнейшы матэрыял па адзенні беларусаў XIX стагоддзя прадставіў Смаленскі дзяржаўны музей-запаведнік. Кніга-альбом “Традыцыйнае адзенне Віцебшчыны” выдадзена галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама сумесна з абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці. Праект прысвечаны этнографу, фалькларысту, краязнаўцу, першаму даследчыку традыцыйнага адзення Віцебшчыны Міхаілу Якаўлевічу Нікіфароўскаму.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота Алы ЛЯЛЬКІНАЙ.