Незабудка на памяць, ці Як знайсці дарогу дадому

- 11:45Сацыяльны ракурс

Штогод, напярэдадні Міжнароднага дня абароны дзяцей, вечарам па ўсім свеце ў неба ўзнімаюцца блакітныя паветраныя шарыкі, а ў вокнах і на вуліцах запальваюцца адзінокія свечкі. За ўсім гэтым хаваецца свая сімвалічнасць і страшная трагедыя: 25 мая адзначаецца Міжнародны дзень дзяцей, якія зніклі без вестак.

Дарога, на якой няма слядоў

Для ўсяго свету 25 мая — гэта Міжнародны дзень дзяцей, якія зніклі без вестак (International Missing Children’s Day). Гэтая падзея вядзе сваю гісторыю з ЗША, а сімвалам дня з’яўляецца малюнак сіняй незабудкі.

25 мая 1979 года ў ЗША па дарозе дадому знік 6-гадовы школьнік, якога шукалі ўсім светам. Справа атрымала шырокі рэзананс, але хлопчыка так і не знайшлі. Праз 4 гады пасля гэтай падзеі 25 мая было абвешчана Нацыянальным днём дзяцей, якія зніклі без вестак. А яшчэ праз год, у 1984-м, быў заснаваны Нацыянальны цэнтр пошуку дзяцей, што зніклі і эксплуатуюцца (National Center for Missing and Exploited Children, NCMEC). Неўзабаве дадзеную ініцыятыву падтрымалі і ў шэрагу еўрапейскіх краін. У 1997 годзе быў створаны Міжнародны цэнтр пошуку дзяцей, якія зніклі і эксплуатуюцца (ICMEC). І ўжо менавіта па ініцыятыве цэнтра ў 2010 годзе быў заснаваны Міжнародны дзень дзяцей, якія бясследна зніклі, і афіцыйна ўстаноўлена яго дата — 25 мая.

Дзіця, якое знікла без вестак, — гэта трагедыя не толькі для бацькоў, гэта трагедыя для ўсёй краіны. І менавіта з’ява бясследнага знікнення, выкрадання дзіцяці паказвае, наколькі неабароненым яно з’яўляецца і як небяспечна і страшна жыць нават пад сваім дахам, там, дзе, па сутнасці, кожны павінен быць абароненым. Няма нічога больш жудаснага, чым усведамляць, што родныя людзі могуць бясследна знікнуць, выйсці на вуліцу і не вярнуцца. Асноўнай мэтай Дня дзяцей, якія зніклі без вестак, стала спроба прыцягнуць увагу ўсяго свету да праблемы знікнення непаўналетніх. Абараніць непаўналетніх, у першую чаргу немаўлят і дзяцей малодшага ўзросту, ад выкраданняў, ад супрацьпраўнай эксплуатацыі і засцерагчы ад цяжкіх жыццёвых сітуацый — вось тое, на што павінна быць накіравана дзейнасць усіх тых структур, якія займаюцца бяспекай дзяцей.

У 2012 годзе Беларусь упершыню афіцыйна далучылася да традыцыі адзначэння Міжнароднага дня дзяцей, якія зніклі без вестак.

Па даных міжнародных праваахоўных арганізацый, штогод у Еўропе знікае больш за 70 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак. У Расіі, згодна з данымі афіцыйнай статыстыкі, за аналагічны перыяд знікаюць ад 20 да 35 тысяч дзяцей, з якіх ад 2 да 3 тысяч прападаюць бясследна і назаўжды. Што тычыцца нашай краіны, то па стане на 2016 год зніклымі без вестак у нас лічацца 50 дзяцей. Дагэтуль іх месцазнаходжанне застаецца невядомым. І, на жаль, чым больш часу праходзіць з моманту знікнення дзіцяці, тым менш шансаў яго знайсці.

Лепш за ўсё арганізаваны пошук непаўналетніх у ЗША. Там існуе сістэма неадкладнага інфармавання насельніцтва аб выкрадзеных дзецях. “Копіі” гэтага праекта з мэтай рэалізацыі аналагічнай праграмы ў іншых краінах не раз пераймаліся зацікаўленымі міжнароднымі арганізацыямі, але ўсё так і засталося на базавым узроўні.

Тым не менш сёння ў многіх краінах Еўропы заснаваны спецыяльныя пошукавыя атрады. У нас пошукам людзей, якія знікаюць без вестак, займаецца пошукава-выратавальны атрад “Анёл”.

Доўгі шлях дадому

Пошукава-выратавальны атрад “Анёл” — першы ў краіне дабрачынны рух, накіраваны на аказанне дапамогі ў пошуку людзей, якія зніклі без вестак.

ПВА “Анёл” быў створаны 5 гадоў назад групай валанцёраў пад кіраўніцтвам Сяргея Коўгана. Мэтай аб’яднання з’яўляецца дапамога людзям, якія бясследна зніклі, і тым, хто заблудзіўся ў лесе.

— Ідэя стварыць пошукавы атрад узнікла, калі па тэлебачанні трансліраваўся сюжэт, у якім жанчына прасіла дапамогі ў арганізацыі пошуку сваяка, які згубіўся ў лесе, — расказвае пра зараджэнне дзейнасці ПВА “Анёл” камандзір атрада Сяргей Коўган. — Я адразу вырашыў, што буду дапамагаць шукаць гэтага чалавека. Са мной паехаў і сябар. І, як аказалася, з добраахвотнікаў дапамагчы ў пошуку былі толькі мы ўдваіх. На жаль, таго чалавека не знайшлі. А пасля я даведаўся, што ён загінуў. Менавіта гэты выпадак стаў штуршком, які прымусіў стварыць дабрачынны рух па пошуку людзей. Так з’явіўся “Анёл”, які сімвалізуе нешта добрае, светлае, тое, што дорыць людзям надзею.

Менавіта з надзеяй на тое, што чалавек знойдзецца жывым, у атрад па дапамогу звяртаюцца людзі. Безумоўна, бываюць перыяды, калі тэлефон дапамогі ў атрадзе маўчыць, а здараецца і такое, што ў дзень паступае па 8—10 заявак. Асабліва “гарачым” на пошукі з’яўляецца сезон грыбоў-ягад. Былі такія выпадкі, калі, знайшоўшы адну бабулю, адразу ехалі шукаць другую.

— Калі гаварыць пра агульную колькасць людзей, якіх мы знайшлі, то, на жаль, статыстыку з першага дня заснавання атрада мы не вялі, — тлумачыць камандзір. — Толькі год назад пачалі выключна для сябе рэгістраваць усе даныя. Калі ж гаварыць пра гэты год, то сёлета ўжо знойдзены 19 чалавек, 11 знайшліся падчас правядзення пошукавых мерапрыемтсваў, а 8 былі “затрыманы” дзякуючы інфармаванню насельніцтва. Усё-такі лістоўкі з арыенціроўкамі іграюць вялікую ролю ў пошуку, гэтак жа, як інтэрнэт і сацыяльныя сеткі.

Менавіта сацыяльныя сеткі з’яўляюцца адным з найбольш эфектыўных інструментаў дапамогі ў пошуку зніклых. Так, некалькі гадоў назад, дзякуючы сацыяльным сеткам, “Анёл” дапамог міліцыі знайсці хлопчыка-аўтыста. Інфармацыю пра дзіця ўбачылі ў сваёй ленце навін супрацоўнікі аднаго з кафэ, куды хлопчык зайшоў, і патэлефанавалі камандзіру атрада.

Насамрэч, вельмі добра, што сярод нас ёсць нераўнадушныя да чужога гора людзі, якія адгукаюцца на просьбу аб дапамозе і могуць у любую хвіліну дня і ночы ўсё кінуць і паехаць з незнаёмымі людзьмі, якія аб’яднаны адной ідэяй, на пошукі такога ж незнаёмага чалавека. Валанцёры знаходзяцца таксама дзякуючы інтэрнэту, групам у сацыяльных сетках. Як правіла, часцей за ўсё ў пошуках прымаюць удзел ад 20 і больш чалавек, палова з якіх — навучаныя, падрыхтаваныя ў атрадзе. Калі знікаюць дзеці, на пошукі, як правіла, выязджае больш за 50 чалавек.

З першага дня заснавання атрада і да сённяшняга моманту сваю дапамогу ў пошуку спрабуюць “навязаць” беларускія экстрасэнсы, але ні разу за 5 гадоў іх наводкі не былі правільнымі.

Для таго каб пошукі былі максімальна эфектыўнымі, атрад выкарыстоўвае спецыяльную тэхніку. Безумоўна, у арсенале “Анёла” ёсць і звычайны стандартны набор — карта мясцовасці і компас, але гэтага для эфектыўнай працы мала.

— Наш атрад — гэта некамерцыйны праект, — працягвае расказваць Сяргей Коўган. — Мы ўдзельнічаем у конкурсах сацыяльных праектаў. У 2013 і 2014 гадах на конкурсе Social Weekend займалі лідарскія месцы як самы паспяховы праект. За атрыманыя гранты набылі самае неабходнае для правядзення пошукавых мерапрыемстваў абсталяванне. Што тычыцца фінансаў, то за пошукі мы грошы не бяром — гэта і ёсць тая самая асноўная мэта, для якой ствараўся атрад.

Збегчы ад праблемы = бегчы ёй насустрач?

Пошукі зніклых пачынаюцца з месца збору, дзе абмяркоўваецца маршрут. Пасля гэтага група выязджае туды, адкуль чалавек перастаў выходзіць на сувязь. Безумоўна, асаблівая ўвага звяртаецца на тыя месцы, дзе ён мог схавацца ад небяспекі. Увогуле, пад падазрэнне трапляюць шматлікія аб’екты: не да канца спаленае смецце, сляды, заваленыя галінкамі рэчы і г.д.

— Перш чым пачаць шукаць чалавека, мы звяртаемся па дапамогу ў міліцыю, — тлумачыць нюансы работы камандзір атрада. — Правяраем інфармацыю наконт асобы, якая знікла, даведваемся, ці напісана заява ад родных, якія просяць дапамагчы ў пошуку. Акрамя гэтага, міліцыя і Следчы камітэт таксама могуць звяртацца да нас па дапамогу ў пошуку, напрыклад, сведкаў таго ці іншага здарэння.

Згодна са статыстыкай МУС Рэспублікі Беларусь, штогод у Беларусі знікае каля 12 тысяч чалавек. Заявы аб знікненні людзей паступаюць у міліцыю практычна кожны дзень. Што тычыцца дзяцей, то кожны год у органы ўнутраных спраў паступае каля 2—2,5 тысячы заяў і зваротаў аб тым, што дзіця прапала без вестак. У апошнія гады сітуацыя пачала мяняцца ў лепшы бок. Але дзеці ўсё роўна сыходзяць з дому. Часцей за ўсё знікаюць падлеткі.

Па даных, якія прадастаўляе МУС Рэспублікі Беларусь, прыкладна сёмая частка ўсіх заяў звязана са знікненнем непаўналетніх. Часцей за ўсё падлеткі ўцякаюць з дому. У асноўным гэта дзеці з нядобранадзейных сем’яў або выхаванцы дзіцячых дамоў.

— Увогуле, падлеткі — гэта асаблівая катэгорыя, з імі трэба вельмі акуратна размаўляць, — пацвярджае камандзір пошукавага атрада. — Ва ўсіх іх ужо ёсць свой пункт гледжання, яны хочуць быць незалежнымі. Але менавіта падлеткавы ўзрост дзіцяці з’яўляецца для выхавання вельмі важным. Тут галоўнае — нічога не прапусціць, трэба ўмець заўважаць усё да дробязей, каб дзіця не трапіла ў бяду. Але часам менавіта боязь бацькоў за дзяцей, гіперапека прымушалі падлеткаў шукаць прытулку дзе заўгодна, толькі не дома.

Дарэчы, зрэдку зараз выяўляюцца такія факты, калі дзеці збягаюць пасля здзяйснення правапарушэнняў, злачынстваў. Прычына такога знікнення — у боязі. Падлеткам страшна ад таго, якая адказнасць іх чакае за злачынства, і яны аддаюць перавагу ўцёкам.

Часам адны і тыя ж людзі знікаюць па некалькі разоў. Прычынай сістэматычных уцёкаў з’яўляюцца спрэчкі з бацькамі. Здараецца, што дзеці баяцца пакарання за дрэнны ўчынак. Так было і ў выпадку з трыма падлеткамі, якія два месяцы назад у адзін з дзён пайшлі ў школу, а дадому не вярнуліся. Дзеці пабаяліся пакарання бацькі, які даведаўся, што яны ўжывалі алкаголь і цыгарэты. Праз тыдзень братоў і сястру знайшлі на тэрыторыі Расіі, за 9 тысяч кіламетраў ад дома.

Былі выпадкі, калі падлеткам хацелася рамантыкі: яны знаёміліся ў сацыяльных сетках з дзяўчатамі ці хлопцамі з суседняй краіны і ехалі да іх у госці. Бацькоў, безумоўна, ніхто не папярэджваў. І добра, калі той, да каго ў госці едуць дзеці, акажацца адэкватным. Часцей за ўсё падобныя рамантычныя знаёмствы заканчваюцца зусім не хэпі-эндам.

Амаль тры гады назад сталіцу ўскалыхнула жудасная падзея. Гісторыя 18-гадовай дзяўчыны, якая праз сацыяльныя сеткі пазнаёмілася з маладым хлопцам і паехала да яго ў госці, пасля чаго бясследна знікла, выклікала шырокі рэзананс. Дзяўчына перастала выходзіць на сувязь з роднымі і дадому не вярнулася: новы знаёмы задушыў госцю і разам з саўдзельнікам забойства, у ролі якога выступіла маці мужчыны, варварскім метадам пазбавіўся ад цела і слядоў злачынства.

— Дзякуй богу, больш такіх гучных выпадкаў, калі непаўналетнія становяцца ахвярамі жорсткіх злачынстваў, не было, — каменціруе Сяргей Коўган. — Заўсёды цяжка і страшна, калі знікаюць дзеці. Заўжды думаеш толькі аб тым, абы яны знайшліся жывымі і няважна дзе. Галоўнае, каб усё з імі было добра. А калі яны гінуць, гэта ўвогуле непапраўная памылка, аб якой цяжка паведамляць. Страшна, калі гінуць дзеці з адной сям’і. Так, амаль тры гады назад падчас адпачынку з бацькамі прапалі дзве іх дачкі. На жаль, сястрычкі патанулі… Зараз пачынаецца самы складаны перыяд. Менавіта летам людзі знікаюць часцей за ўсё, таму хочацца даць адну каштоўную і вельмі важную параду: беражыце сябе і блізкіх.

Наталля ДУБІК.
Фота з архіва пошукава-выратавальнага атрада “Анёл”.