Незабыўная экскурсія

Адзін з прыярытэтных кірункаў работы калектыву Вераб’евіцкага дзіцячага сада — базавай школы Навагрудскага раёна — фарміраванне ў вучняў правільных уяўленняў аб здаровым ладзе жыцця. З гэтай мэтай 9 сакавіка настаўнікі школы арганізавалі для вучняў 3—9 класаў экскурсію па маршруце Вялікія Вераб’евічы — Баранавічы — Вялікія Вераб’евічы.

Дзеці з задавальненнем наведалі лядовы палац Баранавіч, дзе на працягу 45 хвілін удасканальвалі ўменне катацца на каньках. Атрымалі вялікі зарад станоўчых эмоцый, пазітыву і бадзёрасці. Час праляцеў хутка, і цешылі сябе думкай абавязкова сюды вярнуцца.

Пасля цудоўна праведзенага часу ў лядовым палацы атрымалі яшчэ адзін падарунак — магчымасць наведаць музей гісторыі Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі. Азнаёміліся з асноўнымі этапамі станаўлення і развіцця чыгуначнага транспарту, убачылі ўзоры пасажырскіх і грузавых вагонаў розных эпох.

Экскурсія атрымалася насычанай, цікавай, карыснай і пакінула ў душы кожнага шмат незабыўных уражанняў.

Таццяна БОРЫС,
настаўніца гісторыі Вераб’евіцкага дзіцячага сада — базавай школы Навагрудскага раёна.