Незабыўны дзень

- 11:40Нам пішуць

“5 кастрычніка надоўга запомніцца ўсім вучням, — упэўнены васьмікласнік старшыня савета дружыны Відамлянскай сярэдняй школы Камянецкага раёна Канстанцін Гарус. — Акцябраты і піянеры пад кіраўніцтвам педагога Аксаны Міхайлаўны Росляк пастараліся зрабіць гэты дзень незвычайным з нагоды Дня настаўніка, Міжнароднага дня ўрача і Сусветнага дня ўсмешкі”.

У школьным фае актыў БРПА размясціў святочныя віншаванні з Днём настаўніка. Акрамя таго, кожны педагог атрымаў ад вучняў асабістыя флаеры-віншаванні.

Дзень прайшоў пад лозунгам “Дарыце адно аднаму цяпло і ўсмешкі, даруйце крыўды і чужыя памылкі! Усмешка ўсемагутная і вартая ўзнагароды, усяго адна ўсмешка — і вам рады!”. Надзвычай цікавымі атрымаліся акцыі “Вазьміце ўсмешку — яна бясплатная” і “Вазьмі сабе кавалачак шчасця”, падчас якіх хлопчыкі і дзяўчынкі выбіралі ўсмешкі-смайлікі і розныя пажаданні. Усе так захапіліся, што нават утварылася чарга па ўсмешкі і кавалачкі шчасця! Самымі актыўнымі ўдзельнікамі акцый сталі вучні 8—9 класаў Дзяніс Ялкоўскі, Антон Цурыкаў, Канстанцін Гарус, Ірына Здрок і Яўген Абламскі.

Шасцікласніцы Хрысціна Жыдок, Марына Асапрылка, Настасся Ночкіна і Валерыя Шэнда разам з А.М.Росляк наведалі ФАП і павіншавалі медработнікаў нашага аграгарадка. Фельчар А.А.Казадой і яго калегі падзякавалі за цёплыя словы дзяцей у прафесійнае свята.

Увесь дзень вучні жадалі ўсім здароўя, шчасця, незабыўных уражанняў, пазітыўных думак, упэўненасці, натхнення, ажыццяўлення планаў, нечаканых сустрэч і душэўнай раўнавагі. Давайце дарыць адно аднаму ўсмешкі і добры настрой не толькі ў святочныя дні, а штодзень!

Аксана РОСЛЯК,
настаўніца рускай мовы і літаратуры Відамлянскай сярэдняй школы Камянецкага раёна.