Незабыўныя дні жніўня

- 11:49Нам пішуць

У Вераб’евіцкім дзіцячым садзе — базавай школе Навагрудскага раёна стала добрай традыцыяй праводзіць летнія канікулы ў турыстычным палатачным лагеры. І ў гэтым годзе вучні нашай школы разам з настаўнікамі вырашылі правесці незабыўныя дні жніўня ў турыстычным лагеры “Пілігрымы”. Вандроўнікі спыніліся на беразе возера Літоўка, знакамітага дзякуючы паэме “Гражына” нашага славутага земляка Адама Міцкевіча.

Калектыў лагера, нягледзячы на розны ўзрост удзельнікаў, хутка згуртаваўся, бо дзеці агульнымі намаганнямі ўсталявалі палатачны лагер, нарыхтоўвалі дровы і вучыліся разводзіць вогнішча пры любым надвор’і, гатавалі ежу. Школьнікі гулялі ў валейбол, шашкі і шахматы, праводзілі міні-спаборніцтвы па бадмінтоне. З задавальненнем удзельнічалі ў займальных конкурсах і віктарынах, прымалі паветраныя і сонечныя ванны, купаліся ў возеры. Па вечарах збіраліся каля вогнішча, спявалі песні, падводзілі вынікі дня ў сяброўскай гутарцы.

Дзевяць дзён лагера праляцелі вельмі хутка. Дамоў вярнуліся загарэлыя і поўныя сіл. У агульнай працы, у сумесным адпачынку нарадзіліся сяброўская падтрымка і ўзаемавыручка. Наперадзе — новыя вандроўкі па роднай Навагрудчыне.

М.М.НАГУЛЕВІЧ,
дырэктар турыстычнага палатачнага лагера “Пілігрымы” Гродзенскай вобласці.