Незвычайнае ў звычайным

Першы ўрок у Дзень ведаў “Мне выпала шчасце тут нарадзіцца” ў 6 “А” класе сярэдняй школы № 5 Слоніма быў праведзены ў форме адкрытага дыялогу “100 пытанняў да дарослага”. І стаў гэтым дарослым Пётр Фёдаравіч Бурсевіч, слонімскі мастак і паэт. У звычайным, на першы погляд, чалавеку ўбачылі вучні незвычайнае, загадкавае. Пётр Фёдаравіч таленавіты самародак, вядомы ў слонімскім літаратурным і мастацкім коле. Ён стаў для вучняў адкрыццём і знаходкай.

Наш сціплы суразмоўца з захапленнем і шчырасцю адказаў на пытанні шасцікласнікаў, паведаміўшы пра свой лёс: галоднае дзяцінства, цяжкая праца па гаспадарцы, няўдачы вучобы і поспехі ў школах Слоніма і Мінскім мастацкім вучылішчы, праца настаўнікам чарчэння і малявання… Парадавала вучняў і тое, што мастак у сёмы клас хадзіў у нашу школу № 5. Пётр Фёдаравіч паказаў свае малюнкі, прачытаў вершы і, безумоўна, павіншаваў са святам.

Са здзіўленнем шасцікласнікі разглядалі альбомы і пазнавалі знаёмыя куточкі горада і будынкі на карцінах мастака. Перад іх вачыма ўзнікала “Троіцкая царква”, “У парку”, “Вуліца Шасейная”, “Вакзал”, “Касцёл Святога Андрэя”, “Рыбакі” і інш.

Пётр Фёдаравіч намаляваў вокладку да кнігі М.Рылко “Рэнесанс беларускага мястэчка” і яго партрэт у рамантычным стылі, аформіў таксама кнігі “Прыдарожныя сосны” і “Травень” паэта-земляка Анатоля Іверса (пра яго, дарэчы, напісаў мастак паэму), падарыў карціну “Вакзал” раённаму краязнаўчаму музею, стварыў мастацкія шэдэўры сваёй малой радзімы — нашай славутай Слонімшчыны. “У кожнай карціне адчуваецца жывая душа”, — такую ацэнку дала паэтка-зямлячка Ірына Войтка, член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Першым малюнкам быў партрэт роднага бацькі, які стаў вынікам усёй дзейнасці і повяззю Пятра Фёдаравіча Бурсевіча з сям’ёй і роднай зямлёй: дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся.

Кажуць, таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Пацвярджэнне гэтаму — жыццё Пятра Фёдаравіча. Не толькі маляваў, але і пісаў літаратурныя творы: вершы, гумарэскі, частушкі, апавяданні, якія раскрываюць усе бакі чалавечага і асабістага жыцця і хараство роднай прыроды. “Любоў да роднага слова прывіла мне мая матуля, — прызнаецца пясняр. — Яна прыгожа спявала польскія і беларускія народныя песні, ведала многа цікавых гісторый і легенд”.

Тваё адно толькі мне мілае слова
Так песціць і лашчыць мой слых,
Лагодная ўсмеўка і ціхая мова,
Вачэй глыбіня маладых.

На сустрэчу Пётр Фёдаравіч прыйшоў з жонкай Зояй Канстанцінаўнай, вернай спадарожніцай, якая калісьці працавала выхавальнікам у дзіцячым садзе і дарыла любоў і пяшчоту маленькім дзеткам. Яна аказалася другой палавінкай свайго любага Пятра, стала ахоўваць душэўны стан і ствараць усе ўмовы для творчасці. Дарэчы, Пётр Фёдаравіч са сваёй выбранніцай пражыў 51 гадоў у згодзе і шчасці, душа ў душу. Жонцы неаднаразова прысвячаў наш госць паэтычныя творы, маляваў партрэты.

Вучні падзякавалі Пятру Фёдаравічу і Зоі Канстанцінаўне за цікавы аповед і ўручылі ім кветкі, спадзеючыся, што новыя сустрэчы і размовы яшчэ наперадзе.

Зоя КАРПОВІЧ,
класны кіраўнік, настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 5 Слоніма.