Незвычайная “кветка” для маленькіх барысаўчан

Цёплымі вясновымі днямі ў Барысаве з’явіўся “Цвецік-сяміцвецік”. Гэта не адна з першых кветак, якія нясмела пачалі распускацца на клумбах і пералесках, а новы дзіцячы сад.

Яслі-сад № 50 з’явіўся ў мікрараёне-новабудоўлі Барысава, дзе жыве шмат маладых сем’яў, у тым ліку і мнагадзетных. Дзякуючы гэтай падзеі ўсе маленькія жыхары горада будуць хадзіць ва ўстановы, размешчаныя побач з домам. З’яўленне яслей-сада доўгачаканае, бо апошні раз наваселле дашкольнікі горада святкавалі 25 гадоў назад.

Новы дзіцячы сад будаваўся па сучасным праекце і разлічаны на 230 месцаў. Сёння яго ўжо наведваюць 90 выхаванцаў, з верасня сад запрацуе на поўную моц. Дзеці будуць наведваць 12 груп, кожная з іх мае сваю “кветкавую” назву — “Фіялачка”, “Дзьмухавец”, “Незабудка”, “Маргарытка” і інш. Кожная з іх абсталявана па-рознаму і ў адпаведнасці з узроставымі асаблівасцямі выхаванцаў.

У новым трохпавярховым будынку ёсць усё неабходнае для росту і развіцця дзяцей, сад адпавядае ўсім сучасным патрабаванням. Кожную раніцу малышоў сустракаюць прыгожыя пляцоўкі. У дашкольнай установе створаны аптымальныя ўмовы для аздараўлення: працуе басейн, фізкультурная і трэнажорная залы, фізіятэрапеўтычны і масажны кабінеты. Для таго каб маленькія выхаванцы атрымлівалі рацыянальнае і збалансаванае харчаванне, харчаблок абсталявалі сучаснымі тэхналагічнымі прыборамі, якія дазваляюць захоўваць больш вітамінаў і карысных рэчываў у прадуктах. Мноства магчымасцей прадастаўляе сад і для інтэлектуальнага развіцця, напрыклад, тут працуе лега-цэнтр. У кабінеце псіхолага і сенсорным пакоі дзеці змогуць адпачыць, расслабіцца, зняць напружанне. Творчыя здольнасці яны будуць праяўляць у музычнай зале, а таксама ў студыі выяўленчага мастацтва.

У тым, што ў новай установе адукацыі створаны выдатныя ўмовы для арганізацыі вучэбнай і гульнявой дзейнасці, змаглі ўпэўніцца ганаровыя госці, якія прыехалі на ўрачыстую цырымонію адкрыцця сада: Сямён Барысавіч Шапіра, старшыня Мінскага аблвыканкама; Віктар Аляксандравіч Гумінскі, намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу; Уладзімір Уладзіміравіч Мірановіч, старшыня Барысаўскага райвыканкама; Галіна Мікалаеўна Казак, начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама, і інш.

Старшыня мінскага рэгіёна адзначыў, што гэта шосты за апошнія паўтара года дзіцячы сад, які адкрываецца на Міншчыне, у хуткім часе наваселле адзначаць дашкаляты ў вёсцы Ляскоўка Мінскага раёна. “Бацькі, добрасумленна працуючы, ствараюць абставіны для таго, каб дзеці раслі ў добрых умовах, атрымлівалі добрую адукацыю, жылі ў ладзе і згодзе”, — падкрэсліў Сямён Барысавіч Шапіра. Загадчыца ясляў-сада Вольга Анатольеўна Вячэрская паабяцала, што калектыў установы зробіць усё магчымае, каб дзецям было добра, а іх бацькам спакойна: “Упэўнена, што кожную раніцу дзеткі будуць спяшацца да нас з нецярплівасцю, сад стане домам радасці для кожнага з выхаванцаў”.

Дар’я РЭВА.
Фота Нікі РАМАНОЎСКАЙ.